Выбрать главу

— Ці не лепш было б знянацку, уночы, каб яны спалі. Так і парабкі не змаглі б уцячы. А калі ўдзень, як пан кажаш, дык некаторыя могуць збегчы...

— Адразу відаць, што пан Вайтовіч не служыў у войску, — зарагатаў Запольскі. — Нікуды вашы парабкі не дзенуцца. Як голенькіх птушанят у гняздзе, возьмем іх у Світалаўцы. I ўсё гэта будзе менавіта знянацку...

— Каханы мой, у першы ж вечар пасля вызвалення Світалаўкі будзеш маім дарагім госцем на дзедаўскай сядзібе... На гэты раз я вазьму сваіх парабкаў за каўнер! Досыць з імі цырыманіцца. Пан паможа мне, праўда?

— Само сабой, калега. Гэта ж наша агульная справа.

Так, стоячы на ганку Вайтовічавай сядзібы, паны капалі ямы для сваіх будучых ахвяр.

Незвычайны госць

Запольскі не мог доўга затрымлівацца ў Караліне. Назаўтра ж уранні выехаў. А Місюк і яго напарнік прабылі яшчэ трое сутак. Штодня надвячоркам яны, нібы на шпацыр, ішлі ў бок стражніцы, а раніцаю вярталіся назад у фальварак. Разам з жаўнерамі-пагранічнікамі прыезджыя нецрыкметна ішлі лесам уздоўж граніцы і прыглядаліся да мясцовасці.

На трэці дзень прыезджыя, а разам з імі і Вайтовіч, паехалі пасля абеду ў горад.

Даведаўшыся, што іхняга гаспадара няма ў фальварку, хлапчукі вырашылі скарыстаць гэта. Падахвоціў Грышу Віця:

— Давай пагонім каровы на вечар бліжэй да мяжы, — сказаў ён. — Там трава добрая ў кустах.

Грыша пакруціў галавою.

— А калі даведаецца пан?

— Адкуль ён даведаецца? Толькі ты маўчы, нават тату майму не кажы. Мы з дзядулем часта ганялі туды, як пан адлучаўся.

— Баюся ўсё-такі, — вагаўся Грыша.

— Як хочаш: ты пастух, а я твой падпасак... Паглядзелі б мяжу і маёнтак нашага пана. Ён, як на далоні, відаць вунь з-за тых кустоў.

— Добра, — згадзіўся нарэшце Грыша. — Толькі кароў не будзем блізка падпускаць.

Грышу даўно хацелася зірнуць хоць адным вокам на савецкую зямлю. Колькі разоў дзядзька Пятро расказваў хлапчукам пра яе. А цяпер ён можа ўбачыць нават сам. Ці ж гэта не спакусліва?

Хлапчукі выгналі статак з аборы раней, каб імець больш часу. Яны не спыняліся з ім ні на выгане, ні на папары, а пагналі проста да кустоў, што ішлі ўздоўж граніцы.

На новым месцы каровы, сапраўды, накінуліся на траву.

— А што я казаў — будуць добра хадзіць, — напомніў пра сваё Віця і паказаў пугаўём на прагал. — Вунь адтуль відаць Світалаўка, хадзем пакажу.

— А салдаты не будуць крычаць?

— Не. Яны і не ўбачаць нас. Мы колькі разоў з дзедам глядзелі і ні разу не сустракалі іх.

Грыша згадзіўся. Хлапчукі падышлі бліжэй і загледзеліся. На тым баку таксама хадзілі каровы, а трохі воддаль — працавалі людзі.

— Што яны робяць там, цікава? Бачыш, колькі іх, — сказаў напаўголаса Віця і з жалем уздыхнуў: — От, каб у нас быў такі бінокль, як у пана, паглядзелі б як след.

Непрыкметна для саміх сябе, разважаючы, хлапчукі крануліся з месца і прайшлі яшчэ нейкую оотню крокаў. Зусім блізка відаць былі пагранічныя слупы. Хлапчукі спыніліся. Ім, асабліва Грышу, які бачыў усё гэта ўпершыню, было цікаіва глядзець, як працуюць там незнаёмыя людзі.

— Гэта, мусіць, школьнікі, — сказаў Грыша.

— Чаму так думаеш?

— Бачыш, якія маленькія.

Віця моўчкі згадзіўся. Можа і сапраўды так. А Грыша, гледзячы туды, у далеч, цяжка, ўздыхнуў і прамовіў:

— От, каб можна было схадзіць туды ды глянуць сваімі вачыма... Знаеш, Віця, як вырасцем ды заробім шмат грошай, паедзем па свеце вандраваць: паглядзім розных людзей — чорных, жоўтых... Нам расказваў настаўнік: якіх толькі людзей няма на свеце...

— І звяроў, і птушак пабачым. Нам гаварыла настаўніца, што ёсць такія маленькія птушачкі, з пчалу велічынёй...

Невядома, дакуль бы размаўлялі так хлапчукі, забыўшыся на свае абавязкі, калі б на тым баку граніцы не рыкнула карова. Ёй адказала, зусім блізка ад хлапчукоў, адна з каралінскага статка. Тады карова з чужога статка рыкнула яшчэ раз-другі.

— Каровы!.. — гукнуў трывожна Грыша і з крыкам: — Куды, Рагуля!.. Куды, Півоня!.. — кінуўся заварочваць. Віця таксама з крыкам пабег уздоўж граніцы.

Але Рагуля і Півоня і не думалі вяртацца. Задраўшы хвасты, яны беглі ў той бок, дзе несціхана рыкала карова.

Грыша памчаўся напярэсцігі, і сам не заўважыў, як следам за каровамі мінуў рабы слуп, за ім другі — з молатам і сярпом.

Тут Грышу не прыйшлося доўга бегчы: зусім нечакана перад ім вырасла постаць чырвонаармейца і пачуўся голас:

— Стой, хлопчык!

Пастушок па інерцыі прабег яшчэ некалькі крокаў і спыніўся. Убачыўшы перад сабой чырівонаармейца, ён сумеўся, заміргаў вачыма, хацеў нешта сказаць, але перасох язык і не знаходзіліся словы.