Выбрать главу

I неяк адразу пацішэла пасля гэтых пастушковых слоў у грамадцы шакаэмаўцаў. Ніхто з іх не бачыў жывога пана, бачылі толькі на малюнках ды чулі ад бацькоў і настаўнікаў. А тут, на табе, перад імі стаіць хлапчук, які церпіць яшчэ панскія здзекі.

— Знаеш, Грыша, што... Не ідзі назад, — параіў Коля. — Заставайся ў нас. Каровы панскія начальнік заставы аддасць, а ты будзь з намі. Наш дырэктар добры, ён цябе прыме. Будзеш вучыцца і працаваць, як мы.

Грыша моўчкі слухаў, міргаў вачыма і глядзеў у той бок, дзе праходзіла граніца. Думкі яго віталі ў Караліне, у Пясках.

— Там жа тата, мама... — адказаў ён коратка, але такім шчырым голасам, поўным скрухі і жалю, што ўсе вучні міжволі пераглянуліся.

Тут ужо яны не ведалі, што і сказаць. У некаторых з іх не было ні таты, ні мамы, але параіць кінуць бацькоў за граніцай, а самому аставацца з імі ні ў кога не павярнуўся язык.

Вывеў з цяжкага становішча сваіх шакаэмаўцаў загадчык школы. Ён і начальнік заставы якраз выйшлі на двор.

— Ну як, падружыліся? — усміхнуўся начальнік заставы.

— Падружыліся, — пачулася адразу некалькі галасоў.

— Што ж гэта вы гаворкаю доўга займаеце хлопца? Вядзіце яго ў сталовую, пачастуйце. Хлопец, можа, не абедаў.

Коля стралой памчаўся на кухню далажыць пра гэта дзяжурнаму. У сталовую за ім пайшлі Маня, Сева і Грыша.

У прадаўгаватай зале, якая з’яўлялася і сталовай, і школьным клубам, было чыста. Дзяжурныя па сталовай рыхтаваліся да вячэры. Зацягваць не было калі, бо ўвечары мелася быць апошняя, генеральная, рэпетыцыя. Ніўскія школьнікі разам са сваім настаўнікам рыхтаваліся паказаць у нядзелю спектакль. У іхняй школе была надта маленькая сцэна. Рэпетыцыі сяк-так праводзілі, а ставіць прыходзілі ў Світалаўку.

Тут, у ШКМ, было дзе разгарнуцца. Хапала месца ўсім.

Першае, што кінулася Грышу ў вочы, як зайшлі ў сталовую, — сцэна ў другім канцы залы. Ён ні разу не бачыў яшчэ ні столькі сталоў, ні сцэны. На момант хлапчук стаў, як укапаны. Над сцэнай вісела доўгая чырвоная паласа, а на ёй вялікімі літарамі было напісана:

«МЫ — ШАКАЭМАУЦЫ — ДЗЕЦІ ПРАЦЫ.

АД ПРАЦЫ МЫ ПРЫЙШЛІ, ДА ПРАЦЫ МЫ ВЕРНЕМСЯ».

Грыша павольна прачытаў напісанае і зірнуў на вучняў.

— А што такое шакаэмаўцы? — спытаў ён.

Сева растлумачыў, што азначала незразумелае слова.

— А гэта Ленін. Правадыр усяго чалавецтва, — паказала дзяўчынка, якую звалі Маняй, на партрэт, што вісеў на сцяне каля сцэны.

— Я ведаю. У нашых хлопцаў, што арыштавала дэфензіва, быў такі, толькі меншы. Яны паказвалі нам.

Пакуль Грыша разглядаў другія партрэты і карціны, на стале з’явіўся абед.

Такога смачнага шчаўя і прасянай кашы з падліўкай і кавалачкамі мяса ў ёй хлапчук не помніў, каб калі еў. Усе трое шакаэмаўцаў сядзелі тут жа і расказвалі госцю пра сваё жыццё, адкуль яны, як вучацца.

Пасля абеду ўсе чацвёра пайшлі хадзіць па Світалаўцы.

— Гэта — яшчэ былыя панскія будынкі, а вось тыя пабудаваў саўгас, вунь у тым доме наш інтэрнат. Мы жывём у ім, — паказвалі і расказвалі шакаэмаўцы.

Грыша не мог утрымацца, каб не сказаць:

— Дзіва што наш пан шкадуе маёнтак. Ён часта праз бінокль глядзіць на яго.

— Скажы свайму пану, як будзе глядзець другі раз, мы яму вось што пакажам, — склаў тры пальцы Сева.

— А што табе, шкада, няхай глядзіць сабе здалёк. Зблізку яму ж не ўбачыць, — засмяялася Маня.

— Няма чаго на чужое і здалёк вытрэшчваць вочы, — падтрымаў Севу Коля.

Толькі аж надвячоркам паклікалі Грышу на заставу. За гэтыя некалькі гадзін пастушок да таго асвойтаўся з новымі сябрамі, што, развітваючыся, ледзь не заплакаў.

Шакаэмаўскія пастушкі прыгналі панскіх кароў да граніцы. На былой дарозе, што калісьці злучала Світалаўку з Каралінай, стаялі з савецкага боку начальнік заставы і два пагранічнікі, а на процілеглым — начальнік стражніцы з двума салдатамі і парабак Галодка.

Убачыўшы здалёк дзядзьку Пятра, Грыша на момант павесялеў, а як падышоў зусім блізка — у яго трывожна забілася сэрца.

Галодка не ўтрымаўся, каб не пакруціць галавою так, што не толькі Грыша, але ўсе вучні, якія праводзілі яго, зразумелі, што чакае хлопчыка.

Як толькі Грыша і каровы апынуліся на самай граніцы, начальнік заставы звярнуўся да тых, што стаялі на другім баку ручая:

— Вашы каровы?

— Нашы, — адказаў Галодка.

— I пастушок ваш?

— I пастушок наш, — пацвердзіў парабак.

— Забірайце, і другі раз каб не пускалі.

— Дзякуем, будзем старацца не пускаць,— зняў шапку Пятро.