— Пане, дзе тая Амерыка і дзе Світалаўка.
Вайтовіч зарагатаў.
— Да чаго ж ты, Петрусь, знявераны... А што, калі праз тыдзень ці два я запрашу цябе ў світалаўскія пакоі на кілішак добрага лікёру? Што скажаш, васпан, тады? — Вайтовіч зноў захадзіў па пакоі, а потым спыніўшыся каля парабка, нахіліўся ніжэй і шапнуў: — А тыя двое, што жылі ў мяне гэтыя дні, думаеш, так сабе аціраліся тут?! Яны вывучалі мясцовасць, пойдуць хутка туды, — кіўнуў ён галавою на ўсход, — даведаюцца, чым дыхае народ. Там цяпер у вёсках такі шурум-бурум пачаўся... Ка-лек-ты-ві-за-цыя,— падняў Вайтовіч палец угору і вымавіў павольна, па складах гэтае новае слова. — Разумееш, Петрусь, што азначае гэтае слова? Не? Аддасі ўсё сваё ў агульны кацёл і будзеш з адной міскі есці разам з суседзямі. Так, так, няхай Петрусь не сумняваецца.
— Цяжка паверыць, пане, бо такіх жа місак вялікіх няма.
— Ёсць, нарабілі ўжо. На гэта вялікай навукі не трэба.
Вайтовіч ужо астыў трошкі ад свайго захаплення і выправіў Галодку паклікаць пастушка. Той давёў хлапчука да дзвярэй, а сам застаўся на ганку паслухаць. Праз адчыненую фортку было добра чуваць, што гаварылася ў пакоях.
Спачатку ўсё ішло лагодна. Пан распытваў у пастушка яшчэ раз пра ўсё тое, што даведаўся ад парабка. Грыша ахвотна расказваў. Ён рад быў, што пан маўчыць пра штраф і не сварыцца, што каровы трапілі за граніцу.
I нямаведама чым скончылася б іхняя гутарка, калі б Вайтовіч не скіраваў раптам гаворкі ў іншы бок:
— Ці сказаў жа ты хаця ім, што гэта мой маёнтак?
— Сказаў.
— Ну, і што яны на гэта?
— Адзін сказаў: «Трасцы з хваробаю ў бок твайму пану, а не маёнтак».
— Ах, галган!.. — заірдзеўся Вайтовіч. — Я ж яму пакажу, як вярнуся ў Світалаўку. Ты добра яго запомніў?
Але Грыша не адказаў на панава пытанне, ён працягваў гаварыць далей:
— А другі сказаў: «Калі пан будзе ў наш бок глядзець, дык мы вось што пакажам яму», — Грыша склаў тры пальцы і паказаў гаспадару фігу-
Усяго мог чакаць Вайтовіч, толькі не гэтага. Ён аж затросся ўвесь. Твар умомант наліўся крывёю. Ад злосці і знявагі ён затрос кулакамі і накінуўся, як драпежнік, на Грышу:
— Яны гаварылі, а ты рад пераказваць усякую брыду... Я табе пакажу трасцу з хваробаю...— крутнуў ён Грышу за вуха.— Ты знарок, шэльма, пусціў туды каровы... — Потым схапіў за другое вуха і, тупаючы нагамі, трос хлапчукову галаву і крычаў, што меў сілы: — Скуру злуплю з жывога, у турме згнаю... Бацькоў жабракамі пушчу па свеце за штраф...
I крыўда, і боль, і страх, што пан можа пакараць за гэта бацькоў, — усё зблыталася ў Грышавай галаве. Ён не мог больш стрымаць сваёй злосці і з усяе сілы ўдарыў пана кулаком спаднізу ў жывот. Вайтовіч войкнуў, захістаўся, выпусціў з рук пастушковы вушы і, сагнуўшыся ў тры пагібелі, грузна апусціўся на канапу. Грыша шмыгнуў за дзверы.
— А-ай! — пачуўся праз момант немы голас у панскіх пакоях.
— Зыгмусь, што з табою? — выбегла з бакоўкі жонка. Убачыўшы збялелага мужа, яна кінулася на кухню па ваду. Вайтовіч выпіў глыток, другі, аддыхаўся і прагаварыў:
— Альбіна, любая, забіць хацеў той галган.
— Ты закрычаў такім страшным голасам, што я ўтрупянела ўся. Выпі яшчэ трошкі, палягчэе, — паднесла кубак з вадой Альбіна. Вайтовіч глынуў, абцёр пальцам вусы і з гневам прамовіў:
— Узяў на сваю галаву служку! Гэта ж забіць мог...
— Гэтак моцна выцяў?
— О, так. Ведае, шэльма, куды цаляць.
— Мог яшчэ і Банадысь гэта лета папасвіць. Усё ж стары чалавек, смялей. А цяпер яшчэ са стражніцы штраф прышлюць.
— Не прышлюць. Адносін начальнік не захоча псаваць. Мала ён папіў тут гарэлкі, — абвёў вачыма пакой Вайтовіч і, разагнуўшы спіну, ласкава звярнуўся да жонкі: — Скажы, даражэнькая, пакаёўцы, каб паклікала Петруся.
Галодка стаяў на ганку і чуў усё. Па немым панскім голасе ён адразу здагадаўся, што адбылося ў пакоі. Хлапчук выбег на ганак і не адразу ў цемені заўважыў Пятра, а той расхінуў рукі ў бакі і Грыша трапіў у абдымкі.
— Што ты натварыў, хлопча... — прашаптаў парабак.
— А навошта ён так моцна круціў за вушы... Казаў, тату з мамай жабракамі па свеце пусціць за штраф. Ну, я і не вытрываў...
— Добра ты зрабіў, толькі куды ж табе цяпер падацца? Пан, як піць даць, прагоніць... Відаць, прыдзецца ісці ў Пяскі да бацькоў.
— Не пайду я дадому. Тата біць будзе.
— I то праўда — лепш не ісці. Калі вернешся, дык пан законам сышча з бацькоў штраф...
У цемені пачуліся крокі.
— Мусіць, па мяне бяжыць пакаёўка, — шапнуў Пятро. — Ідзі ты, Грышачка, дахаты, а я паслухаю, што пан скажа, і, прыйшоўшы, раскажу.