Выбрать главу

Грыша доўга стаяў, гледзячы ў той бок, дзе быў некалькі гадзін назад. Цёпла і радасна стала ў яго на сэрцы, што побач жывуць такія добрыя і такія ласкавыя суседзі.

«Чаму мой тата не жыве ў Світалаўцы? — пашкадаваў Грыша, узіраючыся ў змрок. — I я мог бы так працаваць, як тыя вучні, і вучыцца кожны год у новым класе. Добра ім там, спяць сабе цяпер і ніякае бяды. А можа, глядзяць, як рыхтуюцца да спектакля ніўскія школьнікі. Каб хоць раз паглядзець, што гэта за спектаклі...»

Хлапчук раптам прыгадаў бацькоў і здрыгануўся: яго апанаваў страх.

У іх і так не хапае хлеба, а пан сышча штраф. Апошняе прададуць.

«Калі не пайсці ў Пяскі, дык можа ўсё і абыйдзецца... Не пайду», — цвёрда вырашыў хлапчук. Ён саступіў з ганка і павольна пайшоў у процілеглы ад Пятровай хаты бок. Вочы прывыклі ўжо да цемені, і знаёмая дарога стала не такою страшнаю, як здавалася спачатку.

Пятро не застаў дома Грышы. Віця спаў адзін. Гарэла газнічка. Антосі дома не было, і не было ў каго спытаць пра хлапчука. Пятро зірнуў на печ, пад ложак, думаў, Грыша ад страху схаваўся дзе, і, не знайшоўшы, выйшаў на двор. Паглядзеў за хатаю, ціхенька гукнуў у адзін бок, у другі, ніхто не падаваў голасу.

«Людцы мае, куды ж ён мог падзецца супроць ночы? Яшчэ зробіць што з сабою, узяўшы ў галаву»... — непакоіўся парабак.

Не прыйшлося Пятру выканаць на гэты раз панскі загад. Дарма ўсю дарогу — ад пакояў да хаты — прыдумваў ён, як сказаць хлапчуку, каб ішоў з Караліны, куды вочы глядзяць.

Грыша зрабіў гэта сам, не дачакаўшыся, пакуль скажа Вайтовіч.

У дружнай сям’і

Знаёмая дарога зноў прывяла Грышу на савецкую заставу. Не мала набраўся ён страху, пакуль дайшоў. Учора ўдзень выйшла неяк проста: ён пабег адварочваць каровы і апынуўся на другім баку граніцы.

Уночы было страшней. Дайшоў да кустоў і задрыжаў ад нечаканага шолаху. Спужаўшы птушку, ён не менш за яе спалохаўся сам.

Але страх паволі мінаў, і хлапчук зноў, асцярожна ступаючы, пайшоў наперад. Наблізіўся да граніцы і прытаіўся.

На ўсходзе пачало святлець. Ясней праступілі абрысы пагранічных слупоў. Упэўніўшыся, што паблізу нікога няма, пастушок прыгнуўся і ціхенька падаўся ў бок выгана, дзе ўчора хадзіў школьны статак. Толькі апынуўшыся за слупамі, ён перастаў дрыжаць, дыхнуў на поўныя грудзі і нават перахрысціўся, што скончылася ўсё добра.

Пра новае здарэнне на граніцы дзяжурны адразу ж далажыў начальніку заставы.

— Спадабалася яму тут,— усміхнуўся начальнік заставы Свірын і адказаў дзяжурнаму ў трубку: — Я прыду зараз.

Калі ён увайшоў у дзяжурку, Грыша ўстаў з крэсла і перш, чым дзяжурны аддаў начальніку рапарт, прывітаўся:

— Дзень добры, пану!

— Дзень добры, Грыша, але паноў у нас няма. Яны там, адкуль ты прыйшоў.

Прыняўшы рапарт, Свірын паклікаў хлапчука і пайшоў з ім да сябе ў кабінет. Пасадзіў на крэсла, і сам сеў насупраць.

— Ну, расказвай, Грыша, хто цябе прывабіў тут? Школа ці, можа, тая светлавалосая школьніца, што махала табе ўчора хустачкай на развітанне?

Грыша пачырванеў, апусціў вочы і нічога не адказаў. Ён страшэнна здзівіўся, адкуль начальнік ведае, што яму сапраўды ўспаміналася Маня.

— Не чырваней, Грыша, я пажартаваў, — падняўся Свірын і правёў рукою раз, другі па ўскудлачаных хлапчуковых валасах. — Пастрыгчыся трэба, а то што ж ты з такімі валасамі ходзіш улетку.

Ніхто так ласкава не гладзіў Грышу, хіба толькі бацька, ды і то рэдка-рэдка. Гэта расчуліла хлопчыка. Ён заміргаў вейкамі, шмаргануў носам. Свірын злёгку падняў за падбародак Грышаву галаву і зірнуў у яго вільготныя вочы. Хлапчук устаў з крэсла.

— Ну, які ж ты мужчына пасля гэтага... Я не скажу нікому пра гэта і ты, глядзі, не рабі больш так,— жартаўліва пагразіў пальцам Свірын.— А цяпер сядай і расказвай пра ўсё. Пачынай з таго, як перайшоў учора ад нас праз ручай, — прысеў і сам начальнік.

Грыша зноў пацягнуў носам, правёў рукавом па верхняй губе і, супакоіўшыся, пачаў расказваць пра ўсё, што адбылося з ім, як выбег з панскага пакоя і аж пакуль не апынуўся тут, на заставе.

— Дык ты што ж, прыйшоў скардзіцца на пана?

— Не, я зусім уцёк ад яго. Мне ўчора Сева і Коля казалі аставацца ў іх.

— Учора запрашалі, а за ноч маглі раздумаць... Цябе хто ж праводзіў да нашай мяжы, дзядзька Пятро ці польскі салдат? — пазіраючы ў твар хлапчуку, нібы між іншым, спытаў Свірын.

— Ніхто не праводзіў, я ж вам казаў толькі што: адзін ішоў. Няўжо вы забыліся?

— Ці ж усё запомніш, што нагаварыў ты сёння тут, — павёў брывамі Свірын. — А што пан сказаў дзядзьку Пятру, ён жа выклікаў яго пасля цябе?