Выбрать главу

— Буду, — згадзіўся Грыша.

— Мы яго возьмем у сваю брыгаду, Ігнат Міхайлавіч, — звярнуўся Коля.

— Чаму вы возьмеце? Можа Маня захоча ўзяць ці Сева? — зірнуў загадчык школы на брыгадзіраў.

— Канешне возьмем, — адказалі тыя ў адзін голас.

— Але ж я першы папрасіў вашага дазволу. Акрамя таго, Ігнат Міхайлавіч, я вазьму яго да сябе жыць.

— А бацькі не будуць на цябе сварыцца за гэта?

— Не, ён разам са мною спаць будзе.

— Ну што ж, тваё ўзяло. У нас з інтэрнатам цяжкавата. Схадзі з ім на кухню, няхай паснедае і адвядзеш дахаты.

— Дзякуй, я паснедаў у іх, — паказаў Грыша на начальніка заставы. — Я разам з усімі на поле пайду.

— Добра, ідзі, калі паснедаў. Там весялей табе будзе. На абед прыходзь у сталовую... Ідзіце, дзеці, не марудзьце. Жняярка ўжо даўно жне.

На полі брыгадзір даў Грышу самую лёгкую работу — накладваць кучкамі зжаты авёс, каб выходзіў сноп.

— А следам за табою будуць вязаць. Вучыся, як робяць твае новыя сябры перавяслы, як вяжуць снапы, каб самому ўмець. У нас кожны шакаэмавец павінен умець рабіць усю гаспадарскую работу.

Вялікай навукі вязаць снапы не патрабавалася. Перавяслы круціць Грыша ўмеў. Яшчэ малога яго навучыла гэтаму маці. Трэба ўзяць жменьку зжатага аўса, а калі маленькі, дык вырваць з карэньчыкамі — тады перавясла будзе даўжэйшае — падзяліць на дзве часткі, злажыць вяршкі, пасля ўзяць адну частку пад паху, а другую скруціць, потым перамяніцца, і перавясла гатова. Ды якое моцнае, не разарваць! А вязаць яшчэ лягчэй: пакладзі перавясла, на яго кучку аўса, туга закруці абодва канцы ў правы бок і падаткні іх пад перавясла ад вяршкоў да камля, каб не раскруціліся.

Як толькі брыгадзір звязаў сноп, Грыша следам за ім зрабіў тое ж самае.

— О, дык ты ўмееш добра вязаць, — пахваліў Коля. — А чаму ж ты не казаў нічога?

— Вы ў мяне не пыталі.

— Я думаў, ты пастушок толькі і гэтай работы не ведаеш. Тады давай адразу назбірвай сноп і вяжы. Як шмат навяжаш, саставіш у бабкі па тры — чатыры снапы, каб не паваліў вецер.

3 якім гоманам, з якой весялосцю вярталіся шакаэмаўцы пасля работы. Кожнаму хацелася расказаць нешта цікавае і незвычайнае.

Каля саду Сева са сваімі хлапчукамі чакаў Колеву брыгаду. Першае, што спытаў ён у Колі, гэта пра навічка:

— Ну, як, не стаміўся ён?

— Не, — адказаў Грыша сам.

— Ён, аказваецца, умеё снапы вязаць, — як вялікую навіну, сказаў Коля Севу.

— А чаму ж яму не ўмець? Ён такі ж, як мы, сялянскі хлапчук.

Маніна брыгада першая прыйшла ў сталовую — ім бліжэй было з агароду. Пакуль астатнія прыйшлі са жніва, яны паспелі памыцца.

— А што пасля абеду будзем рабіць? — спытаў Грыша ў хлапчука, які сядзеў побач з ім за сталом.

— Хіба табе не сказалі? Як паабедаем, я пакажу табе распарадак сённяшняга дня. Вунь ён каля таго акна вісіць,— паказаў хлапчук у другі бок залы. — Тры гадзіны пасля абеду адпачынак.

— Спаць столькі? — здзівіўся Грыша.

— Чаму спаць? Можна пагуляць у валейбол ці ў гарадкі. А то кнігу цікавую пачытаць у цяньку. Як хто хоча. А пасля зноў пойдзем вязаць авёс.

За сталамі праца кіпела таксама дружна, як і на полі: без гоману і шуму.

Грышу ні на момант не пакідалі аднаго. Не паспеў ён вылезці з-за стала, як яго запрасілі гуляць у валейбол.

— Я не ўмею, — засаромеўся хлапчук.

— Навучышся, — падахвочвалі яго новыя сябры. — Станеш у нашай камандзе.

— Грыша, калі не ўмееш у валейбол, дык хадзем з намі ў гарадкі згуляем, — клікалі другія.

— Не перахоплівай. Я першы запрасіў,— і, паклаўшы руку на плячо Грышу, адзін з хлапчукоў пайшоў з ім побач да валейбольнай сеткі.

У цікавай гульні, як і ў шчырай працы, непрыкметна бяжыць час. Так было і на гэты раз: не паспелі агледзецца — дзяжурны абвясціў канец перапынку, пара было збірацца на работу.

Лёня пакідае бацькоў

Пасля снедання ўсе разышліся хто куды: адны гуляць, другія ў грыбы, трэція селі за кніжкі.

Грыша пакуль што ні ў якія гурткі не запісваўся. Больш за ўсё чытаў. Цяжкавата было першыя дні па-беларуску, але неўзабаве яго нельга ўжо было адрозніць па чытанню ад шакаэмаўцаў.

Асабліва падабаліся Грышу казкі. Зачытаецца і забудзе пра ўсё на свеце. То ён плыве разам з героем за моры і акіяны, каб знішчыць змея і зрабіць добрую справу — вызваліць заняволеную прыгажуню, то шукае ў цёмную купальскую ноч папараць-кветку. Гэта ж яна прыносіць шчасце тым, хто не збаіцца жахаў і сарве яе. Ён, вядома, не збаяўся б. Праз граніцу страшней было ісці і то пайшоў адзін сярод ночы.

Грыша міжвольна перанёсся думкамі ў Караліну, адтуль у Пяскі.