— Гад!..
— Буржуй! — пачуліся грозныя галасы шакаэмаўцаў.
Доўга не маглі супакоіцца ў зале. Апусцілі заслону, выйшаў ніўскі настаўнік, падняў руку, каб суцішыць расхваляваных дзяцей.
— А за што ён, гад, б’е пастушка бізуном?
— Хто яму даў права?
Настаўнік стаяў з паднятай рукой і чакаў цішыні. Гул паволі сціхаў і раптам пачуўся рэзкі голас:
— Чаму Вася каменем не смальнуў яму ў тоўстае пуза?
— Пацярпіце трошкі, убачыце...
Пакуль драматычны гурток ніўскай школы рыхтаваўся паказваць на сцэне світалаўскай ШКМ першую дзею п’есы, у Ніве адбылося вось што.
Лёня Камейша, вучань шостага класа, таксама сабраўся пайсці разам з усімі на спектакль. Бацька яго, адзіны аднаасобнік у вёсцы, загадаў весці пасвіць каня. Хлапчук адмовіўся.
— Усе ўступілі ў калгас, іхнія коні пастух пасе, а вы ўсё не так, як людзі...
— Дык гэта ўжо не іхнія коні, а калгасныя. А я цябе пасылаю свайго пасвіць.
— Усё роўна не павяду. Вунь усе пайшлі на спектакль, а чым я горшы?
Раззлаваны, Рыгор схапіў сына за каўнер, даў лупцоўку і штурхануў у кут.
Лёня стаяў паміж двума ложкамі і плакаў, а Рыгор хадзіў па хаце, як утрапёны:
— Мала яшчэ дапякаюць мне аднаасобніцтвам людзі, дык і ты ім памагаеш. Бацька я табе ці не?
Хлапчук падцяў зубамі ніжнюю губу, зірнуў з-пад ілба на бацьку.
— Не. Калі не хочаце ісці ў калгас, дык і не бацька.
— Вунь што... — аж пачырванеў Рыгор.— Гэта падзяка бацьку за тое, што выгадаваў такога неслуха?..
Лёня маўчаў. I ад гэтага злосць яшчэ больш разбірала Рыгора.
— Ну, калі я табе не бацька, дык ты мне не сын. Ідзі ў свой калгас, няхай ён цябе корміць і бацькам будзе...— пагразіў Рыгор.
— I пайду,— рашуча ступіў хлапчук з месца.
— Ідзі, ідзі, — схапіў бацька з шастка халацік з саматканага сукна, а са сцяны шапку і шпурнуў сыну. Вопратка ўпала на падлогу.
Хлапчук падняў яе, моўчкі надзеў шапку, узяў пад паху халацік і знік за дзвярыма. Рыгор стаяў сярод хаты і глядзеў праз акно, як сын адчыніў весніцы, выйшаў на вуліцу, зноў зачыніў іх, і, не зірнуўшы нават на хату, пашыбаваў у бок Світалаўкі.
«О, гэта сыночак!.. Яшчэ ён будзе прымушаць мяне ў калгас ісці. Хочаш паспытаць агульнага хлеба, дык ідзі сам. Абрыдла бацькаў есці,— паспрабуй свайго», — не супакойваўся Рыгор.
Так з халацікам пад пахай і зайшоў Лёня на спектакль. Сцішыўся ў куточку ля дзвярэй, каб яго не заўважылі, і з прагнасцю глядзеў на сцэну. Ён пазнаў на сцэне вучняў з іхняй школы, і яшчэ большая крыўда агарнула яго. Ці ж не змог бы і ён гэтак сама выступіць? Мала таго, Рыгор нават не дазваляў сыну дэкламаваць тыя вершы, што вывучалі ў школе.
У перапынку паміж першай і другой дзеямі дзеці заўважылі Лёню і абступілі яго.
Дзіцячыя сэрцы надзвычай чулыя да чужой бяды. Можа таму, што дзеці яшчэ толькі ступаюць на жыццёвы шлях і свае нягоды не кранулі тонкіх струн іхняга сэрца...
Лёня расказаў пра ўсё, што сталася з ім. Ніўцы адзін перад адным пачалі запрашаць ісці да іх у сям’ю, але хлапчук адмоўна ківаў галавой — у Ніву яму дарогі няма. Тады шакаэмаўцы пашапталіся між сабой і сказалі да ніўцаў:
— Мы папросім Ігната Міхайлавіча, каб узяў яго да нас. Будзе тут і вучыцца і жыць.
Хутка адшукалі загадчыка школы Савасцюка і разам з Лёнем пайшлі да яго. Лёня з жалем у голасе расказаў загадчыку пра ўсё тое, што перад гэтым гаварыў вучням.
— Ігнат Міхайлавіч, вазьміце ў нашу школу. Куды ж яму цяпер ісці, калі бацька з хаты выгнаў?.. — прасілі шакаэмаўцы.
— Добра, параімся з завучам, — адказаў той.
— У нас яшчэ са стыпендыяй Васільцу не ўладжана, Ігнат Міхайлавіч, а тут новы клопат, — напомніў завуч, калі Савасцюк расказаў яму пра здарэнне з Лёнем.
— А што рабіць, Аляксей Захаравіч? Дахаты хлапчук катэгарычна адмовіўся вяртацца...
— Калгас няхай возьме...
— Мы лепш дамовімся, каб калгас даваў усё неабходнае на ўтрыманне яго, а пакінуць хлапчука трэба тут. Мы ж не толькі павінны вучыць дзяцей грамаце, прывучаць іх да работы, але і выхоўваць з іх будаўнікоў калгаснага ладу. А ў хлапчука на гэтай глебе з бацькамі разлад.
Завуч хацеў яшчэ нешта сказаць, але загадчык школы паклікаў Севу і сказаў, каб той узяў Лёню ў сваю брыгаду.
— Сёння няхай паспіць з кім-небудзь на адной пасцелі, а заўтра ўладзім.
На сцэне, перад заслонай, з’явіўся ніўскі настаўнік і запрасіў сесці.