Пачыналася другая дзея п’есы.
Федзева магіла
Заняткі ў школе ішлі поўным ходам. Вярнуліся з канікул усе вучні з далёкіх вёсак, прыйшлі навічкі. З’явіліся адзетыя ва ўсё крамнае дзетдомаўцы. Новенькія чорныя гарнітуры іх вылучаліся сярод саматканых світак і шарачковых штаноў сялянскіх дзяцей. Прывыкшы за некалькі гадоў адно да аднаго, дзетдомаўцы і тут на першым часе трымаліся асобнай купкай.
Палягчэла цяпер тым шакаэмаўцам, што аставаліся на лета ў Світалаўцы. Многім з іх — сіротам — не было куды ехаць, а іншыя з’ездзілі на які тыдзень праведаць бацькоў ці родных ды адразу ж назад. Тут ім і весялей было і жылося лепш.
Цяпер, як сабраліся ўсе сто шэсцьдзесят восем вучняў, працаваць даводзілася зусім патрошку: радзей прыходзіла чарга пасвіць, ісці дзяжурыць на кухню. Калі правільна размеркаваць дзень, дык часу хопіць на ўсё: і папрацаваць, і павучыцца, і пагуляць. У ШКМ на ўсё адводзіліся пэўныя гадзіны. Калі на дварэ, скажам, ідзе дождж і на поле ці на агарод нельга ісці, дык работа заўсёды знойдзецца ў майстэрнях, у класе.
Увосень галоўная праца была на полі ды на агародзе. Сад яшчэ быў малады і пладоў не даваў. Усе дваццаць гектараў школьнай зямлі былі разбіты на маленькія доследныя ўчасткі. Араў увесь майдан трактар з саўгаса.
Вучняў на полі было шмат, і прада спорылася.
На выкапаных бульбяных участках сямікласнікі, як больш дарослыя і старэйшыя, адразу баранавалі, сцягвалі бульбоўнік. Следам за імі хадзілі адны з кошыкамі і збіралі бульбу, другія з віламі — вытрасалі бульбоўнік ад пяску і скідалі ў кучы.
Пасля абеду некалькі вучняў пятага класа, а разам з імі Грыша, пайшлі ў грыбы. Надта ж многа з’явілася апенек. Надвор’е спрыяла, і яны раслі велізарнымі сем’ямі каля пнёў, на пнях.
Дарога ў лес ішла паўз могілкі. Грыша ні разу яшчэ не быў у гэтым баку. Усё яму тут было незнаёма.
— Зойдзем на Федзеву магілу? — спытаў адзін з грыбнікоў.
— Зойдзем, — коратка адказалі астатнія.
Так ужо вялося між шакаэмаўцаў: хто б ні праходзіў з іх каля могілак, — не абміне, каб не зайсці да аднае магілы. I на гэты раз яны трошкі збочылі налева з дарогі і спыніліся каля жалезнай агарожы.
Кожную вясну дзяўчынкі з ШКМ. ачышчалі магілу і садзілі кветкі. На магіле раслі астры, саранчукі, зялёненькі барвінак.
Першае, што кінулася Грышу ў вочы — на помніку не было крыжа. На адшліфаваным камені была высечана пяцікутная зорка, а пад ёю, напісана:
Камсамолец Федзя Ткачук.
Нарадзіўся 10 снежня 1906 года, загінуў ад варожай кулі 19 чэрвеня 1922 года.
Памяць аб табе, дарагі Федзя, будзе вечна жыць у сэрцах тваіх братоў-камсамольцаў.
Грыша два разы прачытаў надпіс. Хлопцы расказалі яму, што Федзя — старэйшы брат Севы, цяперашняга брыгадзіра другой школьнай брыгады, і расказалі, як ён загінуў.
Лета 1922 года было неспакойнае. Скончылася грамадзянская вайна, замірыліся з Польшчай, людзі прыступілі да мірнай працы, але не хацелася мірыцца з такім становішчам панам, накшталт Вайтовіча, і іх паслугачам: то ў адным, то ў другім месцы з'яўляліся падазроныя людзі паблізу граніцы. Яны шнырылі па цёмных кутках і пускалі розныя чуткі то пра боскую кару за бязбожніцтва, то пра намеры замежных дзяржаў знішчыць бальшавізм. Пры зручным моманце забівалі вясковых актывістаў.
Федзя жыў з маці і меншым братам. Бацька загінуў у дваццатым годзе каля Гродна. Гаспадарку яны мелі невялікую. Каня зусім не было. За тое, што хто-небудзь з суседзяў даваў каня заараць якія гоні, адпрацоўвала Алеся, а часам і Федзя, калі было што па яго сіле.
У дваццаць першым годзе, у трэцюю гадавіну існавання камсамола, Федзя разам з іншымі вясковымі хлопцамі арганізавалі камсамольскую ячэйку ў Русінавічах.
Напалоханая суседзямі, маці спачатку ўгаворвала сына:
— Федзечка, дзіцятка, навошта табе той камсамол? Што ён дасць нам каня ці паможа чым?
— А калі я не буду камсамольцам, дык хіба каня хутчэй прыдбаем? Няўжо камсамол перашкаджае гэтаму?
Ну што магла адказаць на сынавы словы Алеся? Вядома, гэта не перашкаджала адно аднаму. I ўсё ж доўгі час яна крыўдавала на Федзю за непаслушэнства. Мог жа ён спытацца ў маці, запісвацца яму ў камсамол ці не. А то прыйшоў са сходу і хваліцца:
— Мама, я ўжо камсамолец.
За працу ячэйка ўзялася адразу. Перш-наперш з былой карчмы зрабілі народны дом.
Параскідалі баковачкі, зрабілі адну вялікую залу, і ў цёмным кутку змайстраівалі сцэну. Пакуль ішоў рамонт, настаўнік арганізаваў драматычны гурток і падрыхтаваў п’есу Чэхава «Мядзведзь».