Пачаў Свірын гутарку са знаёмства.
— Шмат хто з навічкоў, мусіць, не ведае, што мы суседзі. Вы вучыцеся, працуеце, а мы аберагаем вашу мірную працу. Мэта ў нас з вамі адна — спакойна жыць, добра вучыцца і мірна працаваць. Праўда?
— Праўда... — пракацілася па зале.
Дзесяцігадовая настаўніцкая праца прывучыла Свірына да такіх гутарак, калі ўвесь клас ды прысутныя на сходзе прымаюць удзел. Такія гутаркі заўсёды праходзяць жвавей і даюць большую карысць.
— Але ж вы ведаеце, ёсць людзі, якім не па сэрцы наша мірная праца. Яшчэ жывы Вайтовіч, пан гэтых палацаў. Ён разам з іншымі багацеямі хацеў бы вярнуць сабе гэты маёнтак. Толькі як жа вярнуць яго? Граніцу пільна ахоўваюць пагранічнікі. Дык паны пасылаюць цішком розных ворагаў, каб тыя шкодзілі нам.
Такога ворага не цяжка пазнаць і вам, калі яму ўдасца перайсці незаўважаным. На чужой зямлі ён трывожыцца, азіраецца, усяго баіцца.
Пра выпадак з русінавіцкім рыбаком вы не ўсе ведаеце.
...Аднае нядзелі ўлетку дваццаць шостага года Павел Раманчык сядзеў пад вярбою на беразе Нёмана і вудзіў рыбу. Тым часам на другім баку граніцы з асцярогаю выглядаў з куста невядомы чалавек у шэрай сялянскай світцы, з аброццю ў руцэ.
Ад граніцы да алешніку трошкі больш за кіламетр. Чалавек прабіраецца туды, паўзе па нашай зямлі.
«Каб толькі да кустоў дапяць, там меншая небяспека», — так думаў, паўзучы, чалавек. На што спадзяваўся ён, перапаўзаючы граніцу ўдзень? Мо на тое, што днём ходзяць мясцовыя жыхары і цяжка разабраць, хто чужы, хто свой?..
У Раманчыка рыба на хлеб не бралася. Ён устаў пашукаць чарвякоў. Падняў вынесеную веснавой паводкай адну дзеравяку, другую, пагрэбаў рукамі — ніводнага чарвяка няма. Зноў узяў галку хлеба ў рукі, пачаў яе качаць на далонях. Забруджаныя рукі зусім счарнілі хлеб. Задумаўся Раманчык, міжвольна правёў пазногцем па галцы падоўжныя палоскі, затым папярочныя. Галка хлеба нагадала Паўлу «французскую» гранату, асколкам якой ён быў ранены ў дзевяцьсот шаснаццатым годзе.
— Цьфу ты... — плюнуў Павел убок і раптам убачыў, як недалёка ад яго, метраў якіх за чатырыста, сыходзіў з узгорка чалавек. «Хто ж бы гэта? Няўжо каня хто шукае? Можа закурыць у яго ёсць. А то і рыба не клюе, і курыва выйшла», — падумаў Раманчык і пайшоў ад берага насустрач.
Чалавек заўважыў Паўла: збочыў і прыбавіў кроку.
«Эге, выходзіць, ты з нядобрымі думкамі ў галаве блукаеш тут, калі цураешся людзей. Не наш, значыць, — здагадаўся Павел і тут жа вырашыў: — Трэба пераняць яго».
Прыгнуўшыся, Раманчык пабег берагам рачулкі, што ўпадала ў Нёман, каб перасекчы шлях парушальніку. Той разгадаў Паўлаў намер і таксама прыпусціўся з адным жаданнем: «Каб толькі да кустоў, каб толькі да іх паспець...»
«Каб толькі не дапусціць да алешніку», — стараецца Павел забегчы ад кустоў. Тады парушальнік змяніў кірунак у бок сасновага лесу. Прабег сотню крокаў і на момант спыніўся. Потым зноў пабег па дрыгве, праваліўся да калень, выцягнуў адну нагу, другую, абвёў вачыма балота і зусім разгубіўся. Бегчы далей, відаць па ўсім, было небяспечна — можна з галавою праваліцца ў багну.
А Павел ужо тут.
— Стой! Рукі ўгору!
Парушальнік выканаў загад, падазрона акінуўшы позіркам Паўла з галавы да ног. Каб не даць ворагу апамятацца, рыбак мацней сціснуў у руцэ галку хлеба і грозна крыкнуў:
— Назад! Не аглядадца! Паспрабуеш у бок — адразу «французскую» ў плечы запушчу.
Не паспелі яны выйсці з балота на топкую дарогу, як там ужо чакалі іх двое коннікаў.
— Ледзьве пераняў. Хацеў у той лес драпануць, — паказаў Раманчык на высокі сасняк...
Скончыўшы пра Паўлаў подзвіг, начальнік заставы заўважыў:
— Вось таму і моцная наша граніца, што разам з пагранічнікамі яе ахоўвае ўвесь савецкі народ. I вы зможаце добра памагаць Радзіме, калі будзеце пільнымі. Затрымаць ворага вам не так лёгка, а паведаміць нам можаце. Толькі рабіць трэба асцярожна і разумна. Нам абы натрапіць на след ворага, а там ён не вырабіцца з нашых рук...
Гэтым часам хтосьці з вучняў, які выходзіў з залы, вярнуўся і ціха шапнуў:
— Пажар у Воўчым Бродзе.
У зале зашумелі. Тыя, што сядзелі бліжэй да дзвярэй, рынуліся на двор. Сакратар ячэйкі паспрабаваў супакойваць, але гэта не памагло. Следам за вучнямі ён выбег і сам.
Ад Світалаўкі да Воўчага Броду было кіламетраў сем. 3 таго калгаса ў ШКМ вучылася восем чалавек. Яны плакалі, стоячы на двары.
— Не хвалюйцеся, можа там нічога страшнага няма. Мы паедзем зараз туды і пабачым,— сказаў загадчык школы.— Саўгасная пажарная каманда памчалася ўжо.