Выбрать главу

Следам за мужам з бакоўкі выйшла Алеся, прывіталася з незнаёмымі і пайшла на кухню. Неўзабаве адтуль данёсся бразгат пасуды.

Грыша спаў за сталом. Ад святла і чужой гаворкі ён ачнуўся, зірнуў на незнаёмага, калі той павярнуўся да яго леваю шчакою, і ледзь не ўскрыкнуў ад здзіўлення. Няўжо яму здалося? «Гэта ж Місюк!»

Так, гэта быў Місюк і яго напарнік па рабоце Сушчыцкі.

— Ідзі, Грыша, засні на маёй пасцелі, пакуль пад’ядуць людзі,— сказаў Сцяпан хлапчуку.

— Няхай спіць тут, ён нам не перашкаджае, — сказаў Місюк, уважліва паглядзеўшы на Грышу. Надта ж знаёмы здаўся яму хлапчукоў твар.

«Да чаго ж падобны на Вайтовічавага пастушка», — падумаў ён.

Грыша, праціраючы кулаком вочы, моўчкі злез з лавы, у трусіках выйшаў за дзверы, быццам бы па пільнай патрэбе.

— Сын? — кіўнуў Місюк галавою на дзверы, калі хлапчук зачыніў іх за сабою.

— Не, — адказаў Сцяпан. — Кватарант. Разам з сынам у «Шакаэме» вучыцца. Мой паехаў з экспанатамі на раённую выстаўку. Заўтра ж «Дзень ураджаю», свята земляробаў.

— Трэба будзе і нам наведаць, калі паспеем, — сказаў Місюк свайму напарніку.

— Будзе відаць, — адказаў абыякава Сушчыцкі.

Місюк прапусціў гэтыя словы міма вушэй. Яго цяпер непакоіла другое: як мог апынуцца тут пастушок? I чаму Вайтовіч нічога не сказаў, калі ён тыдзень назад быў у Караліне?

Вярнуўшыся з двара ў хату, Грыша пайшоў не на сваю пасцель, а ў бакоўку. Місюк уважліва правёў хлапчука позіркам і ўпэўніўся ў здагадцы.

— Забірай, Грышачка, сваё адзенне, каб не перашкаджала людзям, — сказаў наўздагон хлапчуку Сцяпан.

— Няхай ляжыць, яно нам не перашкаджае, — адказаў Місюк і ўсеўся на Грышавы штаны і сарочку, якія ляжалі тут жа на лаве.

Грыша і сам не пайшоў па адзенне. Чуваць было, як ён варочаўся на пасцелі. Гэта зусім супакоіла Місюка і ён сказаў:

— Гэта ж трэба так заблудзіцца. Маглі за мяжу да паноў трапіць. От бы ўжо ўсыпалі нам па двадзесце пенць.

Незнаёмыя зірнулі адзін на аднаго і зарагаталі.

— У такі туман, як сёння, заблудзіцца не дзіва... Тут на сваім пасёлку можаш на суседні плот узбіцца, не то што чужым людзям, па незнаёмых сцежках блукаючы. А да мяжы вам яшчэ ісці ды ісці,— і каб перамяніць гаворку, гукнуў жонцы:

— Ну, скора ты дасі людзям есці!

— Дай кубкі памыць. Увечары пакінула так, а цяпер не даскрабешся. Крой там пакуль хлеб...

Сцяпан зняў з бэлькі бляшанку з тытунём, паставіў на стол і прапанаваў закурыць, пакуль старая збярэ паесці, а сам пачаў кроіць хлеб.

Закурваць мужчыны не сталі. Місюк насыпаў у насовачку добрую жменю самасаду, завязаў на вузялок і паклаў у кішэню. Затым адсунуў бляшанку, падзякаваў і зноў вярнуўся да ранейшай гаворкі:

— Хіба так далёка мяжа, што вы кажаце, да яе ісці ды ісці?

— Гледзячы як ісці: калі напрасцяк, дык вёрст дзевяць будзе, а па дарозе і ўсе дванаццаць набяруцца.

— А як жа ваша вёска завецца? — нахіліў трошкі галаву і прыжмурыў вока Місюк.

— Гэта не вёска, а пасёлак Малады Бор, — адказаў Сцяпан, падкладваючы хлеб кожнаму з мужчын.

Місюк зарагатаў.

— Ці ты, дзядзька, вялікі хлус, ці думаеш, што мы якія шпіёны.

— Чаму? — здзівіўся гаспадар.

— Ці ж гэта Малады Бор?

— А што, па-вашаму?

— Па-нашаму, Русінавічы. I зваць вас Сцяпан Андрэйчык, праўда? Гэта ж вам прыслалі? — паказаў на пісьмо і на газету Місюк.

Сцяпан пачырванеў, знарок паказаў сваю разгубленасць і, махнуўшы рукою, адказаў:

— А няхай вас, няхай... Праўду кажуць людзі: не поп — не прыбірайся ў рызы. Хацеў раз на вяку схлусіць і то няўдачна.

— А навошта ж вам хлусіць?

— Ну, як вам сказаць, — паціснуў плячыма гаспадар. — Розныя людзі поначы ходзяць. Для добрага чалавека і дня хапае, каб зрабіць сваю работу.

— Выходзіць, мы нядобрыя?

— Я пра вас нічога не кажу. У душу чалавеку не залезеш. Думаеце, учарашняй ноччу добры чалавек спаліў калгас у Воўчым Бродзе?

Мужчыны пераглянуліся. Як добра, што гаспадар сам распачаў гаворку пра пажар. Зарыва над Воўчым Бродам яны бачылі самі, а колькі згарэла — не ведалі. А ведаць хацелася і нават патрэбна было.

— I шмат чаго згарэла? — спытаў абыякава Місюк.

— Амаль уся вёска. Двароў дзевяноста. Людзі толькі на новае жыццё браліся, а іх — у галечу.

— Чаму ж у галечу? Дзяржава паможа. Яна ж зацікаўлена, каб людзі ішлі ў калгасы.

— Людзі і самі зацікаўлены калгасамі, не толькі дзяржава. А што на гэтых шнурочках за жыццё? 3 бараной завярнуцца нельга.