Алеся прынесла масла, сыр, паставіла на стол і зноў пайшла на куханьку. Хутка яна вярнулася са збанком і двума кубкамі.
— На большае выбачайце. Чым багаты, тым і рады. Перакусвайце, калі ласка,— запрасіла гаспадыня і адышлася.
— Што вы, гаспадынька, гэта ж каралеўская вячэра, — усміхнуўся Місюк, аблізваючы губы. Ён узяў за вушка збанок, каб наліць у кубкі малака, ды так і не наліў. Што гэта такое? Ці то здалося яму, ці сапраўды патыхнула з бакоўкі ветрыкам і заварушылася фіранка.
Місюк, нічога не кажучы, паставіў збанок на стол, устаў з лавы і расхінуў абедзве полкі фіранкі. Так, яму не здалося. Сапраўды, адтуль патыхала свежым паветрам праз адчыненае насцеж акно, і Грышы на пасцелі не было.
У адзін момант Місюк усё зразумеў.
— На заставу паслаў кватаранта? — кінуўся ён да Сцяпана.
— На якую заставу? Ён жа там, у бакоўцы.
— Пакажы, дзе ён? — схапіў Місюк Сцяпана за каўнер і павярнуў тварам да бакоўкі. Ён ірвануў фіранку, нітка парвалася, і абедзве полкі яе ссунуліся на зямлю. Ад святла лямпы было добра відаць усё ў спальні.— Ну, дзе ён? Дзе?
— Не ведаю, толькі я не пасылаў яго нікуды, — адказаў Сцяпан.
— А хто, я паслаў? Ён? — паказаў Сушчыцкі на Місюка і так урэзаў кулаком у патыліцу Сцяпану, што той не ўстаяў на нагах.
Алеся залемантавала, забегала па хаце.
«Каморнікі» кінуліся прэч за дзверы. Ад парога ўжо Місюк вярнуўся назад, схапіў са стала акраец хлеба і выбег следам за Сушчыцкім.
— У які бок? — спыніўся Сушчыцкі каля веснічак.
— Хвіліначку, дай агледзецца. Калісьці я прыязджаў з бацькам сюды. Іхняя вуліца ідзе ў бок мяжы, толькі не ведаю, у які канец мы трапілі.
Але як ні ўглядаліся Місюк і Сушчыцкі ў цемрыва густога туману — нічога разабраць не маглі. Толькі сабачы брэх разлягаўся па вёсцы ды наводзіў на іх большы страх. Марудзіць было нельга. Алесін лямант можа хто пачуць і прыбегчы.
Місюк і Сушчыцкі прыгнуліся за плотам.
— Пайсці ды прыкончыць яго зусім? — падаў думку Місюк, пачуўшы, як Алеся бразнула варотамі ад вуліцы.
— Пайшлі лепш адсюль, ён і так доўга не пажыве,— шапнуў Сушчыцкі.
Трывога на заставе
Грыша, як толькі зайшоў ў спальню, хуценька надзеў святочныя штонікі, сарочку, адчыніў акно і вылез на двор. Памкнуўся быў зачыніць. яго, ды збаяўся, каб не забразджэлі шыбы.
Ад Сцяпана да пагранічнай заставы дарогаю кіламетраў са тры, а праз балота і аднаго не будзе — рукой падаць. Як ісці: дарогаю ці праз балота?
«Пакуль аббяжыш дарогаю, дык і след іх прастыне, — падумаў Грыша і тут жа вырашыў: — Вядома, трэба спяшацца».
Хлапчук падкасаўся і пабег напрасткі. Аж за калені грузнуць ногі. Дарма што восень і гразь халаднаватая, а Грыша аж спацеў увесь.
«А можа гэта сапраўды каморнікі заблудзіліся? I шрам у аднаго такі, як у Місюка, — раптам усумніўся хлопчык. — Што тады? Ну і няхай сабе каморнікі. Правераць дакументы, упэўняцца хто і паедуць. Застава павінна ведаць пра кожнага незнаёмага чалавека, казаў учора на сходзе начальнік. На тое граніца...»
Ну, вось і балота скончылася. Грыша абцёр з ног гразь, адкасаў калашыны, але ў гэту ж хвіліну пачуўся грозны голас:
— Ні з месца! Кладзіся!
Чулае вуха пагранічніка здалёк улавіла хлюпанне па гразі і шолах кустоў. Пакуль Грыша прабіраўся па балоце, дык пагранічнікі падрыхтаваліся сустрэць яго, як сустракаюць кожнага незнаёмца, што трапляе сюды.
Момант Грыша стаяў разгублены, потым ледзь чутным голасам прашаптаў:
— Мы свае, гэта я...
— Кладзіся! — зноў пачуўся той жа настойлівы голас.
Грыша лёг ніц, уцягнуўшы галаву ў плечы. Пагранічнікі падышлі бліжэй.
— Ты хто такі? — спытаў адзін з іх.
— Грыша Васілец з «Шакаэм».
— Але, Грыша, — пазнаў па голасе другі пагранічнік. — Уставай. Куды ты бяжыш?
— Да начальніка, у заставу... Да дзядзькі Сцяпана, дзе я жыву, двое мужчын зайшло. Адзін з-за мяжы. Я пазнаў яго. Ён прыходзіў да пана, калі я пасвіў каровы.
— Сарокін, бяжыце з Грышам на заставу.
Умомант яны зніклі ў густым тумане.
Свірын не клаўся яшчэ спаць, як далажылі па тэлефоне з дзяжуркі пра здарэнне.
— Зараз іду, — коратка адказаў ён.
Што некалькі дзён назад мяжу перайшлі двое мужчын, у заставе ведалі. Натрапілі на след адразу, але нагнаць не змаглі, нават з сабакам: прайшоў дробненькі дожджык і змыў пах чалавечых ног. Усе гэтыя дні стаялі ўзмоцненыя пасты, дзе толькі маглі прайсці парушальнікі.
I вось яны з’явіліся. Трэба было спяшацца, каб не выпусціць з рук.