— Падняць усіх, узмацніць пасты, — загадаў начальнік заставы і сам з двума коннікамі адразу памчаўся у Русінавічы да Сцяпана. Следам за імі пабег праваднік з сабакам.
Грышу начальнік заставы сказаў нікуды не адлучацца, а быць разам з дзяжурным, хоць хлапчук і спяшаўся дахаты.
— Можа іх скора прывядуць, дык ты пазнаваць будзеш. Вось чаму цябе пакінулі тут, — растлумачыў дзяжурны, калі яны асталіся ўдваіх.
Хлапчук трошкі пасядзеў, паглядзеў праз чорныя шыбы на двор і, сказаўшы дзяжурнаму: «Я зараз вярнуся», выйшаў за дзверы.
У дзяжурку Грыша больш не вярнуўся. Калі ён апынуўся на двары, яму да таго захацелася даведацца, ці засталі пагранічнікі Місюка і Сушчыцкага ў вёсцы, што ён не змог стрымаць свайго жадання і памчаўся дахаты.
«Павінны застаць, — думаў Грыша, — яны надоўга расселіся за сталом. Ніхто з іх не падумае, што я пабег на заставу. Шкада, што Колі няма дома, удваіх пабеглі б. Удваіх смялей».
Прайшоўшы трошкі, Грыша хацеў збочыць і ісці праз балота, але прыгадаў, што там зноў могуць затрымаць, і не пайшоў. Да таго ж успомніў, як плёхаўся па гразі, і яго ўсяго аж скаланула. Дзіўна Грышу: сюды ішоў з вялікай ахвотай, не палохала ні гразь, ні цемень з туманам, а назад нават ад шолаху лісцяў чамусьці кідае ў дрыжыкі.
Каля вёскі начальніка заставы і салдата сустрэлі двое калгасных коннікаў. Яны баяліся, ці дабяжыць упору Грыша, і памчаліся на заставу самі.
Усе пяцёра коннікаў прымчаліся да Сцяпана. У хаце было ўжо шмат людзей. Як толькі Місюк і Сушчыцкі выбеглі на двор, Алеся кінулася ратаваць мужа. Яна паспрабавала падняць Сцяпана на ложак і не змагла. Аглушаны, ён ляжаў на падлозе і цяжка хроп. Тады Алеся кінулася да суседзяў прасіць дапамогі. Адны пабеглі да Сцяпана, а двое ў канюшню, каб узяць коней і даць знаць пагранічнай заставе.
— А каб яны галовамі панакладалі, каб яны!..— шаптала Сцяпанава суседка, стоячы каля ложка. — Глядзі, гэта, можа, тыя парушальнікі, што Воўчы Брод спалілі.
— Усё можа быць, — адказвалі ёй жанчыны.
На гэту гаворку і ўвайшоў Свірын.
— Ну, як гаспадар сябе адчувае? — спытаў ён.
— Трошкі ачуньвае,— адказаў калгаснік.— Нашатырнага спірту ледзь знайшлі. Ты зноў капні на ватку і да носа, — параіў ён дзяўчыне, што стаяла ля ложка з бутэлечкай і ваткай у руцэ.— Некалькі разоў ужо міргаў вачыма... О, зноў...
На гэты раз Сцяпан даўжэй глядзеў асавелымі вачыма на прысутных. Алеся трымала ў сваіх руках яго руку і скрозь слёзы прасіла:
— Сцяпанка, зірні, во і начальнік прыехаў. Ну, хоць адным слоўцам азавіся...
Праз хвіліну Сцяпан зноў акінуў позіркам хату і глянуў на Свірына:
— Дзе яны?
— Злавілі іх, Сцяпанка, злавілі. Бачыш, начальнік прыехаў падзякаваць табе і Грышу, — аж не ведала як утрымаць сваю радасць Алеся.
— Ну, нічога, значыць, выжыве, — пракаціўся радасны шэпт між прысутных пасля першых Сцяпанавых слоў.
Свірын так і не даведаўся, у які бок пайшлі злачынцы са Сцяпанавай хаты: ніхто не бачыў. У іх адна дарога, а ты гадай, куды маглі ўцячы яны адсюль.
Неўзабаве прыбег праваднік з сабакам, але Джэк не змог узяць следу: шмат людзей перавярнулася за гэты час у Сцяпанавай хаце.
— 3 нашых рук яны не вырабяцца, — сказаў Свірын на адыходзе, а старшыні калгаса хутчэй загадаў, чым параіў: — Павялічце варту, каб не паўтарылася тое, што ў Воўчым Бродзе.
Місюк і Сушчыцкі гэтым часам сядзелі ў канцы вёскі пад кустом ажыны і, разламаўшы акраец хлеба, елі яго. Ісці ў такі час у невядомую дарогу было рызыкоўна, і сядзець тут цэлы дзень — таксама не меншая небяспека. Учора абышлося добра, дык гэта ж было далёка ад граніцы, а тут могуць з сабакамі знайсці. Праўда, Місюк па слядах пасыпаў Сцяпанаў самасад.
Расседжвацца вельмі не было калі. Трэба ісці, пакуль не развіднела. А куды, у які бок падацца? Пайшлі наўздагад і наткнуліся на плот, што абгароджваў русінавічаўскі выган. Яны прыгнуліся, пералезлі праз сярэднюю жэрдку і апынуліся на выгане. Зноў паўстала адно і тое ж пытанне: «Куды ісці?»
— Ты ж казаў, іхняя вуліца магла б уперціся ў мяжу, калі б яна працягнулася кіламетры два.
— Казаў, — буркнуў Місюк.
— Дык хадзем у той бок, — махнуў Сушчыцкі рукой у цемень.
— А можа ў той? — паказаў у процілеглы бок Місюк. — Як тут разабрацца, дзе ўсход, дзе захад? Трэба ж было ўгробіць компас у Воўчым Бродзе. Каб ён цяпер быў у нас, дык ніякага б клопату.
— Што ты шкадуеш?.. Троха самі галовамі не налажылі, а ён — компас...
— Мне здаецца ўсё ж — у тым баку мяжа, — зноў паказаў на захад Сушчыцкі.
Не ведаючы мясцовасці, яны пайшлі наўздагад у бок ад вуліцы. Перасеклі палявую дарогу, прайшлі трохі полем, сталі на момант, паслухалі і, асцярожна ступаючы, зноў падаліся далей.