Выбрать главу

Следам за сваім новым гаспадаром на пярэдняй лаўцы брычкі, плячыма наперад, сеў Грыша.

— Не сумуй там, сынок. Пан цябе не пакрыўдзіць. А я сяды-тады буду наведвацца, — развясельвала сынаву тугу Ганна, стоячы на ганку. А ў самой аж сэрца аблівалася крывёю: хлапчуку яшчэ матчына ласка патрэбна, догляд, а ён ужо трэці год памагаў карміць сям’ю.

Вайтовіч адпусціў вальней сырамятныя лейцы, цмокнуў, і конь дробненькімі крокамі падышоў да мастка, асцярожна пераступіў праз яго і пабег па вуліцы. 3-пад калёс паляцелі пырскі гразі.

Насустрач пану і Грышу ішлі са школы дзеці. Грыша знарок апусціў галаву, каб тыя не заўважылі яго смутку.

На новым месцы

Пятро Галодка здалёк пачуў ляскат колаў па грэблі і выйшаў насустрач пану. Адчыніў насцеж вароты, прапусціў на сядзібу брычку і зноў заваліў іх жалезнай завалай.

Праехаўшы некалькі метраў між ліпавых прысад, Вайтовіч спыніўся ля ганка. Пятро заспяшыў следам. Вайтовіч падаў лейцы парабку і, злазячы з брычкі, спытаў, ці вярнуўся з горада Некраш. Даведаўшыся, што фурмана яшчэ няма, зірнуў на сонца, пакруціў галавою і здзівіўся:

— Дзе ж ён так забавіўся?

— Не ведаю, пане,— паціснуў плячыма Пятро, хоць пытанне было зусім не да яго.

Вайтовіч таму і ездзіў у Пяскі адзін, што фурман адвозіў у павятовы гарадок начальніка дэфензівы пана Запольскага. Той час-ад-часу наведваўся да сябра ў Караліну: для людскога вока пагасцяваць, а ў сапраўднасці зусім па іншай прычыне.

— Пастушка, Петрусь, вазьмі да сябе пакуль што, а там памяркуем, дзе даць прытулак,— сказаў ужо з ганка Вайтовіч.

— Добра, пане, — адказаў Пятро і крануў лейцамі каня. Хлапчук пайшоў следам за парабкам.

Пакуль Пятро распрагаў каня, пакуль дайшлі да хаты, Грыша збольшага расказаў пра сябе, пра бацькоў, пра сваю вёску.

— Тут табе таксама не будзе сумна. Пасябруеш з нашым Віцем. Ён любіць дружыць. Летась, як пан адправіў Банадыся зусім ужо з фальварка, дык Віця колькі плакаў. Ён будзе рады табе...

Пераступіўшы парог Пятровай кватэры, Грыша адразу зняў шапку, сказаў «дзень добры», нясмела прайшоў да лавы каля сцяны і паклаў торбачку з хлебам. У дарозе ён так і не дакрануўся да яе.

— Антося, паглядзі там чаго перакусіць хлапчуку. Пастушком будзе на Банадысевым месцы, — сказаў Пятро жонцы і звярнуўся да Грышы: — Распранайся, хлопча, будзь, як дома.

Жанчына акінула позіркам пастушка і спытала ў мужа:

— Каторы ж з іх цяпер за старшага будзе: наш ці гэты? Як яго зваць?

— Грыша,— адказаў Пятро.— За старшага, відаць, ён будзе.

— За якую ж плату згадзіў цябе пан? — зацікавіла Антосю.

Грыша сказаў.

— Ото ненасытнае горла, і тут яшчэ пяцьдзесят кіло ўварваў, — пакруціла галавой Антося, потым адхінулася ад прыпечка і растлумачыла Грышу: — Банадысю, што да цябе быў, ён даражэй плаціў.

— Ну, той столькі гадоў пасвіў, стараўся...— заўважыў Пятро.

— Стараўся, стараўся, а як прыйшла старасць, дык, як сабаку, выгнаў — ідзі куды хочаш.

— А чаго ты лепшага хочаш ад пана? Пра гэта ж я табе кожны дзень і дзяўбу: пакуль здаровы ды ногі яшчэ носяць, трэба пра свой лапік зямлі ды хату думаць. А то і з намі гэтак будзе, як з Банадысем.

— Дзіва што будзе...

Антося наліла ў міску капусты, паставіла на стол і запрасіла Грышу:

— Сілкуйся з дарогі, дзіцятка. Прагаладаўся, нябось.

— Дзякую, цётачка, мне мама хлеба паклала ў торбачку.

— Дык от да хлеба якраз гарачая страва добра. Еш.

Хлапчук развязаў торбачку, дастаў хлеб і нясмела падышоў да стала.

Надвячоркам прыгнаў леташніх цялят Віця. Пан загадаў учора выгнаць іх на пашу.

— Ну, вось твой новы начальнік на лета,— пазнаеміў сына Пятро.

Віця ваўчком паглядзеў на Грышу і сказаў бацьку:

— Кароў яшчэ нельга выганяць. Цяляты і то грузнуць. Скажыце пану.

— Скажу... Праз два-тры дні падсохне, калі пастаіць такое надвор’е. Будзеце ганяць пакуль цялят. Дарма ж пан не стане карміць пастуха.

Да шэрай гадзіны хлапчукі падружыліся і, седзячы на лаве каля акна, разглядалі малюнкі ў Віцевай чытанцы. На некаторых старонках спыняліся. Віця тлумачыў, што там намалявана, хоць Грыша і сам добра разумеў.

Віця быў маладзейшы за Грышу на год. Вучыўся ён у трэцім класе паўторна. I сёлета, як летась, настаўніца адпусціла Віцю раней,— паабяцала, што ўвосень пасадзіць яго ў чацвёрты клас, толькі няхай ён улетку чытае больш, каб не забыцца. Бо нельга ж сядзець такому росламу хлапчуку трэці год у адным класе.

— Вось дакуль мы дайшлі,— уздыхнуў Віця.— А гэта было зададзена на сёння. Я ўсё роўна ўрок вывучыў і задачкі парашаў. Учора яшчэ, як прыйшоў са школы. На заўтра вось гэта зададзена.