Выбрать главу

— Ды вы, пане, прысядзьце хоць на лаве, крэслаў у нас няма... Боты знайсці не магу.

— Няма калі, каханы, расседжвацца. Такое няшчасце, такое няшчасце... — тупаў Вайтовіч і сам пачаў углядацца ў куткі, каб дапамагчы знайсці боты.

3-за фіранкі, што завешвала ложак, пачуўся жаночы голас:

— А няхай іх паляруш з тваімі ботамі... Гэта ж я і забылася, што ўчора выставіла ў сенцы. Ты прыйшоў са стайні і не ачысціў іх...

Абуўшыся, фурман пайшоў запрагаць коней, а Вайтовіч — да Пятра.

— Хто там? — пачуўся на стук у шыбу голас з хаты.

— Я, Петрусь. Прашу выйсці на хвілінку.

Пятро пазнаў пана па голасе і здзівіўся, чаго яму трэба ад парабка гэтак рана.

— Такая справа, каханы,— пачаў ласкава Вайтовіч, як толькі Пятро выйшаў на ганак.— Я мушу з жонкай адлучыцца на некаторы час, з калегам у мяне бяда, дык хачу папрасіць цябе, Петрусь, пабыць гаспадаром да майго прыезду.

— Ды ўжо ж, калі пан давярае, магу пабыць.

— Давяраю, Петрусь, давяраю. Глядзі, як сваё. Не пакрыўджу, як вярнуся. Прыдзеш, возьмеш ключы.

Пускацца ў вялікую гаворку не было патрэбы. «Яшчэ невядома, як павернецца справа, — нават у гэтую хвіліну развясельваў сябе Вайтовіч. — Не будуць жа маўчаць саюзнікі Польшчы. Напэўна, запратэстуюць, калі бальшавікі пераступяць мяжу. На ўсякі выпадак трэба ад’ехаць».

I гэта незвычайная даверлівасць, і гэта начная паспешлівасць выклікалі падазронасць у Пятра. Ён зайшоў у хату і расказаў жонцы пра панскае даручэнне.

— Ці не ўцякае ён, глядзі, — падала думку Антося. — На воўка памоўка, а мядзведзь цішком. Так і ён сябравай хваробай прыкрываецца.

— А што думаеш, можа і праўда?.. — згадзіўся Пятро. Не запальваючы святла, ён падаўся да пакояў.

Некраш быў чалавек павольнай натуры і спяшацца не любіў. Запаліўшы ліхтар, ён чысціў скрэблам і шчоткай каня, калі Вайтовіч вярнуўся ад Пятра.

— Ты яшчэ не запрог? — здзівіўся ён.

— Пачышчу яшчэ таго каня ды буду запрагаць, — адказаў зноў спакойна фурман.

— Божачка, калі тое будзе? Запрагай хутчэй.

— Пане, не гарыць жа нічога. Як жа на нячышчаным кані ехаць?

— Рабі тое, што кажуць, — ускіпеў Вайтовіч.

— Магу, — шпурнуў Некраш са злосцю скрэбла і шчотку ў куток. — Мне што — я парабак. Пану брыдка будзе.

— Даўно б гэтак.

Ён памог выкаціць з закутка брычку і пайшоў у пакоі. Каля ганка стаяў Пятро.

— Ты ўжо тут? Зараз, каханы, зараз. Некраш кешкаецца каторы час, — сказаў і знік за дзвярыма.

Неўзабаве Вайтовіч з жонкай чакалі фурмана на ганку. Вайтовіч падаў два чамаданы Пятру і загадаў пакласці пад сядзенне, а трэці сам падаў фурману і дазволіў сесці на ім.

За брамай, на развілцы дарог, Некраш спытаў:

— Куды, пане, загадаеце ехаць?

— На Літву кіруйся. Праз Апечкі.

Некраш усміхнуўся сам сабе і падумаў: «Значыць, праўду казаў Пятро, прыпякло. Збіраўся ў дзедаўскім маёнтку раскашавацца, а тут і свой фальварак цесны стаў... Прыйшоў на вас звод». Ён з радасцю хвасянуў дратаваніцай аднаго каня, другога.

Пад лёскат колаў Вайтовіч пачаў супакойвацца. Як там сабе ні было, яны ў дарозе, і з кожнай хвіляй усё далей і далей ад таго месца, дзе пагражала ім небяспека.

Каля самых Апечак пярэдняе правае кола, трапіўшы ў выбоіну каляіны, хруснула і брычка нахілілася на бок. Фурман ледзь утрымаўся, каб не зваліцца з чамадана. Вайтовіч саскочыў на зямлю і падхапіў жонку.

Усе трое стаялі і моўчкі глядзелі некалькі секунд на зламанае кола. Парушыў маўчанне Некраш.

— Ну вось, пане, якая непрыемнасць...

— А што цяпер будзе, Зыгмунт? — спытала Альбіна.

Фурманавы словы Вайтовіч прапусціў міма вушэй, а на жончыны ласкава адказаў.

— Нічога страшнага, каханая. Мы ўжо далекавата ад мяжы... Знойдзем каваля, ён адрамантуе. Некраш, зайдзі ў першую хату, спытай, дзе жыве каваль.

Але ў хату заходзіць не прыйшлося. Убачыўшы, мусіць, праз акно няшчасце з панскай брычкай, адтуль выйшаў мужчына. Вайтовіч паківаў пальцам, запрашаючы селяніна падысці. Чалавек павольна, не спяшаючыся, падышоў і на панавы распытванні адказаў:

— Каваль жыве пад сярэдзіну вёскі. Там і кузня на агародзе.

— Некраш, здымай кола і глядзі тут коней, а мы сходзім да каваля. Вазьміце кола, — звярнуўся ён да селяніна. — За турботы я заплачу.

— Ды я ведаю, што пан шляхетны і не захоча крыўдзіць беднага чалавека, — шматзначна падміргнуў селянін фурману.

Каваль яшчэ спаў. Работы спешнай не было, дык і ўставаць рана не хацелася. Кавалёва жонка ўходжвалася каля печы і, пачуўшы стук у сенечныя дзверы, выйшла адчыніць. Лежачы ў ложку, каваль выслухаў панаву бяду, прыкінуў, колькі ўзяць, і вырашыў у думках: «Заплаціш, колькі скажу, вы нашай скуры не мала садралі».