Відаць, кавалёвы словы кальнулі Вайтовіча, бо ён дастаў з кішэні і працягнуў кавалю два злотых.
— Гэта ўжо не толькі за фатыгу, але хопіць і на спамінак вашай душы, што быў некалі добры Вайтовіч у Караліне, — сказаў, ледзь стрымліваючыся ад смеху, каваль, беручы грошы.
У натоўпе зарагаталі.
— Назад паедзем? — спытаў Некраш у коннікаў.
— Прыдзецца, — кіўнуў галавой малодшы камандзір. — Куды ж нам на ламанай брычцы ў далёкую дарогу ехаць.
— Сядайце, былыя панове, — звярнуўся фурман да Вайтовічаў, заварочваючы коней. — Будзем кіравацца на Савецкі Саюз.
Ці то пасля адпачынку, ці таму, што дахаты, коні адразу ж шпарка рванулі наперад. Следам за імі паехалі абодва коннікі, а неўзабаве прамчаліся голопам і тыя двое, што ездзілі далей за Апечкі разведаць, ці няма дзе войска.
Амаль ніхто з апечкаўцаў не пайшоў у той дзень на поле, «Колькі тае бульбы — выкапаецца»,—думаў кожны. Затое ў бок тракту, што ішоў на Вілейку, павалілі валам людзі: хто з хлебам-соллю, хто з познімі асеннімі кветкамі. Там калонамі ішлі доўгачаканыя вызваліцелі ад панскага ўціску, і кожнаму апечкаўцу хацелася выказаць сваю падзяку, прывітаць іх.
У адной з такіх калон, толькі па другім шляху, рухаўся са сваім узводам Васілец.
Здарылася так, што яму прыйшлося праходзіць сваю вёску. Ад разведчыкаў вяскоўцы ведалі ўжо, што ідуць магутныя часці Чырвонай Арміі, і высыпалі на вуліцу сустракаць.
Праз Пяскі Грышава часць ехала павольна. Салдатам падносілі кветкі, віталі. Нейкая дзяўчына падала букет і Васільцу, ён падзякаваў, але чыя яна — не пазнаў. Старэйшых за сябе ён пазнаваў, махаў ім рукою, але ніхто не мог пазнаць Мітрафанавага Грышу. Можа і пазналі б, калі б ведалі, што ён тут, у гэтай калоне.
Толькі матчына сэрца прадчувала блізкую сустрэчу. Кожнаму чырвонаармейцу зазірала яна ў твар, усё здавалася: яе Грыша мільгае ў магутнай сіле вызваліцеляў.
Ужо колькі часу ехаў Грыша па знаёмых мясцінах. Тыя ж вузкія палоскі з быльніковымі межамі паабапал дарогі, якія былі пры ім, тыя ж коні ходзяць на выгане, тыя ж пакрыўленыя будынкі з прагнілымі стрэхамі.
Вось і родная хата. Здалёк яе заўважыў Васілец. Той, хто вяртаўся дахаты пасля доўгай адлучкі, ведае, як моцна пачынае біцца сэрца, калі ўбачыш яшчэ здалёк бярозу ці клён, пасаджаныя бацькам.
На вуліцы каля варот стаялі Мітрафан і Ганна. Грыша пазнаў бацькоў. «А чые ж гэта хлопцы і дзяўчына стаяць побач з імі?» — падумаў Грыша. Ён не ўяўляў нават сабе, што за час яго адсутнасці так выраслі браты і маленькая Валя. Яму заўсёды чамусьці здавалася, што дома нічога не змянілася. Нават Янка з Петручком і сястрычка ўсё такія ж гарэзлівыя і дапытлівыя, якімі пакінуў іх, ад’язджаючы ў парабкі.
За некалькі крокаў ад родных варот Грыша саскочыў з грузавіка. Ён прывітаўся з суседзямі і пайшоў да бацькоў.
— Ганна, сустракай госця,— гукнула суседка і сама пайшла побач з Грышам.
Ганна не разабрала, што сказала суседка, але, пачуўшы сярод гулу машын сваё імя, зірнула ў той бок і ўскрыкнула.
— Мітрафан, дзеткі, гляньце, хто ідзе! — і кінулася насустрач сыну. — Грышачка мой, ты жывы?! — абшчапіла яна абедзвюма рукамі сына за шыю.
Падбеглі Янка, Пятрук і Валя. Прывіталіся, і не верыцца ім, што іхні брат, панскі пастушок, стаіць перад імі ў камандзірскай форме.
Падышоў Мітрафан, моцна абняў і пацалаваў сына. Ад радасці салдаты на машынах запляскалі ў далоні. А адзін з іх нават сказаў:
— Глядзі ты, якое шчасце для нашага камандзіра і яго бацькоў. Столькі гадоў не бачыцца і сустрэцца ў такі дзень.
Маці ішла побач з сынам і выказвала набалелае за гады:
— Мы тут колькі чаго перадумалі пра цябе.
— А я па-суседству з вамі быў, у Світалаўцы.
— У Світалаўцы? — здзівілася Ганна.— Божачка мой, рукой падаць, а мы і не ведалі. Чаму ж ты хоць вестачкі не даў аб сабе.
— Баяўся, каб у дэфензіву не цягалі вас... Скончыў у Світалаўцы сем класаў, потым паслалі вучыцца ў Мінск.
— На камандзіра? — з любоўю акінуў позіркам Мітрафап сына.
— Але, — кіўнуў галавой Грыша.
— Хто мог падумаць, сынок, што там было тваё шчасце,— радасна зірнула Ганна ў той бок, адкуль ішлі савецкія часці.
— Не толькі маё, мама, але і ваша, і ўсіх... Бачыце, — паказаў Грыша на чырвонаармейцаў, — усе яны, а разам з імі і я, нясём у сваім сэрцы вялікае шчасце беднаму люду... Ну, жывіце здаровы, хутка пабачымся.
— Дык ты нават і ў хату не зойдзеш? — спахапілася Ганна, не заўважаючы, што даўно мінулі яе.
— Няма калі, мама. Другім разам, як у госці прыеду.
— Толькі ж пастарайся хутчэй... Пішы хоць пісьмы.
— Цяпер буду пісаць, буду. Добра, што напомнілі, — дастаў з кіцеля пісьмо Грыша і падаў бацьку,— здасцё яго заказным на пошту. Не паспеў учора адаслаць.