Выбрать главу

Вайтовіч тым часам узіраўся ў твары пастушкоў і думаў сваё: «Ці справяцца яны без старэйшага?»

— Як глядзіш, Петрусь, на нашых пастушкоў? — перавёў ён позірк на парабка.

— Ды як вам сказаць, пане? — паціснуў Пятро плячыма. — Хлапчукі жвавыя.

— А спаць не ўкладуцца на полі, як мысліш?

— За свайго, пане, ручаюся. А гэтага ж нам раілі як найлепшага і паслушнага.

— Так, найлепшага і паслушнага, — паўтарыў Вайтовіч, прытупваючы наском бота. — Паглядзім, як будзе... Заўтра няхай выганяюць.

— Гразкавата яшчэ, пане. Цяляты і сёння да калень у гразі папрыходзілі. Ці не пачакаць дзянькі тры з каровамі? Няхай падсохне трохі.

— Можна пачакаць, калі так, — забарабаніў пальцамі па стале Вайтовіч і звярнуўся да хлапчукоў. — Ну як, пасябравалі ўжо?

Пастушкі пераглянуліся і патупілі вочы.

— Не пасябравалі, дык пасябруюць, — адказаў за іх Пятро.

— Сябраваць — сябруйце, але добра пасіце жывёлу. Патраву зробіце — на ваш кошт запішу. I самае галоўнае, глядзіце, каб за мяжу не трапілі з чарадою. Хоць і там мая зямля...

— Відаць, пану і сёлета яшчэ прыдзецца кіраваць толькі гэтым фальваркам, — заўважыў парабак.

Вайтовіч устаў, падышоў да парабка, лаляпаў яго па плячы і прыўзнятым голасам пацешыў:

— Нічога, Петрусь, я веру, вер і ты, настане такі час, калі ты будзеш там цівуном.

Пятрусь не ўстрымаўся, усміхнуўся: колькі разоў чуў ён гэта.

— Ну так, аудыенцыя скончана. Ідзіце дахаты. 3 каровамі дні тры пачакаем, а цялят заўтра няхай выганяюць, — загадаў Вайтовіч.

Парабак кіўнуў хлапчукам, каб ішлі, а сам не крануўся з месца. Як толькі пастушкі зачынілі дзверы, ён спытаў:

— Якую ж, пане, паложыце плату гэты год майму?

— Леташнюю, Петрусь, леташнюю.

— Малавата, пане. Хлапчук падрос, статак у пана павялічыўся,— прыбавіць трэба.

— Хопіць, Петрусь, хопіць на гэты год. На тое лета будзе відаць... Мая Альбіна раіць, каб прывезены пастушок жыў у цябе.

— Цеснавата, пане.

— Ну, не аддаваць жа дзіцяці цэлы пакой, дзе жыў Банадысь. Там прыдзецца парабку жыць. Хлапчук не зойме шмат месца. Спаць будзе з тваім на адной пасцелі.

— Так то яно так, пане, але ж хлапчуку, акрамя пасцелі, трэба і харч.

— Гэта іншая размова. На харчаванне будзеш мець пятнаццаць кілё мукі на месяц і сёе-тое на акрасу. Не пакрыўджу.

— 3 харчамі хлапчука можа пан і не пакрыўдзіць, а з аплатай сына абышлі... Другі пан даражэй заплаціў бы, я ў гэтым упэўнены...— Трошкі памуляўшыся, Пятро зайшоў з другога боку: — Можа пан узяў бы сабе і падпаска са стараны, тады яны ўдвух жылі б у Банадысевым пакойчыку.

Вайтовіч пачырванеў у твары, заміргаў вачыма і, павольна прытупваючы абцасам, адказаў:

— Пакойчык, дзе жыў Банадысь, я сказаў ужо, мне патрэбен для новага парабка. Калі ж Петрусь хоча знайсці лепшага гаспадара для сына, то, можа, ён знойдзе і для сябе адразу, каб не разлучацца з хлапчуком... Можа там будзе і кватэра лепшая, і плата большая...

Пятро маўчаў. Што мог ён адказаць на гэта? Каторы ўжо раз напамінае пан пра горкі кавалак парабкоўскага хлеба, пра змрочны прытулак — будку.

— Ах, Петрусь, Петрусь, — засмяяўся раптам пан. — Не будзем псаваць добрых адносін. Як пераедзем у Світалаўку, — ён паказаў рукою на ўсход, — і сыну прыбаўлю плату, і цябе зраблю панам. Трэба жыць надзеямі... Не доўга засталося чакаць.

— Дзякуй пану за абяцанне. Пажывём — пабачым, — надзеў шапку Пятро і выйшаў з пакоя.

Дамоў ён вярнуўся ўсхваляваны. I пакуль жонка не паставіла на стол вячэру — бульбу з шаткаванай капустай — моўчкі тупаў па хаце, хоць там і прайсціся вельмі не было дзе.

Седзячы за сталом, Антося спытала ў мужа:

— Ну, гаварыў жа ты пра Віцеву плату?

— Гаварыў... Леташнюю пакінуў.

— Нічога не прыбавіў?

— Не. Хацеў са злосці не пусціць Віцю. Няхай бы пашукаў сабе на старане, дык ён сказаў і мне шукаць другога пана.

— А каб ён сабе магілу знайшоў, каб ён... — зірнула ў акно Антося і пайшла наліваць зацірку.

У цёмную ноч

Як апынуўся Вайтовіч у Караліне? Гэта ж не яго дзедаўскі маёнтак? Не. Маёнтак Вайтовічавых вунь у Світалаўцы, на ўсход, кіламетры за чатыры ад Караліны. Калі схадзіць у Куцец на гару і зірнуць адтуль, дык ён відаць, як на далоні. Вайтовіч часта ходзіць туды глядзець на сваё былое багацце. Нават бінокль спецыяльна дастаў.

А як жа ўсё-такі Вайтовіч трапіў у Караліну?

Пра гэта варта расказаць па-парадку.

У адну з цёмных лістападаўскіх начэй семнаццатага года Вайтовіч пакідаў Світалаўку. Спачатку мерыўся спаліць маёнтак, як зрабіў гэта сусед, ды пашкадаваў, прыйшоўшы да такой думкі: