Іржа на цвіках іскрыцца
праз пасмачкі пары над плотам.
“Ціў-і” аўсянкі, як з камертонам...
А з вокнаў, наўсцяж расчыненых,
Бетховен з-пад пальцаў дзіцячых:
“Сурок”... прыўзняўся, таўсматы,
лупіць сумныя вочкі...
Пасмачкі пары над плотам –
промні мокры бетон шліфуюць.
Пракаціліся дзверы-пліта
па рэйках профільнай сталі –
цішыню і паўзмрок у сховішча!
Дзяжурны, “Ціў-і!” пачуўшы,
лена ў кроне шукае зрокам...
...Гадзіна яшчэ да змены...
...Недзе побач патрон стандартны
з дапамогай затвора нячутна
прапаўзае памалу ў патроннік.
ДАРОЖНАЕ...
Усё ядловец між соснамі, соснамі.
Дзе ніжэй – усё альха ды альха.
Крок за крокам, зімою ці вёснамі –
дзён ланцуг без пачатку, канца...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
На дзялянках, ад лета не бачаных,
пасядзець на смаловых карчах.
Нешта знойдзена. Мусіць і страчана,
калі гэтак няўтульна ў грудзях...
Мо прытомяцца думкі-бадзягі?
Мо падорыць лясная сям’я
той няўлоўнай зямной раўнавагі,
так патрэбнай жывому штодня?
Вунь як промні праз шторы лістоты
нетаропка снуюць, каб дайшла
сіла іх да найменшай істоты
тут, на зрэзе збуцвелага пня,
разбуршыньваюць кроплі жывіцы...
І ў прагалы вядуць, дзе няма
ужо ствалоў, а затое іскрыцца
свежым жвірам адхон палатна...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Эх, дарога, дарога бетонная,
колькі сіл ты ўзяла пад сябе!
Ужо прывыклі лічыць мегатонамі
ўсё, што час нам аберуч нясе!..
Ад імклівых загонаў Батыевых –
толькі пыл здратаванай раллі! –
на шыкоўныя ўезды такія мы
ўсё дазволіць сабе не маглі...
Праімчаць пад гудкі, адгалёкаюць,
анекдотамі бавячы час.
Прывіталі б сціплей сінявокую,
калі ўжо завіталі да нас!
Прыпынілі б “Рэно” адмысловыя,
саступілі бы з пліт на мурог:
што ж гуляць з рэчаіснасцю ў хованкі,
бакавых не пазнаўшы дарог?
Што ж ты, час, пад сучаснасці знакам
столькі ўмоўнасцей розных нясеш?!
І праводжу амаль абыякава
Імпазантна-святочны картэж...
Воўчым лыкам, лазою, крушынаю,
дробным лісцем спрадвечных суніц
памячаю чаргу безупынную
яркіх, шэрых, ніякіх дзянніц...
Зноў ядловец, пяскі незайздросныя
ды прымятая колам трава.
І аблокі над мудрымі соснамі.
Не лічы, бо няма ім канца...
НА РАДЗІМЕ
МАГІЛЫ
Дзедаў, прадзедаў вечны спачынак.
Воддаль, у тых жа пясках, – янычары.
Соснаў велічных шэпт безупынны
ў спёку, слоту, дзень зноўку бясхмарны.
Кроплі сіняга кінуты ў зелень.
Белы крэмень на шэрай зямлі.
Шаблі Ўсходу наскрозь праржавелі,
па капцах чабарком узышлі...
Час чыесь там падлічвае крокі,
назапашвае радасць і жах.
Моўчкі неба праз хмары-аблокі
тчэ блакіт па жалезных крыжах...
ТРАКТАРЫСТКА
Шчок ружовасць ад свойскай вяргіні,
рычагі змазалілі далонь.
Мой ты, штампам народжаны, сіні,
тут гарачы канвеерны конь!
Сіл зямных набіраецца колас,
свой, пшанічны, жытнёвы, святы!
Песня просіцца ў высі і ў голас.
Эх, той клуб за чатыры вярсты!
І за хлеб “дзякуй” скажа не кожны...
Ды аб чым тут, такое бяды!..
Лугу дальняга подых мурожны,
пругкіх колаў палосы-сляды!..
ЯЛІНА
У гушчары запаведнага лесу
вёрткай сцежкі заблытаўся след.
Праз імжы праступае завесу
сухастоіны грузны шкілет...
Мох сыры, павуцінне па гліцы,
набрынялы ад вільгаці грыб;
толькі думцы адсюль і прабіцца
да далёкіх, утульных сяліб...
Больш стагоддзя, бадай, прастаяла,
німбам сонца вянчаючы ствол...
Смерць, Фінал. Ды дзесятак бязмала
маладых паднялося вакол.
ПАЎДНЁВАЯ НІЗКА
***
На камені ўладкаваўся ён,
зялёныя заплюшчыў вочы.
Ні дня яму, ні ночы
ўжо тыдзень. О старэчы сон!