Выбрать главу
У скалы вал за валам мерна б’е... Пасохлы мох... Нат вуж не прапаўзе...
І здані дзве: быцця і небыцця, Дзве сёстры родныя – галеча і багацце. І ўся здранцвелая ад гора маці Ўсё туліць да грудзей скалелае дзіця.
***
Аўтару чароўнай “Таўрыды”
Дрыготкае вогнішча – кропля ў начы!..– барвавіць каменняў белыя твары. Выйшлі на пашу неба атары, а Ваша – дрэмле у сэрцы Яйлы...
І ўжо спаць нельга: у цішыні, у скалаў заломах, у церневых сплётах жальбаю-крыкам птушкі залётнай губяцца гукі – дзеці зямлі.
А ўзнімеш голаў – Пегас крылаты імчыць з Гелікону – такі ўжо лёс! – прылёг над прорвай Вялікі Пёс, а меншы, ўядлы, гоніць заўзята!..
І ўсё замерла... Не, не дагналі: не зварухнуліся нават Шалі!..
***
...Мы зрадніліся, вечна жывое! Даспадобы голас мне твой, а душу не пакіне прыбой, стаўшы родным жытнёвым прыбоям.
Ты старэй шапаткіх каласоў... Ды смяротны абдымкі твае, калі ўзбуджанай хваляй нясе пах прадоння, як першаасноў,
перамалвае жвір на драбніцу дзень і ноч, міліярдам часцін, што ляцяць з невядомых часін і не маюць патрэбы спыніцца...
Да сустрэч!..
***
...Там вечар на цёплую рунь цені халодныя сцеле... Хусты шаноўных красунь, жоўтыя посцілкі зелля!
Папару сівыя пласты, запознены краснагаловік! Сімвалы вечнай красы, знакі маёй любові!
Выраі, вёсны. Гады. Памяць і дым ліхалеццяў. Спявайце ж мне, верасы, Балюча-звонкім суквеццем...
Краю, дзе рос і жыву, поле смужлівай пяшчоты! З прыдарожных каменняў злажу помнік мясцовай работы:
гонкія хвоі чатыры вартай на стораны свету.
Між іх, на бурштынавым жвіры, месца адвечнаму лету.
Згедзеўшы – сойка пяро, скарб свой адзіны, пакіне, каб хараства прыбыло на жоўта-янтарным і сінім,
дзе кроплі ружовай расы у квецені дзікае ружы.
А ўсё абвілі каласы, якія і вецер не здужаў...* * Канец Паўднёвай нізкі.
***
Ўжо адцвiло. I з асцярожнасцю – куды спяшаць!..– перабiрае завязь кожную: цi даглядаць?
Цi хопiць сiл, адменнай якасцi (расце – спялi!), каб не згубiла абыякавасць красу зямлi?
Каб на зялёным яблык ласкавы як мак iрдзеў, свяцiўся паўнацэннай часткаю аблокаў, дрэў,
прамераных i не празначаных сцяжын, дарог, дзе выпадкова цi прадбачана твой шлях пралёг,
пагорка, лубiнам укрытага, пнёў, валуна, дзе кожны раз сустрэне сiтаўка, ўсё адзінюсенька-адна.
Цi жыта побач: хваля шэрая аб чым пяе крыху маркотна, бо размерана, табе i мне?
...Рунела, мерзла. Красавiцкiя ўзяло дажджы... Хай выстаiць пад навальнiцамi! I назаўжды!
ЧАША
Бляклую рунь за дарогаю, цёмны ядловец наўзбоч, раніцу, фарбамі ўбогую, месячна-зорную ноч, захад паводкай раскошы, поўдзень праз смех навальніц, з мятлікам, у лузе няскошаным, з пахам нябачных суніц, шышку, што ботам раструшчыў, сцежку, што верна вяла ад задуменнасці пушчы у шматгалоссе сяла, песні акорд развітальны, сонца прамень на вісу – ў чашы, празрыстай крыштальна, ўпарта аберуч нясу.
Ступлю, неразважны, няўдала, заняты тым, што ў руках. (Глыжоў і карэння нямала на пакручастых шляхах...) Дробныя пырснуць асколкі... Спуджана ўзнімецца грак – подых пранізліва волкі на момант пройме прасцяг... І стану я ціхі і роўны, па мерцы на кожны фасон, а профіль – нейтральна бяскроўны – стандартным з абедзьвюх старон. Ніхто ўпікнуці не зможа ці пахітаць галавой: змяшчуся ў пракрустава ложа – тупік той дарожкі маёй.