Выбрать главу
Вецер прыцiх немаўлём супакоеным – Мацi-заранка ўсю чуласць яму... Што ж я, у жыццi часам нечым раздвоены, тут – усё цалкам прыму?
Шолахi дрэмлюць, лiст не зварушыцца ў шчытных абдымках расы. Слухаеш, нечым таемным узрушаны, птушак, нясмелых яшчэ, галасы...
Дзень будзе доўгiм, стамляюча гучным. Пройдзе наскрозь праз цябе. Будзе няўтульна? Мо i нязручны груз гэты раз пападзе.
Успомнiш, апалены крыўдай цi здрадаю, неразуменнем намераў тваiх, гэты пачатак бясхмарны i радасны, свежасцю поўны уздых...
І непаўторнаму зноў паўтарыцца воблiкам новым колiшнiх з’яў! З пальцаў раскрытых зляцела сiнiца... Хто ж непаседу i як пераняў?
А цi была яна? Мо падалося? Сумна паклiкаў жораў з iмжы, лета забраўшы, страсаючы восень шэрым пяром на дарог вiражы?..
Досвiткi чыстыя, золакi ясныя, рэха i явы i сноў! Цi не расстаўся я з вамi заўчасна, што ж так чаруеце зноў?
***
Крываўнiк, палын, лебяда. Узмежак, расы павалока. Ад вертыкалi слупа удалеч, як кiнуць вокам, колеру свежай iржы цягнуць праз сiнь правады.
Кастрычнiк, апошнія з дат, лiсткi на далонi маёй. Апалi гракi чарадой – крыклiвы на рунь лiстапад! I цягне да цёплых краiн маўклiвага выраю клiн...
Размыты адлегласцю крык
пакiнуў: “Бывайце!..” I занiк..
***
Апалi чакання аковы! Заняты адным суцэла, зноў цягнеш, вырай чарговы, на Пiну, Басфор, Дарданелы... ...Унiзе поўня на ўсходзе нырае ў тонкiя хмары. Ды буйна зоры ўзыходзяць над вамi ў чорным абшары...
На ўзлёт! I парывам, не тлумам, і ўжо толькi смерць вас супынiць, крылы павяжа самумам ускрай Аравiйскай пустынi. Не зважыць, што вы – жывыя, на ўзгоркi бязводныя кiне. I зноў пераможа стыхiя ускрай чарговай пустынi... Яшчэ раз – ужо каторы!– вам, дробным, сiл не хапiла – жывое змяла без разбору сляпая варожая сiла. Вiруе шэрае пер’е над бурым каменнем бясконцым, ды шэлест пясчанага зерня пад бельмам засмяглага сонца...
А будуць чакаць пад Валожынам палi ў красавiцкiх туманах. I нехта штодзень заварожана будзе вышукваць старанна за Iслаччу, ў небе абноўленым, аздобленым сонца каронай, лёт дзiўна свабодны i роўны ўпартых iстот не скароных...
***
М.М.Ш.
Лямеш, што каменем затоеным сарвала, ужо зрудзеў – заложныя дажджы. Тут новы ладзілі: дубца асмалак, бляшанка чорная; і не злічыць сляды
грувасткіх ботаў. Засмужыла далёкі бор, і нібы зганьбіла – раскоўзала дарогу. Ды не ліняе каралеўскі твой убор: каралямі рабін, шыпшыны, глогу
сям-там красуеш. (Яркі клёну ліст нацешыў вока, склаў падзяку лету і лёг, дрымотны, у сонную траву.)
Мой лістапад, мо іншы пейзажыст дабавіць колераў твайму партрэту, я упрыгожваць – не магу.
***
Над чорнай зямлёю чырвоных паходняў такi ненадзейны заслон! А вецер крапчае: ад мора, з заходняй і золкай, паўночнай, старон.
Ад тундры прасцёртай, спрадвеку панылай, з ахутаных снегам Хiбiн імчыць, усё прутчэй напiнаючы крылы, марозу i цемрадзi сын не меранай сiлы парывам шалёным з заходняй i золкай старон... У лiстоце барвiстай узнёслыя клёны – цi ж гэта надзейны заслон? I моўчкi адзначым, што так павялося. Ўсяго давядзецца зазнаць: бывае ў жыццi i апошняя восень, і дрэвы – жывыя! – гараць...
Дажджыць, але днее, ў рытмiчнасцi кропель. I мы, як на службу, пайшлi ўбачыць чырвоны усё яшчэ попел на шэрай, халоднай зямлi...
***
Астры, дзецi восенi любай, спадарожнiцы явы i сноў!.. Холад дзёрзка i шчытна на губы пульсаваць падштурхоўвае кроў... Ўсе жыццёвыя колкасцi спрэчак у бяздонную прорву апалi. Вашы ўсмешкi – апошняй сустрэчы...– белай пенай на хвалi, што нясе праз каменнi на строму. Вы – усiм. Вы – нiкому. Пад няўмольным мароза нажом род увесь ваш знянацку загiне. Сэрца чуе, сумуе цiшком. Неба зорыцца, стромiцца, стыне...