Выбрать главу
Не ацанiлi звончатасць лета? Як та – прайшло стараной? Чырванню гронкi душа падагрэта. Вецер-жабрак – за сцяной. Соку паўднёвай лазы памяркоўна ў тонкае, чыстае шкло. Не замутнёны сон будзе роўным, і заўтра ўжо сёння прыйшло.
***
Толькі сонца, сонца і неба. І роўны вецер з паўдня. Колас аддаўшы, да новага хлеба ў роздум запала зямля.
Цягліцы ўзрэзаных гоняў – ворыва, рунь ці папар – лена чакаюць сутоння, сумам настоеных хмар.
Ды грэе. І ясніцца пожня, на лёгкасць настройвае крок. І позірк валошкі апошняй заўважыш, ацэніш здалёк...
І спеў навакол такі чысты, што ў небе шукаеш выток. А там – толькі сінь і празрыстасць стамляюць разгублены зрок...
І слухаеш, нібыта рэха святочных дзяцінства званоў. Адтуль назаўсёды ад’ехаў, ды неяк вяртаешся зноў
да сонечных плям на падлозе – пачатку бязвоблачных дзён... . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Астаткі саломы вывозяць праз павуціння заслон.
***
Высокія дрэвы. Паніклыя травы. А ты – паміж імі, упрэжаны ў справы: ў пачаткі, фіналы, падлікі, вынікі – як Шыва трохрукі ў натоўпе стоногім!.. І трэлі ў кронах, і цягне чаборам, і рытмы, і пахі, і час, і прастора, і гукі, і ноты, і фарбы, і колер. І сплаў абавязкаў, і... ветру сваволя!.. Гадзінаю шарай адчуць і ўбачыць усё, што знаёма, ярчэй ды іначай! Апоўначы ўгледзець, як у сонцы, натхнёна, віруе ў танцы рой дробных падзёнак. Апоўдні заўважыць, як ў месячным ззянні іскрыцца на вейках адбітак кахання... І тэме спрадвечнай даць воблік сучасны, ды... рыфмы прывычныя губяць заўчасна! Лістота і кветкі, птушыныя спевы раскіданы смела і ўправа і ўлева!.. А ты – пад уплывам стандартных паняццяў, стабільных прыёмаў, як у рамках закляццяў... А ты ў завядзёнках снуеш без спачынку між знакаў дарожных, між знакаў прыпынку, між Сцылы з Харыбдай у трывалым чаканні знайсці спалучэнне дазволу з жаданнем...
***
А.Бакачу

...у нячуты павер запавет,

палюбi непазнаную мэту...

А.Разанаў
За пасмам бору – ўжо за даляглядам!..– па лапiнах iржышча, па раллi калi i кiм пасеяна прынада? Чые зярняты рунню узышлi?
Не быў нiколi там... А, мусiць, i не буду – што не сабраць, а дзе i не дайсцi: сплываюць днi без нашага прысуду у хуткаплынным ручаi – жыццi...
Няўмольны час гадзiну за гадзiнай зрывае з дрэва iснасцi тваёй. I толькi хмар i ветру безупынны пралёт i перасвiст над галавой...
А там... такая позняя ўжо восень, што лiстапад, яе апошнi сын, у сонца нават промня не папросiць для схаладалых, голых арабiн.
I гнецца вецце!.. I парывам новым страсае гронкi, бы жывую кроў, на незаменную нiчым аснову халоднай глiны, мокрых верасоў.
А ўжо i прыцемкi – наканавана. I цемра цяжкая лягла на ўсё. А заўтра? Сонцам мо спавiты ранак, такi, якi адзін за ўсё жыццё
каб нехта ўбачыў – слаўны мiг удачы!..– не слотай змучаны, здранцвелы лог, а рай зямны для ўсiх – i не iначай! – ступiўшы там, дзе я прайсцi не змог.
***
Ночка хмурыла хмар брыво, сон з павекамi стрэцца не мог. Трэцi певень перасцярог... I адразу адхмарваць пайшло, ўміг суцiшылася – Маўчун мяккi палец да губ прыклаў... I з нацягнутых срэбных струн чыстай думкаю – шэрань лягла пры народзiнах шчырага дня.
Хто нi пройдзе, стары цi дзiця, колькi хочаш ззяння бяры... Дарагая мая зямля! Сонца шар залаты!