Тое, чаго ты чакала,
як хлеб надзённы, прыйшло.
Толькі яшчэ не хапала
Вашай журбы, Адамо.
Чуеце крык амярцвелы,
гэты бясконцы і белы?
Новы халодны сумёт
сыпле крылом забыцця
снежаньскіх пчол карагод
у чароўным танцы жыцця...
***
Гэта, мусiць, апошнi ўжо снег
сакавiцкай халоднай усмешкай
абагрэў вузкi просмык застрэшка
i шурпатую шыфернасць стрэх.
Дрот звычайны – як шнур дарагiх,
дню будзённаму збытнiх, карункаў.
А галіны ў чэзлых рыштунках
нiбы ў квеццi ўсiх веснаў былых.
Падказаў успамiн дарагi –
гэта нашы бялелі снягі...
Пазаўчора ўскрай палiгона
з-пад счарнелага лiсця старога
я выкопваў сцяблiнку зялёную.
I цiшком вiншаваў з перамогай.
II частка
ШПАКI
В. В–у
Прыцiх лiман, ды ўсё яшчэ булькоча
Ля нiзкiх берагоў халодная вада,
Наркотык – мул разгойсанага дна –
Сiлком глытаўшы на зыходзе ночы.
Гасцiла замець Поўначы пахмурнай –
Раз’юшана кiпеў над стэпамі цыклон.
I тут ён, на вадзе, ўвесь першы эшалон,
Iмклiвы вырай – чорны след хаўтурны!
Праводзiў позiркам стары-стары фелах;
Блукала думка ў выцвiлых вачах,
А там, за Прыпяццю, iх скрозь ужо чакалi!
Сто дробных сэрцаў – той чырвоны глог!..–
Людскiх не ведалi сумненняў-засцярог –
Як рэшткi вогнiшча на раўнадушнай хвалi!..
***
Першая цёплая ноч,
зноў я адчуць цябе змог!
Месяца тонкі серп
ціха на кроны прыплыў...
І сонцу, і ветру, і ўсім –
лістоты яшчэ чакаць:
новы пачатак жыцця
сокамі толькі пайшоў,
пупышак мільярды ізноў
асіляць дрымоту зімы,
і колер зялёны скрозь
нячутны ўздыме прыбой.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Скупа гукі плывуць. Аднак
час і стома возьмуць сваё –
горад гучнасць сцішыў, прытух,
дзень чарговы скінуў з плячэй.
Птушкам сніцца яшчэ без гнязда –
першы сон на сваёй старане...
Крылы помняць яшчэ пералёт,
сэрцы б’юцца напружаннем тым...
Месяц у галлі вастрыё
прытупіў аб начны туман.
Ды і зоры мігцяць мякчэй...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Як уладна кіруеш, ноч!
***
Алесiку
Ты быў такi маленечкi, што толькi й мог
Расплюшчваць вейкi, плакаць i смактаць.
А потым вырай быў. I зноў шпакi ляцяць
Шляхамi гiбелi, вяртанняў-перамог.
На гэтай яблынi старой упершыню
Блакiт i золата убачылi яны.
Пазналi страх: ламае, як i сны,
Пярун-язычнiк саду цiшыню.
Што той Паўднёвы, найяснейшы Крыж!..
Цi ж меркне нам Палярная, свая?
Хадой нячутнаю, у росах, ноч прайшла.
I ты мне усмiхаешся, не спiш,
I дню, што ўжо чакае ля дзвярэй.
Расцi, маё сцябло, хутчэй!
***
Сонны спакой неглыбокай вады,
Звонкiя россыпы лотацi.
Крок прыпынiлi, удаль брыдучы,
Вольхаў празрыстыя постацi.
Жоўты на чорным, зялёны травы –
Парасткаў новае брацтва –
Чысты, праўдзiвы i малады...
Стрэліся – і не расстацца!..
Ды мiмаходам. Дабранач, прастор,
Памяць усё захавала:
Тонкага голля спакойны дэкор,
Водгук шчымлiвы. Цi мала?
Захад – размыты на срэбным кармiн,
Слуп з нерухомаю птушкай...
Вырай змарыў з тых заморскiх краiн?
Вечар лагодны загушкаў?..
Гонiць нястрымны “Эрфурт – Масква”,
Дробязь паўстанкаў мiнае.
Крышыць сфумата сканаўшага дня
Над засынаючым Краем...
Колькi ж яшчэ на вакзалы спяшаць,
Месца выпытваць па касах?
Зрокам праводзiць, а сэрцам вiтаць
Свойскiя краскi пад насыпам?..
***
Слепiць сонца бляск на лужынах,
ручаiнамi павязаных.
А надзея зноў засмужана
абяцаннем недаказаным...
Мчыць планета, зоры лушчачы
арбiтальнымi цяжамi.
Кім жа ды калі запушчаны
ў бясконцасць... мёртвы камень?
Дык спяшай, вада вясновая,
у акiянах растварыцца!
Мы ж – слабыя прад замовамi,
І ўсё тая ж постаць снiцца,
І не ўбачыць пiльным зрокам –
зразумець, адчуць з палёгкаю
непаўторны почырк крокаў,
злучаных хадою лёгкаю...
...А над горадам, у зацiшку
стратасферным, атмасферным,
вераб’i, каштан кашлацiцца,
вецер, захад, рухам мерным
вечар, у контурах размыты,
у бяздоннасць гулкай лейкi
сыпле шрот хвiлiн пражытых
з абыякавасцю нейкай...
з абыякавасцю нейкай...