Выбрать главу
***
Калi праскочыць чарада надзённых спраў, а ноч няўхiльная над краем паплыве, каб стому зняць, якую дзень прыняў, за плугам ідучы па баразне цi гонячы срабрыстую смугу хваль далiкатных па жытах, пакiнь парогi, хатнюю нуду, спяшай пад Млечны Шлях!..
На поўдзень коцiцца ў безданi рака, як россып рос, не замуцiўшы велiчную плынь... Сцябло ля ног; над лугам – лук Стральца: устаў, цецiву абтрос, напяўшы вобмацкам удалячынь...
***
I прамiнула былое – з ветрам! А мо з веснавою вадою чародамi качак з асокавых нетраў? Мо думак маiх чарадою?
Як i адвеку неба сiнела, так вечна сiнець яно будзе. Маё аджыве i рассыплецца цела, іншыя пройдуць тут людзi.
Тут ездiў багаты i яснавяльможны, не ўмеў не па-панску нi кроку: i белыя рукi, i ўзнёслыя словы.
Астаўся гасцiнца ўзмах пераможны – шарэе на досвiтку, свецiцца ў змроку гэты гасцiнец вясковы.
***
Ноч ты зорная! З небам высокiм уз’яднала зямлi берагi!.. Дзень мiнулы – якi ўжо далёкi, той, што прыйдзе – ужо дарагi!
На запясцi жыцця анi знаку – пульс у скронi даўно перайшоў, шле па Морзе прывет i падзяку з тых людскiх i даверлiвых слоў тым, хто ўпартасцю волi ў дарозе, хто спяшае ў нязведаны шлях: не ўпасцi вам ніц у знямозе і спагады ў родных вачах!..
Ноч ты зорная з небам высокiм! Рэха-прывiд ўдалечынi!
***
Дарэмна так марудзіце з адказам каторы год! Такую нерашучнасць ці развагу як зразумець? Змяняюцца ў прыродзе поры году – зноў красавік... Упарта ўсё ўзнімаецца да сонца, інакш і не было!..
Яшчэ не песні – адгалоскі іх, настройка струнаў... Яшчэ не колер ўзноўленай палітры – як успамін...
Пачатак сёмае. І зноў світанак. Вам спаць яшчэ... Лядыш празрысты – палавінка-месяц – амаль растаў...
Спяшаецца жыццё, змяняе ночы, дні, далей ідзе адшукваць намаганнямі маімі, Вашымі не менш як ідэал.
Ці ж правамерна, каб штодня сумненням прарастаць? Карысці колькі ад такога дрэва, калі яно ўкарэніцца аднак?
Дарэмна так марудзіце з адказам!..
***
Маладзік – нечакана прыемным пытаннем, бездакорна з лімоннага выдзьмуты шкла! – А чалом, ты нарэшце прыйшла!.. – Каб абняць і шапнуць... аб расстанні!
...Сарамлівай усмешкай прытомлены захад праз апошні сутоння прастор, змаладзелыя кроплі старэючых зор на халоднай мазаіцы дахаў...
Вокны – насцеж, знаёмыя песні (і “Прыйдзі...”, і “Чакаю даўно...”) з цёплым ветрам на мяккае ночы крыло асядаюць, каб плыць у паднябессі...
– Адыходжу. Праз тыдзень чакай навальніцы, ужо летняга грому...
***
Сонца звонкі злітак. Першы пыл дарогі. Бляск несамавіты з імпульсам трывогі.
Бы зялёным пылам цягне па абочынах... Толькі радасць – міма, быццам ужо сурочана!
Быццам не патрэбен красавіцкі вечар, з галубамі ў небе новая сустрэча,
купал так знаёмы, той, бясконцы, сіні, што не меў аб’ёму і не ведаў ліній.
І матыў далёкі і амаль нячутны, як прызыўны воклік, як адказ пакутны...