Што ж гібець у скрусе,
лічачы няўдачы?
Адбылося, мусіць,
і не перайначыць.
Што лічыў сустрэчай –
стала развітаннем.
І канае вечар.
А ці будзе ранне?
***
Калi у памяцi перабiраю днi
цi ценi дзён, змарнелых, i бясследна
(як зерне, што на глебе беднай
не мела сiл падняцца i расцi),
прапаўшых для мяне i для людзей,
бо перамолатых мiзэрнасцю падзей,
з дзiцячай роспаччу знайду адзiн,
падхмелены, як сок з марозу журавiн.
Вясковай працаю прытомлены залiшне,
улёгся ён i сном каменным спiць,
паклаўшы галаву на роснае крысо.
Лiст не варухнецца. У венцер вiшнi
заблыталася зорка. I глядзiць
у цёмны двор i чорнае акно.
III частка
***
Дзён маiх лепшыя днi –
чэрвеня лад i спакой!
Май, красавiк адплылi
радасцю буйнай такой...
Сутак сто доўгiх, бадай,
да зор вераснёўскiх яшчэ,
так што пакуль не чапай,
смутак iскрыстых начэй!..
О, не заменiш нiчым:
ноч – тры гадзiны ў паўсне,
дзень – па зямлi, i з усiм,
што паўнакроўна жыве.
Дзе ж аглядацца назад?
Птушак iмклiвы палёт.
Лёскат, iмпэт аўтастрад –
вецер, што б’е навылёт!
Хлеб, малако. I вiна
ява тугая ў крывi.
Як ацанiць, ды спаўна,
дзён маiх лепшыя днi?
***
Можа слоў і збяру, каб злажыць
песню тую, што вецер спяваў,
калi, радасцi поўны, iмчыць
над галовамi сцішаных траў.
I хоць калiва тых, што ў сабе
маюць сiлу прыдбанага болю,
калi скаргу над полем нясе
ад паломанай iм жа таполi.
Адыходзяць. Цi вернуцца зноў
галасамi далёкіх сяброў?
Гарады беларукiх бяроз,
вербалоз ля санлiвай ракі!..
Доўга буду гукаць перавоз
і збiраць вашых песень лісткі...
***
Млява шэпчуць стамлёныя губы –
лiсце скаргу бясконца вядзе
у чаканнi бяды або згубы:
навальні... Навальніца ідзе!..
– Адарвешся ад роднай галiны –
i выгнанне – жабрацтва i смерць!
Гоман дробны, глухi, безупынны:
– Што ж цяпер? Што ж цяпер?..
Сiне-белым ускiнецца ў хмарах –
трацiш слых i цямнее ў вачах,
бо зарнiцай бiблейскiх пажараў
працiнае знямелы абсяг...
А ў тунелi начнога маўчання
занясе, паўтараючы зноў,
то азёрна-аернаю тванню,
то жывiцай прагрэтых лясоў...
Што ж цяпер? Пад нажамi маланак
кiламетры распятай зямлi
у надзеi, жаданнi спантанным
каб дажджы стараной не прайшлi...
Ну а мне? Тэлефон не паклiча.
Ліпне духмень на рукi i твар.
I дрыжыць – на суцэльнасць разлiчаны!.. –
на фрагменты iрвецца абшар:
то губляюць камлi мае дрэвы,
то мiж хмарамi кроны нясе.
I грымiць на паўтор, перапевам,
што, нядбайны, я страцiў цябе...
***
М.М.Ш.
З-за Белалесся* заходні вецер,
цяжкія копяцца хмары.
Раз-пораз рвецца, дрыготка свеціць...
І побач! Пярун ударыў!..
Але прагоніць... З’явяцца, гінуць –
гракоў над пагоркам кідае...
Блакіт – праз попел, бы сець ускінуў.
Ды чорна над небакраем!..
На самых нізкіх глохнуць акорды,
а шлях – з ясна-шэрага тканы.
Цягні жа, хмарнасць з нарвежскіх фіёрдаў,
далей – на Мыш*, Лебяжаны*...
Пераглядайся ў старых разорах,
поўных жывою вадою!
* населеныя пункты Баранавіцкага р–на
***
Прылятала прыцемкам птушка,
а якая – ніхто не пазнаў.
Вецер нават лістка не кранаў,
сарамліва галінкай не гушкаў,
зухаватасць, сумяўшыся, траціў,
як на дрэва садзілася тое...
Пер’е мела яна залатое.
І блакітныя вочы дзіцяці.
Знікала дзіўная на чорным фоне.
Як твар сланечніка, палонены сутоннем.
А пражытых гадоў і хвілін,
што шапталі аб казачным нечым,
цэлы сноп каласоў – за адзін...
Непаўторнасць жаданай сустрэчы!..