Выбрать главу
***
Флёксаў купіны тлеюць. А змрок акрыяў, загусцеў, ападае. Да акорда акорд – і вянок, што не вяне і цвет не губляе.
І цямней, і цямней. І пара на дабранач сказаць тыя словы, каб спакойна заснула трава, і дзіванны схілілі галовы.
Нібы голас дзяцінства – ледзь чутны, нібы пах несабранага мёду! І зліліся харалам магутным дні: калыскі, жніва, адыходу.
Прыдзе час – усё патоне ў начы. Данясці. Не згубіць. Зберагчы!
***
Праменняў сонечных апошні клін лязом алмазным голле рэжа. І ўжо не сумная сцяна ялін – тутэйшы арабеск, дзівосная мярэжа... Ля лесу коні; ногі ў малацэ – туман пайшоў, цішком паўзе імшарай. Як трапяткое птушаня ў руцэ, дзень ціхенька сканаў, цямнее тварам... Ды весела у роздуме сачыць, як разгараецца смалісты бок карча, і дым, што сон, снуецца па агні. А поплеч, вогнішча вакол, сядзіць маіх мужыцкіх продкаў грамада. І зорак грамада – ў вышыні...
***
М.М.Ш.
Глянь: па бульбянішчы – скрозь матчыны сляды. Як злепкі тых, што час даслаў з Пампеяў, адбіўшы прагна на гарачым глеі, каб засталіся явай назаўжды.
Як ломіць у крыжы! Да самых хмар няўступліва шнуруецца палоса. Самотнай птушкі крык ці песні адгалосак... І сонца стомлены ў паўнеба твар.
А колькі трэба сіл, каб боль перамагчы, зло чэрствасці людской? Ці дачакаць вясны?..
Не дачакала... З сёстрамі пайшла спяшаць з дакопкамі на тым нябачным полі. Няслі свае сцягі: работу дацямна, прышчэрблены капач і серп, крывы ад болю.
ДЗЯЎЧЫНКА Ў ПЕЙЗАЖЫ
Як зложыцца яно, тваё жыццё? Табе яшчэ й дванаццацi няма... Цi памяць зберажэ тваё iмя, цi адашле у небыццё?
Цяпер ты – ўвесь iснуючы абшар: далёкi грому хор, пужлiвасць блiскавiц, пах скошанай травы, рамонкаў i сунiц, аераў гарката i пераменнасць хмар.
Ты птушкаю ляцiш – i смех твой наўздагон, ўсё тулiцца к табе, у радасны палон.
Дзень зiхацiць, як страказы крыло – мелодыя i рытм вышэйшага настрою. Хай будзе ён тваiм. Яшчэ нiхто не зладзiў з доляю людскою.
***
Алесiку
Там, за вадою, светлыя пяскi смугой лiловаю закрыла, узняўся вецер, мчыць на пругкiх крылах і пляжыць лазнякi.
Ўбiвае ў небасхiл ружова-белы штых маланка-блiскавiца. Яе не ўтаймаваць, прад ёй адно скарыцца! I Сож сiвы прыцiх...
А наш маленькi спiць, перамагло... Нясе па хвалях сну крыштальнае вясло...
На захад сонца йшло, як радасны асiлак, і рукi матчыны, i лёгкай хмаркi цень, і напалохаў чмель, i крапiва ўкусiла... Якi шчаслiвы i бясконцы дзень!
***
Дануце Бічэль
...Змые пыл, жыватворным напоiць – ажыве, расцвiце, усмiхнецца... Неспадзеўкі раскажа пра тое, што драмала i ў думках, i ў сэрцы. Прынясе цёплым ветрам здалёку, з ператканых праменнямi даляў, буслянятак няўрымслiвых клёкат, перазвоны крынiчных крышталяў, шапаценне вярбы, плёскат хвалi, шолах лоз, асакi i чароту. I трывогi ацiхлi, апалi, разам з рэхам апошнiх грымотаў... Праспявае зусiм нечаканым, дзень будзённы, як свята, расквецiць. I зашэрхнуць, загояцца раны. I не будзе ўжо болю на свеце, страт, нападаў, гвалтаў i боек, ганьбы нават нязначных падманаў. Неўпрыкметна пасохне благое. I ачнецца амаль беззаганны цiхi вечар пасля навальнiцы над табой, над дарогай, над Краем. Недзе чуў пра такое... Як снiцца... Што ж, бывае.
***
Чацвёрты дзень не зацiхае вецер, імчыць наўскач, шукаючы ахвяры. Ад стомы курчацца i скрдзяцца, як дзецi, бяроз пасечаныя твары.
I дзень сышоў, i безлiч хмар сплыла, на люстры неба – ластавак пункцiры. А дрэвы гнуцца. I канца няма адвечнай песнi на журботнай лiры.