Выбрать главу
***
Цёплы вечар. Ціхая ноч, разрасліся даўжэзныя цені. Расцвітае нарцыс, не суроч... На нябесным скляпенні ўраўнаважаны месячны бляск – прападаюць драбнейшыя зоры. Прыглядзіся: яшчэ адзін раз свет сваё, патаемнае, дорыць... А праявы чужога жыцця маюць голас праўдзівы і гучны. Чуеш? Шэпча аб нечым зямля – голас дзіўны, шчасліва-пакутны...
Затаіся, чакай: зараз ветрык пачне перамешваць над кветнікам пахі!..
***
Дужы вечар ночы чакае – Песні-явы, сноў чыстых. Прыпыніўся, маўчыць прамяністы. І усмешка па твары блукае...
Дзікі голуб – тонкі пярсцёнак – знік у кроне ліловай акацыі. І пара першай зорцы займацца там, на небе, на небе зялёным...
То яна: цёплы подых і крокі!.. Водсвет захаду комін пакінуў, цені ніцма на сцежку, на гліну...
Яркі след! – дробны ”МІГ”, адзінокі, забірае вышэй і вышэй... Кропляй, кропкай... знікае з вачэй...
***
Па-над таполямі бязважкі белы пух, нястомнай ластаўкі праменьчык чорны – палёту след, адбітак бездакорны на бездань сінюю і чысты, белы пух.
Дакладная дуга – бетонных праслаў рад,
нібы магутнай ускінутых рукою. І ветрык міру, працы і спакою праз захаду разліў і тапалёвы рад.
Аб чым цвіліць маленства угары, мне не даведацца. А ветру крокі не палічыць. Празрысты і далёкі ўжо месяц праявіўся угары.
І ўсё цяплее у грудзях ад чыстых гадзіны шарай дотыкаў празрыстых...
***
Рэдкую хмарнасць над гаем ноч неўзабаве зглыне... Выплыве месяц, яго запытаем: – Аб чым жа салоўка пяе?
– А ні аб чым. Чалавеку, вядома, чуецца родны матыў, той, што прысніў, ну а потым нястомна скрозь праз жыццё пранасіў.
...Моўчкі рассоўвае пасма дарогі купкі алешын у бакі, і неўзаметкі ясны, двухрогі, лёгкія хмар чаўнакі...
Узноўлены пошчак класічнае гамы зор прастаўляе ўгары, а ў перспектыве – патрэбны напрамак роўны агонь на бугры.
Ціхае вогнішча з лап не смаловых кветкай ўзышло на зямлі, перапыніўшы пачатак размовы: – Хлопцы, здаровы былі!..
Моўчкі пасунуцца: – Месца ўступаем, вечар не грэе, маўляў... Чуеш, як сыпле нястомны над гаем водгукі свойскіх праяў?
Чую! І ноч, і заслухаўся месяц, плазам дарога лягла. З-пад у зеніце схаванага крэсіва іскра над намі прайшла...
***
Верас дробны, худаватае сцябло. у сасонніку задуха – не стрымаць. На пясках тут ці буяла што калі? Светаяннік вырас кволы!.. Без яго – ніяк! Тут скупыя краскі і прастор. Белыя слупы высакавольтныя. І да суніц прыгажуняў пяць ці шэсць. Трактарыст пайшоў па вермут у сяльпо. Праз гадзіну вернецца. Зноў ціха паляжым, з цыгарэты вялай смокчучы дымок. Спомніцца: а недзе ж сельва – на зямных дражджах!.. ...Жонка на гадзіннік глянула: – Ужо ж павінен быць...
***
Яловы тонкі вочап. Жалезны круг вядра. Дапялі зорак вочы калодзежнага дна.
Гараць таемным бляскам у мяккай чарнаце, шкадуючы заўчасна упартага – мяне?
Пакепліваюць ціха: – То ж не юначы век! Агню ці прахалоды шукае чалавек?
Ці той гарачай згубы, ці толькі прагу збіць? Перасыхаюць губы? І ў грудзях смыліць?
Ім – сохнуць, бо чакалі, а сэрцу – успамін? На цёмнай ночы хвалі ці ж мала іх, прычын?.. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Прадоння подых волкі. І пляск глухі вядра. Загойсалі асколкі чакання, зорак, дна,