Выбрать главу

... Васіль стаяў, абапёршыся грудзьмі на галіну яблыні, і выразна чуў голас Варанкова.

Цяжкі ўспамін зацямніў тую светлую ўрачыстасць, якая было апанавала яго. Некалькі хвілін штуршкі сэрца былі балючыя і гулкія, думкі суровыя. Але прадаўжалася гэта нядоўга. На ганак школы вышаў Ладынін. Нешта сказаў, засмяяўся. Мяцельскі кінуўся да яго, абняў і хутка шмыгануў у дзверы.

Васіль з палёгкай уздыхнуў, і рушыў цераз сад у бок Лядцаў.

14...

У Лядцах яшчэ ніводнага чалавека не было на калгасным двары, калі з'явіліся калгаснікі «Волі». Яны прыехалі арганізавана — калонай, на чале якой паважна ішоў уладар поля — «Наці». Побач з трактарыстам сядзеў Міхайла Прымак. З кіраўнікоў «Волі» нікога не было ні наперадзе калоны, ні ў канцы яе.

Дабрадзееўцы сціпла, без выгукаў і жартаў, праехалі цераз усю вёску і спыніліся каля двара трэцяй брыгады.

Збоку здавалася, што гэтае незвычайнае здарэнне нікога не ўсхвалявала і не ўстрывожыла — усё засталося на сваім месцы, як было і дагэтуль, у любы дзень у такі ранні час. Але на самай справе ў Лядцах нібы выбухнула бомба.

Амаль усе мужчыны, кожны ў сваёй хаце, раптам абурыліся на жонак за тое, што тыя так позна поркаюцца каля печаў, і паспешліва, абпальваючыся гарачай бульбай і дранікамі, канчалі снеданне. Жанчыны адстаўлялі з печаў гаршкі, будзілі старэйшых дзяцей, давалі ім гаспадарчыя наказы.

— А ты куды, мама?

— На работу! Куды-ж яшчэ!

Бегалі адна да адной, пазычалі вілы, кошыкі. Неўзабаве на вуліцы пачалі збірацца першыя групы гатовых да працы людзей. Сустракаліся, каротка віталіся і адводзілі позіркі, нібы былі вінаватыя адзін перад адным і цяпер няёмка сябе адчувалі.

Перамаўляліся стрымана, часам злосна.

— Мабыць, апоўначы збіраліся, каб у такую рань з'явіцца.

— Хіба не ведаеш дабрадзееўцаў? Адвечныя задавакі.

— Не крывіце душой. Усе мы добра ведаем, што ў сябе яны выходзяць на работу не пазней.

— Мы таксама не пазніліся. Раса не спадала, як на полі былі.

— Ну, чыя, як кажуць, крычала-б, а ваша маўчала-б. Ці не ў цябе, цётка, старшыня хацеў у печы заліць?

— Хацеў ды не заліў. А цябе, паганец, у час работы соннага за куст прывязалі.

Максіма Лескаўца прыезд дабрадзееўцаў таксама захапіў знянацку. Праўда, ён не спаў і не снедаў. Ён купаўся ў рэчцы недалёка ад маста. Гурчэнне трактара прымусіла яго вылезці на бераг. Ён убачыў калону і хутка пачаў апранацца. Рукі яго пасля халоднай вады дрыжэлі, і ён доўга не мог зашпіліць гімнасцёрку. Абыякавасць, з якой ён вырашыў быў, пасля размовы з Лазавенкам, сустрэць дапамогу, — знікла. Ён адчуў, што хвалюецца, і зноў у думках лаяў Лазавенку, мяркуючы, што той знарок арганізаваў гэты «парад», каб «насаліць» яму, Лескаўцу.

Згаджаючыся прыняць дапамогу, калгаснікі «Партызана» кіраваліся адным добрым жаданнем: хутчэй скончыць сяўбу. Мабыць, ніхто не ўгледжваў і не шукаў у гэтай дапамозе нейкіх іншых матываў і хітрых намераў з боку суседзяў.

Інакш усё ўяўлялася Максіму, ён наперад ведаў, што дабрадзееўцы пакажуць большую арганізаванасць і дысцыпліну ў працы, павысяць нормы выпрацоўкі, якія існуюць у «Партызане», лепш апрацуюць глебу. І ўсё гэта Лазавенка выкарыстае, каб на прыкладзе даказаць, які ён, Лескавец, няздольны кіраўнік. Максім быў цвёрда перакананы, што паміж прыездам у калгас сакратара райкома і гэтай дапамогай ёсць пэўная сувязь. Чаму сакратар прыехаў іменна да яго? І прыехаў не так, як звычайна прыязджалі ўсе іншыя кіраўнікі, а размясціўся так, нібы думае жыць у калгасе невядома колькі часу. Хутчэй за ўсё, што гэта таксама справа Лазавенкі. І вось ён выкарыстоўвае гэты прыезд. Бо чаму ён усю вясну маўчаў і нават пазбягаў сустрэчы, на будаўнічую пляцоўку хадзіў не цераз вёску, а па беразе?

У Максіма кіпела на душы.

... На вуліцы ён спаткаўся з Макушэнкам.

Сакратар райкома ішоў у канец вёскі, дзе спыніліся дабрадзееўцы.

Угледзеўшы яго і, відаць, саромячыся спаткацца з ім на вуліцы ці прыйсці пазней, мужчыны і жанчыны цераз гароды спяшаліся на калгасны двор. Максім разумеў іх, бо і сам разгубіўся: падумае сакратар, што ён дагэтуль спаў. Але прывітаўшыся, Макушэнка проста спытаў:

— Выкупаліся? Кожную раніцу так? Зайздрошчу. Ну, ідзёмце, дайце людзям работу. Выкарыстайце на тых участках, дзе ў вас прарыў.