Выбрать главу

— Сядайце да стала, Пракоп Пракопавіч, не дачакаемся мы яго. Часта ён так — вячэрай снедае.

— Што-ж, справа маладая...

Сынклета Лукічна ўздыхнула.

— Што так цяжка, Лукічна?

Не адказваючы, яна наліла ў чаркі настойку, падсунула гасцю бліжэй патэльню з яешняй, талерку з хлебам.

— Частуйцеся, Пракоп Пракопавіч, а то нахадзіліся за дзень...

— Не буду ні піць, ні есці, покуль вы не сядзеце вось тут, каля мяне, — ён падсунуў бліжэй другі табурэт.

Жанчына села, крыху адпіла з чаркі і, выцершы вусны рогам хусткі, падперла далоняй шчаку і загаварыла:

— Даўно мне хацелася пагаварыць з вамі, Пракоп Пракопавіч. Вось вы пытаеце, чаму я так цяжка ўздыхаю... Ды хіба-ж я ўздыхала-б, каб ён, як вы кажаце, з дзяўчынай ночкі праводзіў... Для матчынага сэрца гэта радасць якая! Глядзіш, хутка і нявестка ў доме была-б... Засумавала я адна... Але няма ў яго дзяўчыны... Не з ёй ён ходзіць... Адзін блукае па полі, або ў Шаройкі сядзіць, прыяцеля знайшоў!.. Выпівае з ім. Неспакойна ў яго на душы, а ад чаго — не зразумею. Бачу я, гарыць ён на рабоце, баліць яго сэрцайка, каб зрабіць так, як у Васіля, зайздросціць ён Васілю, хочацца яму, каб і наш такі калгас быў. Але нядобра неяк зайздросціць... Васіля ледзь не ворагам лічыць, Ігната Андрэевіча пазбягае, у райком баіцца лішні раз заглянуць, параіцца, баіцца, мабыць, каб не падумалі там, што ён сам нічога не ведае, ні на што не здатны. А хіба-ж так можна? Я-ж ведаю, як бацька яго кіраваў. Райком для яго быў радней дома роднага. Ледзь у чым сумняваўся — адразу ў райком ехаў.

Сынклета Лукічна змоўкла, прыслухоўваючыся да шпаркага конскага тупату па грэблі і па мосце. Радасна заіржаў стаеннік. За рэчкай на яго іржанне адгукнуўся ўвесь табун.

— Максім прыехаў, — амаль шэптам, нібы сама сабе, прамовіла маці, але ў голасе ў яе была радасць. — «Арла» на пашу павёў.

Вёска ўжо даўно заснула. Здавалася, што ўсё жывое перамясцілася туды, на балота: там было шумна — крычалі дзеркачы, ржалі коні, і недзе далёка на ўзгорку, пад сасоннікам, гарэў вялікі агонь. У яго святле час-ад-часу з'яўляліся постаці.

Было ціха, не варушыўся ніводзін лісток на ігрушы, пад якой стаяў стол, але полымя свечкі, якую запаліла Сынклета Лукічна, трапяталася, нібы спалоханае, кідалася ва ўсе бакі.

Макушэнка моўчкі слухаў, зрэдку адкусваючы хлеб і кідаючы відэльцам у рот маленькія кавалачкі яешні.

— Дапамажыце вы яму, Пракоп Пракопавіч! — раптам, нахіліўшыся да яго, горача і хутка прашаптала Сынклета Лукічна, быццам спалохаўшыся, што нехта, перашкодзіць ёй выказаць тое самае галоўнае, дзеля чаго яна і пачала гэтую сардэчную размову.

Сакратар райкома ўспомніў сваю размову з Ладыніным. Усё тое, што яму сказала маці пра сына, гаварыў сакратар партарганізацыі.

Ладынін расказваў, што робіць партарганізацыя, каб кіпучую энергію гэтага маладога і няўрымслівага комуніста накіраваць па правільнаму шляху.

— Мы зрабілі нямала ўжо, — гаварыў Ігнат Андрэевіч. — Здаецца мне, што цяпер даволі нейкага аднаго нечаканага ўдару, аднаго выпадку, каб ён сам зразумеў адразу ўсе свае памылкі. А мы дапаможам яму.

Макушэнка цвёрда верыў у поспех работы старога большэвіка Ладыніна і таму ўпэўнена адказаў маці:

— Дапаможам, Сынклета Лукічна.

Яна не падзякавала, нічога не адказала на яго словы, а раптам пачала расказваць пра мужа, спакойна і проста.

— Антон мой. нябожчык, таксама ў моладасці гарачую галаву меў. Неспакойны чалавек быў!.. Як успомню, дык ажно не верыцца. Кіпела ў яго ў душы, сіла лішняя была, а прылажыць яе не было куды. Дык ён і бунтаваў. Што ён толькі не вырабляў! Першы забіяка быў на ўсё наваколле. Першы завадатар усіх боек быў. У царскія часы ў нас тут па святах вёска на вёску сцяной ішла, на кулачны бой. Дабрадзееўка на Лядцы, а часцей за ўсё разам нашы і іх ішлі «хахлоў» біць — на кісялёўцаў ці гайнаўцаў. Божачка мой, што тварылася! — Сынклета Лукічна, уявіўшы, што тады рабілася, ажно пляснула далонямі. — А Антон мой заўсёды першы ішоў... Хлопцам ён тады быў яшчэ... Аднойчы яго ледзь жывога вынеслі, жывога месца на целе не было. Не стрымалася я тады, кінулася да яго, пачала да сінякоў снег ды лёд прыкладваць. А ён апрытомнеў, смяецца... З таго часу ў нас і пачалося... Цераз год ён сватоў прыслаў. Зімой жаніўся, а вясной на заробкі паехаў, у каменшчыкі. Вярнуўся адтуль — не тым чалавекам стаў... Кніжкі пачаў чытаць...

Макушэнка разумеў яе. Маці вельмі хацелася апраўдаць характар сына, даказаць, што і ён можа быць такім-жа добрым і разумным, якім быў яго бацька.

А сын у гэты час быў недалёка. Прышоўшы дахаты, ён убачыў у садзе пад грушай агеньчык, пачуў голас маці і Макушэнкі і не захацеў ці не адважыўся (ён і сам не разумеў) падыйсці. Цішком залез на вышкі сваёй новай недабудаванай хаты, дзе начаваў, як толькі стала цёпла, і ляжаў там, утаропіўшы позірк у шчыліну для коміна, праз якую на яго глядзелі тры далёкія зоркі.