Выбрать главу

15...

Цесляры з'явіліся нечакана і дружна ўзяліся за працу. Максім нічога не ведаў аб іх прыходзе, і покуль вярнуўся з поля, зруб набыў усе рысы дома, нехапала хіба аднаго коміна. Цесляры нібы знарок у першую чаргу падагналі падаконнікі, вушакі, уставілі новенькія рамы, навесілі дзверы. Здалёк нялёгка было заўважыць адсутнасць шыбаў, а на комін мала хто звяртаў увагі, — і дом выглядаў зусім скончаным.

Максім, убачыўшы гэта, так здзівіўся, што, наблізіўшыся да зямлянкі, не адважыўся зайсці ў дом, две гаманілі людзі, стукалі сякеры, свісталі фуганкі. З коміна зямлянкі цягнуўся ў неба празрысты бялёсы дымок. Маці расчырванелая, у новай хустцы, сустрэла яго на парозе.

— Што гэта такое, мама? — спытаў ён.

— Пракоп Пракопавіч выклікаў брыгаду, што райком будавала.

«Выпрасіла», — хацеў было дакарыць ён яе, але стрымаўся, убачыўшы на яе твары задавальненне, і пабаяўся пакрыўдзіць старую.

— А дошкі? — кіўнуў ён галавой на дошкі, што ляжалі каля дзвярэй.

У яго нехапала матэрыялу на падлогу і ён, не жадаючы звяртацца да Лазавенкі, не раз думаў, дзе, акрамя «Волі», можна распілаваць бярвенні.

— Васіль пазычыў, сам прывёз на машыне. А бярвенні забраў. Распілуе.

Максім не тое, каб узлаваўся, яму стала неяк няёмка. Раней маці нічога не рабіла, не параіўшыся з ім. І раптам... Ён зразумеў гэта, як своеасаблівы пратэст, бунт супраць яго. Стала крыўдна і балюча.

— Трэба гліны, Максімка, прывезці. Заўтра пячнік прыдзе, — ласкава сказала маці, з трывогай назіраючы, як бляднее яго твар. Але ніякая ласкавасць ужо не магла стрымаць яго.

— У мяне ўсе коні на сяўбе. І мне не да гліны!

Маці дакорліва паківала галавой і не пашкадавала яго, хоць ведала, што яму цяжка.

— Тады я Васіля папрашу. Няхай табе сорамна будзе, — яна павярнулася і пайшла ў зямлянку. — Думаеш табе аўтарытэту будзе больш, што ты гліны сабе не прывязеш і ў зямлянцы будзеш жыць?

Максім, нічога не адказаўшы, таксама павярнуўся і пайшоў назад, у поле. Усё пераблыталася ў яго галаве за гэтыя гарачыя дні, спляліся ў нейкі клубок усе пачуцці. З насцярожанасцю сустрэў ён прыезд у калгас Макушэнкі, думаў, што той прыехаў рэвізаваць яго работу, адшукваць яго памылкі. З абурэннем сустрэў ён дапамогу Лазавенкі, звязваючы яе з прыездам сакратара райкома. Але ішоў трэці дзень і ніякага «падкопу» не было і ні ў чым не мог ён яго ўгледзець. А ўсё, што рабілася, рабілася на карысць калгасу, а значыцца — у дапамогу яму, старшыні. Сакратар райкома нават не ўмешваўся ў яго штодзённыя абавязкі. Ён больш хадзіў адзін, знаёміўся з гаспадаркай, проста і шчыра гутарыў з людзьмі ў полі, на ферме, заходзіў да калгаснікаў у хаты, сядзеў на ўроках у школе. На трэці вечар зрабіў даклад аб міжнародным становішчы, скончыў яго спакойнай размовай аб справах у калгасе, заклікаў хутчэй будаваць гідрастанцыю і падумаць аб меліярацыі балота.

Даведаўшыся, што ў краме няма солі, і жанчыны мусяць бегаць у Дабрадзееўку, Макушэнка на досвітку выклікаў заспанага спалоханага Гольдзіна. Цераз дзве гадзіны ў краме ўсё з'явілася. Лазавенка паказаўся толькі адзін раз, — у першы дзень дапамогі. Быў ён прыветлівы, вясёлы, моцна, па-сяброўску, паціснуў руку на развітанне. Калгаснікі яго сеялі і апрацоўвалі глебу, як на сваім уласным полі — добрасумленна, старанна. Максім не мог не бачыць, што гэтая незвычайная дапамога, прыклад дабрадзееўцаў у працы, прабыванне сакратара райкома, яго гутаркі з калгаснікамі, спаборніцтва паміж брыгадамі стварылі такі працоўны ўздым, аб якім ён раней і не марыў. Здавалася, што працавалі не тыя людзі. Гэта нават Шаройка ўбачыў і растлумачыў па-свойму, па-шаройкаўску:

— Хітры наш народ, Максім Антонавіч. Хітры, брат, ой, хітры. Глядзі, як стараюцца пры сакратары. Працуюць, як чэрці. Пры такой рабоце брыгадзіру няма чаго рабіць, не трэба ў шыбы стукаць...

Максім нічога не адказаў.

Хутка набліжаўся канец сяўбы. Усё гэта і радавала яго і чамусьці трывожыла. У той дзень неспакой гэты быў крыху заглох, але нечаканыя цесляры, размова з маці зноў паднялі ў душы завіруху.

Як яму трэба ставіцца да ўсяго гэтага? Не звярнуць увагі на чуласць сакратара райкома, на шчодрасць Лазавенкі? Зрабіць выгляд, што гэта яго не датычыцца і мала цікавіць, што ўсё гэта зроблена імі для яго маці, жонкі партызанскага камандзіра Антона Лескаўца, які сваёй гераічнай смерцю заслужыў такія адносіны да сваёй сям'і, якая засталася?