Але Максім разумеў, што гэта было-б больш чым недарэчна, — аддзяліць сябе ад сям'і, у якой па-сутнасці застанецца тады адна маці, ад светлай памяці бацькі. Недарэчна і няшчыра. Няшчыра таму, што ў сэрцы яго, не гледзячы ні на што, цяплілася ўдзячнасць.
Яму даволі ўжо абрыдла жыццё ў зямлянцы. Ён нават пазбягаў туды заходзіць і зайздросціў, калі наведваўся ў добрыя ўтульныя хаты. Думкі аб сваёй няскончанай хаце часта не давалі яму заснуць да раніцы. І раптам усё вырашаецца так проста і хутка. Цераз некалькі дзён ён будзе ва ўласнай хаце, і ніхто не папракне яго, што ён збудаваў яе, выкарыстаўшы сваё становішча старшыні (ён вельмі баяўся такога папроку). Так, ён не можа не быць удзячны і Макушэнку і Васілю. Але выказаць гэтую ўдзячнасць словамі ён, безумоўна, не мог.
...Узяўшы з канюшні рыдлёўку, Максім непрыкметна прабраўся ў кар'ер, каля старога млына, дзе з даўніх часоў бралі гліну, залез там у глыбейшую яму і за якую гадзіну-дзве выкінуў на паверхню гліны не на адну, а на добрыя тры печы. Прывёз яе дахаты ўвечары, калі ўжо добра сцямнела.
16...
Макушэнка і Ладынін вырашылі ў апошні дзень сяўбы правесці мітынг. Няхай людзі абодвух калгасаў скажуць на ім добрыя, цёплыя словы аб дружбе, аб узаемадапамозе, а яны, кіраўнікі, накіруюць іх увагу на вырашэнне новых задач і, у першую чаргу, на тое, каб поўным ходам разгарнуць будаўніцтва гідрастанцыі.
Ладынін раніцой з'явіўся ў «Партызане» і ўсю першую палавіну дня займаўся сваімі ўрачэбнымі справамі.
Апоўдні ён, Макушэнка і Максім вышлі з вёскі ў поле. Пайшлі за рэчку — там працавала большасць людзей. Дзень быў спякотны, паліла, як у ліпені. І зямля была такая-ж сухая, як сярод лета. Пыл на дарозе быў, што прысак, ногі танулі ў ім. На торны гарнітур Макушэнкі і на боты Лескаўца лёг светлашэры налёт.
Макушэнка паглядзеў у дымнае неба, дзе не было ніводнай хмурынкі.
— Эх, дожджык-бы!
— Сёння павінен быць абавязкова, — запэўніў Ладынін!. — Я заўсёды беспамылкова вызначаў яго набліжэнне. Ные рана. Гудзяць ногі.
Каля маста — стойла. На беразе — чорны квадрат выбітай жывёлай зямлі. На ім цесна ляжалі і стаялі каровы, некаторыя з іх зайшлі ў рэчку і махалі хвастамі, хоць не было яшчэ ні мух, ні аваднёў, а камары пахаваліся ад спякоты.
Сярод статку хадзілі з дайніцамі жанчыны, кожная знаходзіла сваю карову, падымала і адганяла ўбок. Крыху воддаль пад вербамі каля агароджы, якая адгароджвала стойла ад пасеваў, даілі калгасных кароў. Даяркі былі ў белых касынках і белых фартухах. На самым беразе сядзела загадчыца фермы Клаўдзя Хацкевіч, перад ёй, да паловы пагружаныя ў ваду, стаялі бідоны.
— Які дзённы надой? — павярнуўся Макушэнка да Максіма, у змаршчынках пад яго вачыма хавалася хітраватая ўсмешка. Максім сумеўся: усе фермаўскія лічбы пераблыталіся ў яго галаве, хоць Клаўдзя штодзень бамбардзіравала імі. Можа таму яны і не запаміналіся, што занадта многа яна гаварыла гэтых лічбаў. Як разыйдзецца на паседжанні праўлення, дык адным залпам паведаміць усё: і колькі малака давалі каровы да вайны, і колькі мелі-б гэтага малака, каб выканалі ўсе яе, Клаўдзіяй, патрабаванні, і кожны раз аб суседзях — аб надоях у «Дружбе» і ў «Волі».
Макушэнка дакорліва паківаў галавой.
— Старшыні сорамна не ведаць такія рэчы. Запомні, што гэта — не дробязь — малако. У калгасе няма дробязей... Ты павінен ведаць прадукцыйнасць кожнай каровы, не толькі што... Інакш кіраваць нельга. А ўяві сабе той блізкі час, калі ў цябе будзе сто... дзвесце дойных кароў. Што тады?
«Вось яно... пачынаецца», — Максім уздыхнуў і выцер з ілба пот. Макушэнка прапанаваў зайсці на стойла.
«Ну, зараз яна натарахторыць — толькі слухай, — падумаў Максім аб Клаўдзі, з неахвотай збягаючы следам за Макушэнкам з насыпу грэблі ўніз на поплаў. — Усё на мяне зваліць, чортава ляскаўка».
Ён успомніў, як хітра і ўпарта ўгаварваў яго Шаройка замяніць Клаўдзю другім чалавекам. Рабіў ён гэта заўсёды пасля таго, як Клаўдзя даводзіла старшыню да кіпення. У такія хвіліны Максім згаджаўся са сваім дарадчыкам, але потым, астыўшы, супакоіўшыся, разумеў, што лепшага загадчыка фермы знайсці цяжка. Пачуццё справядлівасці перамагала ўсе іншыя пачуцці.
Клаўдзя спакойна паднялася, скруціла ў трубку самаробны сшытак з сіняй паперы, сунула яго ў кішэню. На вуснах яе пакінуў даволі прыкметны след хімічны аловак, і гэтая фіялетавая плямка таксама, як і кароткі, не па росту, белы халацік, неяк маладзілі яе, рабілі падобнай на дзяўчыну-падлетка. Але рукі яна паціснула ўсім смела, проста і не па-жаночаму моцна. А Максіму ўпотайкі задзірыста падміргнула: «Пачакай, вось тут я табе задам». І сапраўды, як заўжды, адразу павяла наступленне: