Выбрать главу

17...

Лескаўцу прапанавалі выступіць першаму, ён стрымана падзякаваў суседзям за дапамогу і пачаў гаварыць аб тым, аб чым якую гадзіну назад гаварыў яму сакратар райкома, — аб сацыялістычным спаборніцтве. Ладынін насцярожыўся, падумаў: «Шчыра, ці крывіць душой?» Але, слухаючы далей, пераконваўся, што прамова старшыні «Партызана» шчырая. Бо нельга гаварыць няшчыра з такім запалам, з такім натхненнем, з такой верай, што словы твае ўзыйдуць у чалавечых  сэрцах, як добрыя зерні пасля дажджу. А па ўсім было відаць, што Лескавец верыў у гэта. І Ладынін узрадаваўся, бо адчуў, што гэта новая рыса ў яго характары.

Няшчадна пякло сонца. Сасоннік, на ўскрайку якога адбываўся сход, дыхаў гарачым смольным водырам. Калгаснікі сядзелі, ляжалі ніцма, на баку, абапёршыся на локці, у рэдкім цені маладых сасонак. Запыленыя з ног да выгараўшых валасоў баранавальшчыкі — усе маладыя хлопцы — былі падобны да шахцёраў, якія здабывалі нейкі незвычайны па колеру вугаль. Вочы ў хлопцаў гарэлі вясёлымі агеньчыкамі і зыркалі па баках, шукаючы каго-б штурхнуць, з каго-б пажартаваць. Аднак гэта не перашкаджала ім уважліва слухаць. Прысутнасць сакратара райкома стрымлівала іх. Больш спакойна і паважна сядзелі мужчыны — аратыя і сейбіты. Запылены яны былі не так бязлітасна, у многіх на галавах былі палінялыя вайсковыя фуражкі. Зусім ціха, сціпла, у баку ад хлопцаў, сядзелі дзяўчаты. Жанчын было мала, быў палудзень, і яны пайшлі дахаты, каб накарміць дзяцей, падаіць кароў. Дзяўчаты сядзелі гуртам, прытуліўшыся адна да адной, закрыўшы падоламі сукенак запыленыя ногі.

Але толькі з першага позірку здавалася, што яны спакойныя. А калі паназіраць за іх вачыма, можна было ўбачыць, што пад доўгімі сарамліва апушчанымі вейкамі свяціліся такія-ж гарэзлівыя агеньчыкі, як і ў хлопцаў.

У сасонніку фыркалі коні. Яны схаваліся ад спякоты і, нібы па камандзе, махалі галовамі. Толькі асобныя, найбольш прагныя да ежы, хадзілі па полі і скублі траву. На дарозе стаялі фурманкі, ляжалі перакуленыя ўгару зубцамі бароны, адлюстроўвалі вясёлых зайчыкаў адшліфаваныя зямлёй лемяхі плугоў.

Людзі расселіся неяк так, што прамоўцам Трэба было стаяць на сонцапёку. Васіль Лазавенка пажартаваў з гэтай прычыны:

— Не, сёння аматары доўгіх прамоў не змогуць злоўжываць цярпеннем. Часцей-бы іх на такую трыбуну выстаўляць.

Аднак сход зацягваўся. Гаварылі не падоўгу, але жадаючых выступіць было нямала.

Цёпла, пранікнёна гаварыў Лазавенка аб умацаванні дружбы паміж калгасамі, аб тым, каб, зліўшы намаганні, зрабіць абодва калгасы-суседзі перадавымі.

— Калгасы нашы невялікія, і кожны паасобку ніколі не змог-бы ажыццявіць, напрыклад, будаўніцтва гідрастанцыі. А агульнымі сіламі мы пабудуем яе! Ёсць не мала мерапрыемстваў, звязаных з электрыфікацыяй і механізацыяй гаспадарак, з уздымам ураджайнасці, якія можна зрабіць толькі разам. Напрыклад, асушка Голага балота...

Гэта была яго новая прапанова, ён падрабязна расказаў, як лепей арганізаваць гэтую справу, якія патрабуюцца сродкі — у яго ўсё ўжо было дакладна падлічана — і якія выгоды атрымаюць калгасы пасля меліярацыі. Слухалі яго ўважліва. Максім, які быў упэўнены, што Лазавенка будзе гаварыць галоўным чынам пра гідрастанцыю, папракаць за зрыў работы на будаўніцтве, здзівіўся, Васіль, наадварот, выказаў упэўненасць, што станцыя будзе збудавана ў тэрмін.

Самую кароткую прамову сказаў Міхей Вячэра.

— Дарагія таварышы калгаснікі калгаса «Партызан», дазвольце вам пажадаць, каб вы надалей увесь час працавалі так, як вы працавалі гэтыя тры дні.

— Лепш будзем працаваць! — выгукнуў аднекуль з сасонніку малады голас. — Не пад'язджай, стары хітрун!