Выбрать главу

Ён так задумаўся, што да яго нават не адразу дайшло пытанне Ладыніна.

— Дарэчы, Лескавец, вы выканалі пастанову партыйнага сходу — абмералі сядзібы?

— А-а?.. абмералі.

— Чаму-ж маўчыце дагэтуль! Якія вынікі? Ёсць парушэнні?

— Асаблівых няма. Так, некалькі сотак...

— А ў Шаройкі? — спытала Маша.

— У Шаройкі нешта сотак пяць, дакладна не помню.

— А можа пяцьдзесят, Максім? Прыпомні, — іранічна заўважыла Маша.

Шчокі і шыя Максіма наліліся чырванню.

— Мне няма чаго прыпамінаць. Не верыш — правер.

— Не веру і перамераю, бо мне сорамна за цябе, Максім, — спакойна, з сумам у голасе адказала яна. — Ты паслухаў-бы, што людзі кажуць. Ты палічыў нізкім для сябе займацца такой работай і даручыў яе... Шаройку. Больш ты нікога не знайшоў? Кату даручыў сала. Ды гэта-ж проста здзек над сумленнымі калгаснікамі! Як ты не разумееш гэтага? Да якога часу ты будзеш такім сляпым і глухім?..

Максім натужліва ўсміхнуўся.

— Давай, давай, валі... бі... да ручкі! Я прывык... — ён сказаў гэта, здалося, спакойна, нават быццам жартам, але Ладынін бачыў, якіх намаганняў каштуе яму гэтая знешняя спакойнасць.

— Ідземце ў хату і там пагаворым... Разбярэмся, у чым справа.

— Я не маю часу разбіраць бабскія плёткі, таварыш Ладынін! Гэта — ваш занятак, — злосна адказаў Максім і, крута павярнуўшыся, шпарка пайшоў у напрамку свайго дома.

Маша ажно аслупянела. Яна глядзела яму ўслед і, бляднеючы, шаптала:

— Які нахабнік!

Ладынін зразумеў яе і спакойна сказаў:

— Нічога, Маша! Не звяртайце ўвагі. Ён абразіў сам сябе, а не мяне.

Праз гадзіну Маша склікала комсамольскі сход. Пасля сходу комсамольцы абмералі ўсе сядзібы. У Шaройкі і ў шмат каго з тых, хто яго падтрымліваў, выявілі многа незаконна захопленай грамадскай зямлі. На другі дзень па патрабаванню Ладыніна Лескавец інфармаваў аб гэтым праўленне.

Гаварыў ён коратка і ціха, не падымаючы ад паперы вачэй. За ўвесь час ні разу не глянуў на Ладыніна, але скончыў яго словамі:

— Незаконны захоп зямлі — цяжкае злачынства перад калгасам.

Праўленне зняла Шаройку з пасады брыгадзіра.

Пасля паседжання, калі ўсе разышліся, Лескавец напрасіў сакратара:

— Прашу, таварыш Ладынін, паставіць пытанне аб перавыбарах старшыні. Я не магу больш. Я сыты па горла... Хопіць!..

Ігнат Андрэевіч па-сяброўску абняў яго за плечы.

— Не гарачыся, Максім Антонавіч. Паспрабуй папрацаваць без Шаройкі, без яго парад... А перавыбраць цябе... гэта ніколі не будзе позна. Толькі, брат, дызертырства ёсць дызертырства... Інакш гэтага не зразумеюць ні калгаснікі, ні партарганізацыя.

А вярнуўшыся ў Дабрадзееўку, Ладынін у той-жа вечар пазваніў Макушэнку.

— Выкліч ты, Пракоп Пракопавіч нас з ім на бюро і добра пагутарце, каб ён адчуў... Здаецца, у яго пачынаецца крызіс. Трэба дапамагчы яму... ачуняць...

19...

— Хвалюешся?

— Хвалююся, Алеся. Во, — Маша прыціснула далонь да сэрца, нібы жадаючы такім чынам выказаць сілу свайго хвалявання.

— Я разумею. Як перад экзаменам. Я перад першым вось так хвалявалася.

— Гэта куды адказнейшы экзамен, Алеся! Гэта экзамен на самае вялікае званне, якое толькі ёсць на свеце.

Экзамен! Яна не раз задумвалася над тым, чым для яе будзе прыём у партыю. І вось, Алеся падказала ёй гэтае кароткае і амаль дакладнае вызначэнне:

«Вялікі экзамен!»

А ці падрыхтавана яна, як належыць, да яго? Ці мае права яна трымаць такі пачэсны экзамен? Ці заслужыла яна, каб насіць такое званне? Яна паглядзела на партрэты Леніна і Сталіна, што віселі на сцяне.

«Член Усесаюзнай Камуністычнай партыі (большэвікоў). Не, спачатку кандыдат, — падумала. — Спачатку праверка на рабоце, у жыцці. З заўтрашняга вечара пачнецца гэты вялікі экзамен». Перад ёй ляжала «Гісторыя ВКП (б)». Ужо шмат дзён яна чытала гэтую кнігу. На працягу ўсёй зімы яна вывучала гісторыю партыі з комсамольцамі, кіравала гуртком. Яе слухачы, асабліва дзяўчаты (хлопцы былі больш стрыманыя) не раз захапляліся яе ведамі, ды і сама яна тады была ўпэўнена, што ведае ўсё і зможа адказаць на любое пытанне па кароткаму курсу. Цяпер-жа ёй здавалася, што яна нічога не ведае. За колькі дзён яна прачытала толькі палавіну кнігі. Засталася яшчэ амаль такая-ж палавіна і ў дадатак тая, якую яна чытала даўно, некалі яшчэ ў дні фашысцкай акупацыі. Тады яна хавала гэтую дарагую кнігу на гары, пад комінам-лежаком.