Выбрать главу

Усё адбылося значна прасцей, чым яна ўяўляла. Але ў гэтай прастаце, як яна зразумела пасля, і была ўся веліч і ўрачыстасць прыёму ў партыю.

Ігнат Андрэевіч спакойным, але крыху незвычайным голасам прачытаў яе заяву і анкету.

— Пытанні? — коратка спытаў Мяцельскі, які вёў сход.

— Біяграфію, — адгукнуўся Косця Раднік, якога самага толькі нядаўна прымалі ў члены партыі.

Маша паднялася. Але з ёю падняўся Міхей Вячэра:

— Не трэба, Маша. Ведаем мы ўсю тваю біяграфію, на нашых вачах вырасла, — і, звяртаючыся да ўсіх, прадоўжыў: — Усё жыццё яе, што на далоні ў мяне. Я на яе радзінах быў. Мы з Паўлам Кацубам дружбакі былі, разам грамадзянскую прайшлі, разам дамоў вярнуліся. Трое нас — Антон Лескавец, — Міхей паглядзеў на Максіма,— і мы. Першыя і калгасы арганізоўвалі; яны з Лескаўцом у Лядцах, а мы з Фадзеем Гоманам тут, у нас.

Вячэра хвіліну памаўчаў, абвёў усіх позіркам, нібы спытаў: а ці тое ён гаворыць, што патрэбна? Але ўбачыўшы, што слухаюць яго ўважліва, моўчкі, прадоўжыў:

— Усё помню... Помню, як маці яе памерла... Прышлі мы з могілак, на памінкі, як вядзецца... Выцерла яна слёзы і... гаспадыня ў хаце... Шмат хто тады... — хацеў было ён нешта ўспамінаць яшчэ, але махнуў рукою і пачаў пра другое: — Або возьмем сорак першы год... Помню, сядзім з Пракопам Пракопавічам, раімся, каго сувязнымі нашымі зрабіць у вёсках. І яе, Машу, Антон Лескавец першую назваў. А цераз месяц яна да нас першыя звесткі прынесла... Прышла босая, а ўначы холад ударыў, сняжок пацярусіў... Я раніцою ботаў ёй па лагеры шукаў...

Маша, як паднялася, так і стаяла, прытуліўшыся плячом да сцяны. Слухала і адчувала, што ўсё раўней і раўней б'ецца яе сэрца.

— Адным словам, я з радасцю даў ёй рэкамендацыю, я першы і прапаную — прыняць аднагалосна, — нечакана скончыў Міхей.

Ладынін усміхнуўся з гэтага «прыняць аднагалосна», але больш, відаць, ніхто абмоўкі не заўважыў, бо ні ў каго, мабыць, і думкі не было, што можна не галасаваць за яе прыём.

— Сядай, Маша. Чаму ты стаіш? — ласкава сказаў Ладынін.

Выступіў Васіль Лазавенка. Ён гаварыў аб яе рабоце ў калгасе ў пасляваенны час і асабліва ў апошнюю, вясну, аб яе клопатах за ўраджай, за ўздым калгаснай гаспадаркі, аб яе агратэхнічнай вучобе. Маша слухала і здзіўлялася, скуль ён ведае такія падрабязнасці аб яе брыгадзе.

Калі ён скончыў гаварыць, інструктар райкома спытаў:

— З Статутам партыі пазнаёміліся?

Яна зноў паднялася, як на экзамене, адказала коратка:

— Так, — але падумаўшы, паправілася. — Вывучыла.

— Можа старшыня хоча сказаць? — кіўнуў Мяцельскі Максіму Лескаўцу.

Ён падняўся, зрабіў паузу, кашлянуў, быццам рыхтаваўся да доўгай прамовы, а сказаў усяго тры словы:

— Падтрымліваю поўнасцю. Вартая.

Больш не ведаў, што сказаць. На яго моцнае ўражанне зрабіла выступленне Вячэры. Ён адчуў раптам, што ў яго знікла злосць на Машу, якую ён непрыемным цяжарам насіў апошні тыдзень, пасля выпадку з сядзібамі.

Машы нават крыху крыўдна стала, што ніхто не спытаў, не задаў пытанне з гісторыі партыі або Статута, нават не папрасілі расказаць абавязкі члена партыі.

Калі галасавалі, яна не падымала галавы. Ёй здавалася, што глядзець няёмка: а раптам хто не пажадае падняць рукі?

— Прынята аднагалосна!— абвясціў Мяцельскі, і Маша ўздрыгнула ад нечаканых воплескаў, і зноў закалацілася яе сэрца, загарэліся шчокі. Яна не ведала, што рабіць у такіх выпадках і яшчэ ніжэй апусціла галаву.

Пасля прыёму слухалі Гольдзіна. Ён гаварыў доўга і хітра: больш аб чужых сельпо, чым аб сваім, — каб давесці, што ў яго справы не горш, чым у другіх. На самай справе, непаладкаў у яго рабоце было нямала. Таму Ладынін і вырашыў паслухаць яго, як комуніста, на закрытым партыйным сходзе.

Ніякія хітрыкі Гольдзіна не дапамаглі — крытыкавалі яго моцна. Абмеркаванне праходзіла весела: Вячэра, Косця Раднік, Лазавенка і Лескавец расказалі нямала цікавых выпадкаў. Гольдзін выціраў пот, ёрзаў, занатоўваў нешта ў блакнот і раптам перапыняў таго, хто выступаў:

— Чакай! Зусім гэта не так. Што ты мне расказваеш! Любі праўду! — і сур'ёзна дапаўняў такія дэталі, якія выклікалі агульны смех. Толькі Ладынін у такіх выпадках хмурыўся: ён угледжваў у гэтым чарговую хітрасць Гольдзіна — жартачкамі адхіліць ад сябе крытыку.