Выбрать главу

Сакратар сельсовета Галя Бондар, убачыўшы іх, разявіла рот і ад здзіўлення не адказала на прывітанне. Маша засмяялася. Тады і Галя зарагатала.

— Каб вы ведалі, што я пра вас падумала зараз, вы-б забілі мяне.

— Навошта нам цябе забіваць, калі ты нам зараз патрэбна, — адказаў Васіль. — Ты правільна падумала.

— Правільна? — у дзяўчыны ашклянелі вочы і выцягнуўся твар.

Васіль моцна пастукаў у дзверы кабінета старшыні.

— Заходзьце! Чаго там!..

Байкоў стаяў пасярод пакоя, задаволена паціраў кантужаную руку.

— Мяне, старога вераб'я, не правядзеш. Я глянуў у акно і ўсё зразумеў. З такімі тварамі ідуць толькі адзін раз у жыцці і толькі ў сельсовет. Ну-у, віншую і жадаю вам такога шчасця і жыцця, якога вы самі жадаеце сабе...

Ён абняў Васіля, пацалаваў Машу і раптам адвярнуўся, плечы яго ўздрыгнулі.

Васіль і Маша пераглянуліся і зразумелі. Дачка Сяргея Іванавіча Валя, якую забілі фашысты, была аднагодкай і сяброўкай Машы.

Хвіліну цягнулася цішыня.

Байкоў падышоў да стала, павярнуўся.

— Прабачце старому, — і, выцершы вочы пальцамі, гукнуў: — Галя! Давай кніжку! Я сам запішу вас. І на вяселлі вашым пагуляю, як не гуляў ужо даўно. Эх, і пагуляю!

Не было больш і цені пачуцця сарамлівасці, не было хвалявання і той ніякаватасці перад людзьмі, якую адчувала Маша ўсю раніцу. Калі вышлі з сельсовета, з'явілася новае пачуццё — лёгкі, прыемны смутак, быццам шкада было ўсяго таго, што засталося там, недзе ва ўчарашнім дні. Такое адчуванне бывае, калі чалавек пераступае нейкую мяжу і пачынае новае жыццё. Машы нават здалося, што і ўсё навакольнае стала крышачку інакшым, чым было яно колькі хвілін назад.

— Цяпер давай маці здзівім, — сказаў Васіль, і Маша моўчкі згадзілася з прапановай ісці да яго. Ды інакш і нельга было — яна гэта разумела. Цяпер было-б ужо смешным і недарэчным хавацца ад людзей. Цяпер ёй і самой хацелася ісці побач з ім, ісці з гордасцю за яго і за сябе. Няхай глядзяць і радуюцца разам з ёй усе, хто зычыць ім шчасця. Няхай злуюцца і асуджаюць тыя, каму гэта не падабаецца.

Яны ішлі, гутарылі і смяяліся. Але ў канцы саду Маша раптам спынілася, нібы наскочыла на нейкую перашкоду.

— Вася! Ладынін!

Да любой сустрэчы яна-б аднеслася зараз абыякава, нават, здавалася, каб раптам спаткаў іх Максім... Але Ладынін... А раптам сакратар не ўхваліць яе ў гэтую светлую, незабыўную хвіліну? Ён можа зрабіць гэта не словамі — адным позіркам.

Ладынін ішоў па сцежцы паўз агароджу.

— Ну, дык што, што Ладынін? — і, зразумеўшы яе, Васіль усміхнуўся. — Ён ведае. Я сказаў яму... Яшчэ ўчора...

Ладынін убачыў іх і, спыніўшыся, чакаў.

Бровы яго сышліся ў адну лінію, утварыўшы зморшчынкі на ілбе. Позірк у яго быў суровы, і ў Машы спалохана ёкнула сэрца. Але праз момант яна зразумела: такім чынам Ігнат Андрэевіч намагаўся схаваць усмешку. І не здолеў. Яна пырснула раптоўна,— добрая, ласкавая, асвятліла яго твар. Ён працягнуў Машы руку і сказаў адно толькі слова, простае і шчырае:

— Віншую.

А паціскаючы руку Васілю, дадаў:

— Ад шчырага сэрца.

Васіль кіўнуў галавой у бок свайго дома:

— Зойдземце, Ігнат Андрэевіч?

— Не, не. Я ведаю, калі трэба зайсці. Не турбуйся. Апрача таго, мне трэба ехаць... Чакаю Лескаўца... Калі ласка, — ён з павагай саступіў са сцежкі, і яны, адышоўшы, адчувалі на сабе яго добры позірк, і сэрцы іх усё больш і больш напаўняліся адчуваннем шчасця.

Старая Кацярына палола грады і, як заўсёды, думала пра сына, уздыхала. Слаўны яе сын, паважаны на ўвесь раён. Але для поўнага матчынага шчасця нехапала аднаго... Сапраўды, няўжо няма для яго дзяўчыны? Падабаецца яму доктарава дачка — сватаўся-б да яе, не цягнуў-бы. Старая ўпэўнена, што выйсці замуж за такога чалавека, як яе сын, найвялікшае шчасце нават і для доктаравай прыгажуні. Праўда, у душы яна за тое, каб сын жаніўся на прасцейшай дзяўчыне. Але хіба яму ўкажаш? Ды, урэшце, Ліда таксама дзяўчына неблагая. Яна і грады палоць умее не горш за любую вясковую, і карову падоіць... А выйдзе замуж — дык, вядома, кіне з хлапчукамі на каньках бегаць, ды ў мяча гуляць...

— Мама, ідзі сюды!

Яна выпрамілася і ўбачыла сына: ён стаяў каля паркана. Побач з ім стаяла Маша. Але, убачыўшы яе, Кацярына нічога не падумала, бо ці мала цяпер ходзіць людзей, і старых і маладых, да яе сына, тым больш, што ў хаце калгасная канцылярыя. І яна спытала:

— А навошта я табе?

— Ідзі, ідзі хутчэй.

Яна падышла.

— Мый, мама, рукі і жар яешню — частуй нявестку,— Васіль сказаў гэта проста, з гарэзнай усмешкай, і маці спачатку падумала, што ён жартуе. Але, зірнуўшы на Машу і ўбачыўшы сарамлівы румянец на яе твары, ахнула, ажно прысела і не ведала, што рабіць са сваімі запэцканымі ў вільготную зямлю рукамі. Потым хуценька выцерла іх аб фартух, кінулася да Машы, абняла.