— Машачка, родная мая! Не дарма я цябе ў сне сёння бачыла, — і заплакала.
— Не трэба, мама, — цалуючы яе, сказала Маша і ўздрыгнула. «Мама!» — слова гэтае кранула самыя найлепшыя пачуцці ў душы. Восем год яна не мела каму сказаць гэтае самае дарагое слова і толькі, успамінаючы маці, шаптала яго, часцей за ўсё ў хвіліны роспачы і гора. І вось яна прамовіла гэтае слова ў радасці, звяртаючыся да жывога чалавека. Ад гэтага яшчэ больш светлым зрабілася яе шчасце, і яна адчула, што шчокі яе мокрыя ад слёз.
Нядоўга Маша затрымалася ў свякрухі — толькі паснедалі. Але гэтай нейкай гадзіны — не больш — было дастаткова, каб навіна маланкай абляцела і Дабрадзееўку і Лядцы.
Жанчыны яе брыгады палолі лён каля самых гародаў, у баку ад дарогі. Убачыўшы Машу яшчэ каля сасонніку, яны ўсе, як адна, пасталі і, засланіўшыся далонямі ад сонца, глядзелі на яе. Маша зразумела, што яны ўсё ведаюць, і рушыла да іх. Дзяўчаты кінуліся ёй насустрач. Падбеглі, абхапілі дзесяткам пар рук, павіслі на шыі, потым амаль панеслі.
— Віншуем, Машанька!
— Не віншаваць, а біць трэба! Гэта-ж сказаць: такое ад сябровак хавала!
— А я ведала, — адгукнулася Дуня.
— Ведала?
— Ведала, але маўчала.
— Усёадно не даруем Машы!
— На каго ты нас пакінеш?
— Не пусцім мы цябе ў «Волю»!
— Не пусцім, дзяўчаты!
— Няхай Васіль да нас ідзе!
Да гэтага часу Маша ні разу не падумала, дзе, сапраўды, яна павінна жыць, як будзе з яе брыгадзірствам. І Васіль ні слова не сказаў пра гэта.
— Я нікуды не пайду!
Але на словы яе не звярнулі ўвагі. Толькі нехта з жанчын адгукнуўся:
— Расказвай! Ведаем мы! На крылах паляціш!
Жанчыны паводзілі сябе больш стрымана — не абнімалі, не цалавалі, нават асабліва не віншавалі, толькі добра, ласкава ўсміхаліся, прыязна ківаючы галовамі. Ухвалялі практычна, разважліва.
— Малайчына, Маша! Васіль — залаты чалавек.
— За такім будзеш жыць, што за цёплай печкай.
— Ён і на чужыя спадніцы не заглядвае...
— Хай цяпер паскача певень гэты!
— Добрую ты яму дулю паднесла...
Словы гэтыя неяк непрыемна ўразілі Машу. Яна аглянулася і ўбачыла Сынклету Лукічну. Старая стаяла воддаль, у баку ад усіх. Позіркі іх сустрэліся. Сынклета Лукічна глядзела сурова, закусіўшы губу; позірк яе гаварыў (так здалося Машы):
«Не Максіма, а мяне пакрыўдзіла ты на ўсё жыццё».
Нібы цень лёг на светлую Машыну радасць, трывожна застукала сэрца. Было шкада гэтай шчырай жанчыны. Захацелася падыйсці, сказаць ёй такія добрыя, ласкавыя словы, каб ад крыўды яе нічога не засталося, каб паміж імі зноў усталяваліся тыя цёплыя сяброўскія адносіны, якія былі ўвесь час. Але Сынклета Лукічна, быццам зразумеўшы яе намер, раптам павярнулася і пайшла ў бок вёскі, згорбленая, адзінокая.
Гэта ўбачылі жанчыны і ўраз прыціхлі, засароміліся саміх сябе, сваёй нястрыманасці.
Нехта ўздыхнуў.
— Шкада цёткі Сылі!..
Ганна Акуліч па сваёй душэўнай прастаце дадала:
— Яна цябе, Маша, за нявестку ўжо лічыла.
Маша ўзлавалася: чаму яны па-бабску сунуцца ў чужыя справы? Але стрымалася. Нахілілася і пачала палоць. Жанчыны таксама моўчкі ўзяліся за работу...
Дзіўна і шумна рэагавала Алеся. Вярнуўшыся са школы і даведаўшыся, што сястра вышла замуж, яна пабегла і знайшла яе на лузе. Здалёк закрычала:
— Ну, што ты нарабіла?
Маша ажно спалохалася.
— А што?
— Не магла пачакаць пяць дзён!
— Навошта? — здзівілася Маша.
— Покуль я здам апошні экзамен. А цяпер я правалю.
— Чаму?
— Пра цябе буду думаць.
Маша падышла і абняла яе.
— Якраз цяпер табе і не трэба думаць пра мяне.
Многа ў той дзень у Лядцах было гаворак аб гэтым нечаканым шлюбе. Гаварылі пры Машы і без яе. Адзін толькі чалавек маўчаў — Пеця. Ён не прышоў абедаць, а, з'явіўшыся ўвечары, не сказаў ні слова. Хадзіў маўклівы, злосны, усё перакульваў на сваім шляху, разбіў талерку. Дарэмна Алеся намагалася выклікаць яго на гутарку, на спрэчку, на лаянку. Хлопец хадзіў, быццам вады ў рот набраўшы.
Маша разумела пачуцці брата і шкадавала яго.
23...
Дзвесце грамаў гарэлкі, якія Максім выпіў у раённай чайной, не ўзнялі настрою. На душы было вельмі неспакойна. Гэта была не крыўда, не злосць, а пакутлівае і цяжкае пачуццё. Няхай-бы яго лаялі, няхай-бы, урэшце, далі спагнанне — было-б, здавалася, лягчэй, бо ён падрыхтаваў сябе да гэтага, як толькі даведаўся, што яго будуць слухаць на паседжанні бюро райкома. Ён чакаў самай суровай «разноснай» крытыкі. Крытыка была, але нейкая дзіўная. Дзве гадзіны члены бюро гаварылі пра яго недахопы, гаварылі спакойна, разважліва, нібы агітавалі, і кожны з іх, кранаючы тое ці іншае пытанне, абавязкова параўноўваў «Партызан» з «Воляй», кіраўніцтва Лескаўца з работай Лазавенкі. Для Максіма гэта было самае цяжкае, бо ўсё, што ні гаварылі, было суровай праўдай, якая калола вочы. І яшчэ няёмка і цяжка было ад таго, што на паседжанні прысутнічаў сакратар абкома Павел Сцяпанавіч, які да вайны быў сакратаром іх райкома і шмат год працаваў разам з бацькам, сябраваў з ім. Ён таксама выступіў і пачаў сваё выступленне з успамінаў аб Антоне Лескаўцы, аб яго рабоце на пасадзе старшыні, аб яго гераічнай смерці ў барацьбе з ворагамі.