Максім ураз насцярожыўся, зразумеўшы, што брату шмат аб чым ужо расказалі.
— Так, слухалі.
— Ну, і што?
— Вядома, што. Прапясочылі, як мае быць.
Аляксей крутнуў галавой.
— Прапясочылі... Значыцца было за што.
— У нашай рабоце заўсёды будзе за што... Гэта — не ў вас...
— Вось як! — здзівіўся Аляксей і, падняўшыся, прайшоўся па пакоі, шырока, па-матроску, расстаўляючы ногі, нібы падлога гойдалася пад ім. Спыніўся перад Максімам, рэзка спытаў:
— Спагнанне далі?
— Не. Абмежаваліся размовай, — Максім адчуваў, што пачынае злавацца і намагаўся гаварыць як мага спакайней, лагодней, звесці гэтую, як здалося яму, недарэчную ў такі час размову на жарт.
— Дарэмна. Варта было даць за ўсё тое, што мне тут расказалі пра цябе.
— Хто?
— Хто — усёадно. А што — ты ведаеш, — Аляксей зноў прайшоўся.
Максім падумаў ужо даволі няпрыязна, з абурэннем:
«Таксама ў духоўныя настаўнікі лезе. Без цябе мала... Хаця-б тактоўнасць захоўваў... У першую хвіліну».
Аляксей ўздыхнуў.
— Та-ак... Адным словам, атрымліваецца ерунда, дарагі брат... Народ выбраў цябе... І выбраў не таму —зразумей гэта! — што ты, як калець, зоркі з неба хапаў... Не!.. Выбраў з надзеяй, што сын будзе варты бацькі...
Максім пабялеў.
— ... І так-жа ўпэўнена, так разумна будзе весці калгас да багатага жыцця, да шчаслівага жыцця...
— І вяду!
— Ды не! Выходзіць, што дрэнна вядзеш... Не апраўдваеш давер'я народа.
Максім збялеў яшчэ больш, дрыжачымі пальцамі пачаў зашпільваць кішэню гімнасцёркі, якую расшпіліў Ігар.
— Табе проста напаклёпнічалі. Я за поўгода зрабіў для калгаса больш, чым да мяне зрабілі за чатыры гады... Я... Я не ведаю калгасніка, які быў-бы нездаволены мной...
— І ты лічыш заслугай, што табой задаволены таропка? Аднак ты самаўпэўнены! Ух ты! Усё гэта зрабіў ты? Без людзей, без дапамогі дзяржавы, партыі? Глупства!.. Блазняцкія разважанні... А мне даволі было аднаго факта, які мне расказалі, каб я ацаніў цябе... Калі ад чалавека адварочваецца дзяўчына, якая шэсць год чакала яго... Гэта, ведаеш... Гэта — ганьба!
Максім штучна засмяяўся, махнуўшы рукой.
— З гэтага ты і вывеў усю палітыку?.. Моцны палітык! Дык скажу табе, што дзяўчына можа заўтра так-жа хутка павярнуцца, як адвярнулася.
— О-x-x, — пачуўся ўздых за спіной.
На парозе стаяла маці і вельмі няласкава глядзела на малодшага сына. Максіма здзівіў яе суровы і асуджаючы позірк.
— Не, галубок мой, спазніўся ты... Не павернецца яна больш да цябе, — і ўзлавана дадала: — Чаго ўставіўся на мяне? Не ведаеш хіба? Маша вышла замуж.
Максім ажно адхіснуўся.
— Маша? Замуж?
— Але! Маша. Замуж, — каротка і ўзлавана адказала маці.
Ён зрабіў крок назад.
— За каго?
— За Васіля Лазавенку.
Ён сеў на ўслон, але тут-жа падняўся. Аляксей употайкі, з іранічнай усмешкай, назіраў за ім.
— За Лазавенку? — і зноў сеў.
Сынклета Лукічна адвярнулася, ласкава загаварыла з нявесткай, з унукам. Хлопчык звонка засмяяўся. Аляксей прайшоў да дзвярэй, заглянуў на кухню, нешта сказаў. Усё гэта даходзіла да свядомасці Максіма, як праз туман, невыразна, нібы здалёк. У галаве з шалёнай хуткасцю круціліся словы: «Маша вышла замуж. За Лазавенку. Маша вышла». Нейкі момант у яго было такое адчуванне, што гэтыя словы сапраўды-такі круцяцца, нібы нешта матэрыяльнае, што мае вагу, што можна схапіць, спыніць... Ад гэтага іх кружэння мацнеў боль у галаве, нібы яны, словы гэтыя, стукалі ў скроні. Аляксей вярнуўся ад дзвярэй, стаў каля сцяны, на якой віселі фатаграфіі, доўга глядзеў на партрэт бацькі і ціха сказаў:
— Але-е, Максім, не так нам трэба ўшаноўваць памяць Антона Лескаўца.
Вельмі ціха сказаў, але словы гэтыя мацней за ўсё ўразілі Максіма. Ён усхапіўся, сціснуўшы кулакі, зрабіў крок да брата, скрыгатнуў зубамі.
— Ты-ы... Што ты мне душу пераварочваеш? З мяне бюро даволі! Эх-х, вы-ы! — і, павярнуўшыся, імкліва выбег з хаты, ледзь не збіўшы з ног малога.
Ужо ў двары, прабягаючы міма вокнаў, пачуў сярдзіты голас братавай жонкі.
— Алёша! Што гэта такое? Заўсёды ты! Зараз-жа вярні і памірыцеся!
— Нічога, няхай праветрыцца. Яму карысна. Ад яго, як з спіртзавода...
Гэтыя апошнія братавы словы яшчэ мацней абпяклі сэрца, абразілі. Максім ляпнуў каліткай. Наўскасяк перабег вуліцу і толькі на другім баку схамянуўся, сустрэўшы нейкую жанчыну, якая прывіталася з ім. Ён сцішыў крок, аглянуўся на бакі, назад — ці не назірае хто за ім. Магчыма, зусім выпадкова позірк яго ўпаў на хату Кацубаў — ён быў якраз насупраць. Тое, што ўбачыў ён, прымусіла яго спыніцца ў цені рабін.