24...
Аглянуўшыся яшчэ раз, Максім убачыў, што стаіць каля саду «Волі». Трэба вяртацца дамоў. Але зноў успомнілася паседжанне бюро. Успомнілася, што Макушэнка многа гаварыў аб садзе, аб тым, што ў яго сад дрэнна дагледжаны, не вартуецца, што багаты ўраджай яблык, які мог-бы прынесці значны прыбытак, прападае без карысці. Параўнаў з садам «Волі». Максім ні разу не задумваўся і не прыглядаўся, у чым-жа розніца паміж садам у яго калгасе і тут, у «Волі».
Цяпер яму захацелася паглядзець на сад суседа. Ён ішоў, і яму ўспаміналіся другія выказванні на паседжанні бюро.
«Бунтар — адзіночка!» — жартаўліва кінуў з кутка суддзя Гарбуноў.
«... Самаўпэўнены чалавек, які жадае ўсё зрабіць сам, хоць для гэтага ў яго нехапае ні ведаў, ні вопыту, ні ўмення. Ні з кім не лічыцца, ні ў каго не пытае парады», — больш, чым хто-небудзь іншы, злосна і рэзка гаварыў загадчык зямельнага аддзела Шаўчук.
«... Уражанне такое, што таварыш Лескавец слаба разумее тыя вялікія задачы, якія ставіць партыя перад намі, сельскімі комуністамі, кіраўнікамі. А слаба разумее ён іх таму, што не знаходзіць часу для вучобы, не вучыцца. А таму не можа правільна зарыентавацца... Не заўсёды ўмее адрозніць тое новае, перадавое, што нараджаецца ў калгасе і што трэба ўсімі сіламі падтрымліваць, ад старога, гнілога, што маскіруецца пад новае і замінае нашаму развіццю. Не ўмее Лескавец прыслухоўвацца да голасу народа... Баіцца крытыкі... Адрываецца ад партыйнай арганізацыі... Разумее дапамогу яе, як жаданне «разнесці» яго, ці захапіць яго славу...»— такімі спакойнымі словамі заключаў абмеркаванне яго справаздачы Пракоп Пракопавіч Макушэнка.
Толькі цяпер задумаўся Максім над гэтымі словамі і, задумаўшыся, забыўся пра сад і не заўважыў, як дайшоў да магазіна. У Дабрадзееўцы было ціха і цёмна: электрастанцыя спыніла работу. Але ў кватэры Ладыніна гарэла святло.
Невядомая сіла пацягнула Максіма на гэты агеньчык. Асцярожна, нібы крадучыся, прайшоў ён паўз сад у цені таполяў. Супраць урачэбнага пункта спыніўся. Праз адчыненае, насцеж акно ўбачыў Ладыніна. Доктар стаяў каля стала з лінейкай у руках і нахіляў галаву то ў адзін, то ў другі бок, нібы нацэльваўся. Потым зайшоў з другога боку, аблакаціўся на стол, нахіліўся.
«Чэрціць нешта, ці што?» — здзівіўся Максім і раптам адчуў моцнае жаданне пагутарыць з сакратаром, выказаць яму ўсё, аб чым толькі што перадумаў, паслухаць, што скажа ён.
Максім перайшоў дарогу, наблізіўся да будынка.
Ладынін сапраўды чарціў. Ледзь чутна гучэла прыгожая музыка — працаваў прыёмнік.
Максім стаў на лавачку і бясшумна пераскочыў цераз агароджу ў палісаднік. Абаперся локцямі на падаконнік. Ладынін стаяў бокам да яго.
— Ігнат Андрэевіч, — паклікаў ён шэптам, нясмела.
— А-а? — доктар не ўздрыгнуў, не падняў нават галавы адразу. Толькі тады, калі прачарціў алоўкам лінію на вялікім аркушы паперы, што быў прымацаваны кнопкамі да стала, павярнуўся.
— А-а... Ты што, толькі з раёна?..
— Так... Не-э, — сумеўся Максім. — Гуляю... Перашкодзіў я вам?..
— Не. Нічога! Я таксама адпачываю. Заходзь. Толькі — ша! — Ігнат Андрэевіч прылажыў палец да вуснаў і азірнуўся на дзверы, што вялі ў другі пакой. — Ведаеш што? Лезь лепей праз акно. Нічога! Давай дапамагу, — ён зрабіў крок да акна.
Але Максім, не чакаючы дапамогі, падцягнуўся на руках і ў адзін міг, надзвычай спрытна, апынуўся ў пакоі.
Ігнат Андрэевіч зайздросна, з ухвалай, кіўнуў галавой.
— Займаешся на турніку?
— Цяпер? Не. Куды там! Не да турніка!
— Дарэмна! На, сядай, — падаў крэсла, а сам накіраваўся на цыпачках да дзвярэй, зачыніў іх шчыльней.
Максім стаяў, сціскаючы рукамі спінку крэсла, збянтэжана апусціўшы галаву.
— Ігнат Андрэевіч!.. Даруйце, што я вас тады ў Лядцах... абразіў... І што сёння не пачакаў, каб разам ехаць...
Ладынін падышоў, пільна зазірнуў яму ў вочы і раптам працягнуў руку.
— Хто старое ўспамяне... Ведаеш?.. Забудзем! Ды я асабіста і не помніў, бо мяне ты не абразіў... Хутчэй сябе... Аднак... Сядай.
Ігнат Андрэевіч быў задаволены, нават узрадаваны. Ён уяўляў, што перажыў, перадумаў Лескавец пасля паседжання бюро. І калі ён у выніку гэтых перажыванняў не запіў, не загуляў (а Ладынін крыху баяўся такога канца), а сярод ночы, цвярозы і ветлівы, з'явіўся да сакратара партарганізацыі, то гэта найвялікшая перамога і яго, Ладыніна, і ўсёй арганізацыі, якая выхоўвае гэтага няўрымслівага комуніста. Безумоўна, гэта — толькі пачатак пералому характару... Убачыўшы, што Максім спыніў зацікаўлены позірк на чарцяжы, Ладынін падышоў да стала, разгладзіў паперу рукой.