— Здзіўляешся? Урач і раптам — чарцёж! Ды бачыш, якая справа... Прачытаў я аднойчы артыкул, — ён узяў у рукі медыцынскі часопіс, што ляжаў на краі стала, разгарнуў. — Тут прапануецца праект сельскага ўрачэбнага пункта. Вось і чарцёж даюць... Прачытаў, ведаеш, і абурыўся. Аўтар жыве ўчарашнім днём, аб медыцынскім абслугоўванні вёскі ўяўляе, у лепшым выпадку, па апавяданнях Чэхава. Няма і маленькага, нават нясмелага позірку ў будучае, у наш заўтрашні дзень. Не ведае чалавек, якімі будуць Дабрадзееўка і Лядцы заўтра. Я напісаў у адказ артыкул і ў дадатак вырашыў паслаць ім свой праект — праект урача-практыка, які чвэрць стагоддзя працуе ў вёсцы. Дарэчы, чарчэнне — мой любімы занятак з маленства. Вось калі ласка, паглядзі. Усё ўлічыў. Нават рэнтгенаўскі кабінет.
Ён доўга і падрабязна расказваў аб сваім праекце, расказваў так, нібы вадзіў Лескаўца па пакоях толькі што скончанага будынка, у якіх яшчэ пахла фарбамі і стружкамі.
— Вось такі медпункт мы будзем будаваць у Дабрадзееўцы. Чаго ты здзіўляешся? Я ўжо зрабіў пэўныя захады, каб нам запланавалі такое будаўніцтва. Праз два-тры гады мы самі не пазнаем сваіх вёсак.
Ладынін забыўся, што ў суседнім пакоі спяць, і размаўляў на поўны голас. Максім убачыў, як ціха адчыніліся дзверы, і ў пакой заглянула Ліда. Спачатку яна зрабіла здзіўленыя вочы, потым падаравала Максіму ўсмешку, ад якой у яго на хвіліну пацяплела на сэрцы, і асцярожна зноў прычыніла дзверы. Максім употайкі вачыма паказаў Ладыніну на дзверы. Той адразу панізіў голас зноў да шэпту.
— Ведаеш, вельмі дарэчы, што ты зайшоў. Я сёння атрымаў пасылачку. Ад франтавога сябра, мы разам у шпіталі працавалі. Армянін Анастас Сабазян. Цудоўны ўрач і чалавек.
Доктар пакорпаўся ў шафачцы, што стаяла ў куце, і вярнуўся да стала з бутэлькай віна.
— Упэўнены, што ты такой рэчы не каштаваў ні разу ў жыцці. Анастас піша, што гэта найлепшае віно ў Арменіі. Хлусіць, безумоўна, але калі і палавіна праўды...
Сам Ігнат Андрэевіч таксама крыху маніў. Пасылку ён сапраўды атрымаў, але не ў той дзень, а некалькі месяцаў назад, яшчэ зімой. Вясёлы і дзівакаваты сябра яго высылаў яе к Новаму году, але яна дзён на дзесяць спазнілася, і Ладынін пакінуў гэтую каштоўную бутэльку для самага дарагога госця.
Яму хацелася пасядзець з Лескаўцом, пагутарыць шчыра, па-сяброўску, і ён успомніў аб бутэльцы. Віно, сапраўды, было добрае. Яны сядзелі адзін супраць аднаго, цераз стол, ціха чокаліся невялічкімі кілішкамі і яшчэ цішэй размаўлялі. Больш гаварыў Ладынін. Максім слухаў.
Ігнат Андрэевіч расказваў аб сваіх сябрах, аб перапісцы з імі. Дастаў з шуфляды стала пачак пісем.
— Вось з Масквы, ад Сяргеева. А гэта з сібірскай вёскі, ад Матушкіна. Малады хлопец, толькі перад вайной інстытут скончыў. Лятуценнік і паэт. Сам папрасіўся ў Сібір... Была ў нас у шпіталі Галачка Красіна. Маленькая, маўклівая... Раненыя яе звычайна за санітарку прымалі і, покуль не дазнаваліся, што яна ўрач, дзяўчынкай клікалі. Таксама старога не забыла... І што ты думаеш? Абараніла кандыдацкую дысертацыю... Ах, чорт, проста не верыцца, што Галачка — кандыдат, — Ладынін пацёр рукі і ціха засмяяўся.
Максім здзівіўся і пазайздросціў таму шчыраму захапленню, з якім Ладынін расказваў аб людзях. Расказваў і радаваўся за кожнага чалавека, за кожны поспех сваіх франтавых сяброў.
— Люблю атрымліваць пісьмы. І сам люблю пісаць. Гэта, ведаеш, прыемна...
«А я ні з кім не перапісваюся, хоць сяброў у мяне было нямала і спачатку я пісаў ім, — падумаў Максім і спалохаўся: а раптам Ладынін спытае ў яго аб гэтым? Схлусіць ён не здолее, і праўду сказаць таксама цяжка і непрыемна. — Чаму так здарылася, што я спыніў перапіску? Амаль усім не адказаў я. Так... Часу нехапае... А хіба ў доктара яго больш? Чаму-ж ён знаходзіць час?» — і ўзлаваўся — зноў гэтае пакутлівае «чаму»?
— А гэта ад сына.
— У вас — сын? — Максім раней ніколі не чуў, што ў Ладыніна ёсць сын, колькі вечароў ён быў у іх і ні раз аб ім у доме не гаварылі.
— Не здзіўляйцеся. Больш таго, двое ўнукаў маю. Сын — інжынер-авіятар, зараз недзе ў Германіі, жонка яго — у Маскве. Я, брат, рана жаніўся, у дзевятнаццаць год, — і ён раптам пачаў расказваць пра сябе: пра сваё дзяцінства, пра вучобу, пра каханне да Ірыны Аркадзеўны. Аб гэтым ён гаварыў з вясёлым юмарам пажылога чалавека.