А ў Максіма зноў балюча ёкнула сэрца: напамінак аб каханні крануў свежую рану. І яму таксама захацелася расказаць аб сваім каханні, якое было, якое гарыць яшчэ ў сэрцы...
Але Ладынін усё расказваў, і ў Максіма нехапала рашучасці перапыніць яго. Нарэшце, доктар падняўся, падышоў да адчыненага акна, прагна ўдыхнуў халаднаватае паветра.
— Пачынае днець. Люблю ў такі час пагуляць у полі.
Нічога не адказаўшы на гэта, Максім узяў бутэльку,
выліў рэшткі віна ў кілішкі і, быццам апраўдваючы гэты свой учынак, ціха прамовіў:
— Цяжка мне, Ігнат Андрэевіч.
Ладынін вярнуўся на сваё месца, пільна паглядзеў на яго і ласкава адказаў:
— Разумею. Але ведаеш, гэта добра, што цяжка.
— Я кахаў яе...
Ладынін ледзь не пляснуў сябе па лбе. Вось ліха! Ён думаў толькі аб адным — аб паседжанні бюро райкома. Ён зусім забыўся, што Лескавец перажыў у гэты дзень і, відаць, пасля паседжання ўжо, яшчэ адзін удар.
Доктар нават крыху разгубіўся, бо не чакаў размовы на гэтую тэму, не чакаў такога прызнання.
— Ты абвінавачваеш Машу?
— Я? Не. Сябе.
Ладынін сумеўся яшчэ больш. Што адказаць яму пасля гэтага? Суцяшаць — недарэчна. Гаварыць аб тым, што жыццё адпомсціла яму за яго паводзіны, за яго характар — яшчэ раз біць па балючаму месцу. Ігнат Андрэевіч ніколі не рабіў так. Таму ён сказаў задуменна, быццам сам сабе:
— Але-е, Маша — цудоўны чалавек.
Максім горка ўсміхнуўся.
— Вы гаворыце гэта мне! — і раптам выпраміўся, махнуў галавой, закінуўшы назад валасы, якія рассыпаліся, падалі на лоб і прапанаваў, каб спыніць гэтую размову:— Давайце вып'ем, Ігнат Андрэевіч, за яе шчасце.
— І за тваё, Максім.
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
1...
Маша сасніла, што яна праспала статак, што пад акном мычыць Лыска — кліча гаспадыню. Адплюшчыўшы вочы, яна прыслухалася: сапраўды, па вуліцы ішлі каровы. Крычаў пастух:
— Красуля! Каб на цябе ваўкі! Мо-оця! Выганяй-яй! Праспала?
«Праспала», — спалохана падумала Маша, але, успомніўшы дзе яна, супакоілася. Не трэба ёй спяшацца, каб падаіць і выгнаць Лыску. Пасля вяселля яна можа паспаць пазней, чым звычайна, тым больш, што ляглі яны ўжо амаль на світанні.
Але супакаення гэтага хапіла ненадоўга. Рупіла даведацца, як там дома. «Алеся, безумоўна, таксама праспала. Гэта-ж такая соня. Добра, што я папрасіла Клаўдзю, каб дагледзела. Аднак уставаць усёадно пара. Пакуль дайду да Лядцаў — і брыгада збярэцца, пара будзе нарад раздаваць», — яна глянула на ходзікі, што манатонна цікалі на сцяне, і асцярожна, каб не разбудзіць Васіля, паднялася, на цыпачках прайшла да акна, дзе на ўслоне ляжала плацце. Узяла яго і ўсміхнулася: прыадзецца бегчы да Лядцаў у вясельным убранні.
«Хіба папрасіць Галю, каб схадзіла і прынесла?».
Яны начавалі ў хаце Васілёвай сястры, удавы, бо ў Васіля да самай раніцы прадаўжалася гулянка, і шмат хто з гасцей так і застаўся там, за сталамі, а хто-ні-хто, магчыма, і пад сталом.
Але Ганны не было: ні яна, ні яе дзесяцігадовая дачка не начавалі дома, відаць, прыладзіліся недзе ў суседзяў. Каб не плёскаць вадой, Маша асцярожна памачыла ручнік і выцерла твар. Спынілася перад невялікім люстэркам, што вісела на сцяне паміж шматлікіх фатаграфій у адмысловых рамках, пачала прычэсвацца.
Яна не бачыла, што Васіль прачнуўся таксама і ўпотайкі назіраў за ёй.
Машы ўспаміналіся падзеі вясельнага дня: вяселле было багатае і шумнае. Бацька Васіля, чалавек крыху ганарысты і дзівакаваты, хацеў паказаць, што жэніцца не абы хто, а старшыня лепшага ў раёне калгаса.
На лепшых конях, са званкамі на дугах, апавітых рознакаляровымі істужкамі і кветкамі, вязлі яе, Машу, з Лядцаў. Па патрабаванню маці маладых пасадзілі на покуце на кажух. Весела жартуючы, Васіль ахвотна выконваў дзівацтвы старых. А Машы было прыкра. Яна ўспомніла, як бянтэжылася і не ведала, куды схаваць вочы і рукі ад цікаўных позіркаў. А позіркаў гэтых было безліч, бо людзей было поўна — і ў хаце, і на вуліцы, — пад адчыненымі вокнамі.
Быў нават момант, калі Машы хацелася заплакаць. Асабліва цяжка стала, калі яна пакідала родную хату і ўбачыла, як употайкі выцірала слёзы Алеся. А Пеця выпіў у пачатку шклянку гарэлкі і некуды сышоў і больш не паказваўся ўвесь дзень. Маша шкадавала яго.
Адчула яна сябе лепей, калі на вяселле прышлі Ладыніны, Мяцельскія, Байкоў. Яны прынеслі простую, непасрэдную весялосць, добрыя, шчырыя жарты. Ніна Аляксееўна прышла са сваім маленькім. Тулячы яго да грудзей і насцярожана, недаверліва пазіраючы на людзей, што мітусіліся вакол, — каб не штурхнулі выпадкам,— яна шчасліва ўсміхалася.