Выбрать главу

Васіль пажартаваў:

— Хай не звыкае доўга спаць. Разлянуецца.

— А няўжо-ж  па табе мусяць усе раўняцца?

Маці хацела абмінуць іх і пайсці ў хату, каб працадзіць малако, але Васіль прыпыніў яе.

— Слухай, мама... Да восені Маша застанецца брыгадзірам у «Партызане», і ты павінна зразумець... Так трэба для справы!

Кацярына паглядзела на нявестку і ўздыхнула.

— Што-ж, калі трэба, дык трэба... У вас, маладых, усё не так, як нам, старым, хочацца. Але вам відней, вы — цяпер гаспадары. Пачакай-жа, Машанька, я снеданне згатую.

Маша адразу адчула нешта накшталт расчаравання: не чакала яна, што свякруха так хутка ўсё зразумее і так проста пагадзіцца з тым, што нявестка будзе брыгадзірам у чужым калгасе і, безумоўна, не зможа быць добрай памочніцай ёй у хатніх справах.

Але ўслед за гэтым першым пачуццём хлынула цёплая хваля ўдзячнасці да гэтай шчырай жанчыны. Маша не ведала, як выказаць ёй гэтае пачуццё і таму толькі ціха сказала, сарамліва апусціўшы вочы:

— Дзякую, мама.

Але Кацярына зразумела яе словы па-свойму.

— Няма за што дзякаваць. Не ў чужых. Не ўздумай мне без снеданняў уцякаць. Мыйся і бяжы на грады, гуркоў выберы.

Стала радасна і светла на душы ад гэтай кароткай размовы, ад такога простага даручэння. Мыючыся, Маша смяялася, пырскалася вадой. Потым з вялікім задавальненнем хадзіла па росных градах, шукала гуркоў, выбірала самыя лепшыя — зялёныя, свежыя, халодныя ад расы — і адчувала сябе дзяўчынкай, як некалі ў маленстве, калі маці вось таксама пасылала яе на гарод.

Самыя прыемныя гэта хвіліны ў чалавека — калі ўспамінаецца дзяцінства! Але толькі хвіліны, бо ніколі пачуццё гэтае не застаецца надоўга. Міг — і ўсё знікае, рассыпаецца пад ударамі будзённых клопатаў, складаных перажыванняў, якія праз усё жыццё апаноўваюць дарослага чалавека. Так здарылася і ў Машы. Вярнулася яна ў хату, і Васіль, зусім не жадаючы гэтага, сапсаваў яе ўзнёслы настрой. Смеючыся, ён расказаў пра размову з маці.

Падаючы на стол, старая наіўна спытала ў сына:

— А як-жа ў Машы з працаднямі будзе, сынок?

Васіль засмяяўся.

— Ты, мама, відаць, хочаш, каб працадні ёй у нашым калгасе налічвалі?

— Ды ўжо-ж! Не параўнаць наш працадзень з іхнім!

Маша прыкметна змянілася з твару, хоць і намагалася не выдаць свайго хвалявання.

Васіль зразумеў, што яму няварта было расказваць аб гэтай размове.

— Не звяртай, Маша, увагі на такія дробязі! Хіба ты не ведаеш старых? Ім заўсёды хочацца, каб у іх уласных засеках і скрынях было як мага больш. Ці варта крыўдзіцца?

— Я не крыўджуся... Маці правільна думае... Мне проста балюча, што аб калгасе такая благая слава... А ты як-бы падтрымліваеш яе. Не разумею я цябе. Ты і дапамагаеш, ты і быццам радуешся, што мы адстаём... Пачакай, прыдзе час, калі мы перагонім вас...

Але ідучы да Лядцаў і аглядаючы па дарозе пасевы, Маша пераконвалася, што ўсё-ткі вынікі іх працы значна горшыя, і ўсё больш адчувала яна гонар за Васіля, упершыню гладзела на пасевы «Волі», як на свае.

Да калгаснага двара яна падыходзіла з нейкім дзіўным пачуццём баязлівасці. Яна не ведала, што адкажа, калі Максім выступіць супраць яе жадання застацца брыгадзірам. Ёй вельмі не хацелася ў такі дзень зноў лаяцца з ім.

Брыгада яе была амаль у поўным зборы; мужчыны і жанчыны, чакаючы нарадаў на двары, абмяркоўвалі падзеі мінулага дня, моладзь — мінулага вечара.

Дзяўчаты сустрэлі Машу прыветлівым шумам, хлопцы — цікаўнымі позіркамі, мужчыны — жартаўлівымі недамоўкамі. Маша прывіталася, прыкметна чырванеючы. Не адразу ўбачыла яна сярод мужчын Максіма, ён сядзеў на возе, курыў, нервова зацягваючыся дымам, і глядзеў на яе інакш, чым усе іншыя, усё было ў яго позірку: і любаванне ёю, і цікаўнасць, і захаваная рэўнасць.

Прывітаўся ён амаль апошні, калі ўбачыў, што Маша заўважыла яго.

— Добры дзень, маладуха. А я думаў, што ты і дарогу забудзеш да нас. Праўда, дзяўчаты твае ледзь не адлупцавалі мяне за гэта.

Маша, падрыхтаваўшы сябе да горшага, адказала афіцыйна, суха:

— Я, як працавала ў брыгадзе, таварыш Лескавец, так і маю намер працаваць.

— Правільна, Маша!

— Хвала нашаму брыгадзіру!

— Што, старшыня, не казалі табе?

Маша чакала, што Максім або проста абурыцца і скажа, што такі брыгадзір яму не патрэбны, або (гэтага яна чакала больш) пачне кпіць, насміхацца. Але ён саскочыў з воза, выбіў аб халяву бота люльку, старанна расцёр попел нагой і таксама суха адказаў:

— Працуй. Замяніць цябе сапраўды няма кім. Асабліва ў такі час... перад уборкай. Я сам кіраваў тваёй брыгадай, покуль ты замуж выходзіла.