Выбрать главу

Ліда і Алеся адышліся ўбок і, знайшоўшы глыбейшае месца, таксама пачалі распранацца.

— Нічога не бачаць твае даследчыкі, — крыху расчаравана сказала Алеся і паказала на адным з дубоў незвычайнае гняздо з жэрдак, накрытых паіржавелай бляхай, — цэлы будан. — Назіральны пункт. Бачыш?

Калі ўсе добра выкупаліся ў сцюдзёнай вадзе лясной рэчкі, Ліда пастроіла атрад і павяла ў глыб лесу. З цяжкасцю пралезлі яны праз зараснік арэхавых кустоў і спыніліся на невялічкай паляне.

Піонеры радасна закрычалі:

— Лагер!

— Партызанскі лагер, Ліда Ігнатаўна!

Дзеці былі ў захапленні ад такога адкрыцця, ім здавалася, што натрапілі яны на лагер выпадкова.

Ліда загадала ім. сесці і паслухаць, што ім раскажуць. Хлопцы выканалі яе загад без асаблівага жадання, ім карцела хутчэй агледзець лагер, рэшткі .зямлянак, пашукаць зброі.

— Дзеці! Не думайце, што мы ішлі цераз балота без усялякай мэты і выпадкова прышлі ў гэты лагер. Не, я не выпадкова прапанавала вам гэты цяжкі маршрут. Справа ў тым, што пяць год назад цераз гэтае балота прайшла адна дзяўчынка, партызанская сувязная, якой у той час было якраз столькі год, колькі зараз шмат каму з вас. Прайшла яна цераз балота вясной, калі яно лічылася непраходным і калі вада была ледзяная...

Вучні павярнулі галовы ў бок Алесі, здагадаўшыся, хто тая дзяўчынка. Алеся збянтэжылася.

— Правільна, дзеці, гэта была Аляксандра Паўлаўна. Зараз яна аб усім раскажа вам сама.

Хлапчукі забылі на сваё жаданне, зацікаўленыя гераічным учынкам знаёмага чалавека.

Алеся расказала, як вясной сорак трэцяга года ім, сувязным — Машы і ёй, перадалі украінскія партызаны, што гітлераўцы рыхтуюць карную экспедыцыю. Маша была хворая, і вестку гэтую панесла ў атрад Алеся. Падышла, як звычайна, з боку лесу і натрапіла на немцаў; яны занялі ўсе подступы, усе дарогі. Тады дзяўчынка, не доўга думаючы, абышла гэтае вялікае балота і рушыла праз яго, па глыбокай ледзяной вадзе.

Расказвала яна проста, цікава і сціпла. Апавядаючы далей пра блакаду, пра тое, як выходзілі з яе атрады, як пераносілі цераз балота раненых, Алеся павяла піонераў па лагеры, паказвала рэшткі зямлянак, тлумачыла, дзе што размяшчалася: штаб, шпіталь, кухня, майстэрня па вырабу мін. Некаторыя зямлянкі добра захаваліся, асабліва тыя, сцены і столь якіх былі зроблены з бярвенняў; ад другіх засталіся толькі заваленыя ямы. У былы склад боепрыпасаў дзеці змаглі зайсці, і хлапчукі папоўнілі свае знаходкі гільзамі, паіржавелым аўтаматным дыскам і цынкавымі скрыначкамі ад патронаў.

Але самай цікавай знаходкай была гармата, што стаяла на краі лагера, каля рэчкі. Праўда, акрамя ствала і колаў, ад яе больш нічога не засталося, але ўсёадно хлапчукі ад яе былі ў захапленні.

Пасля, калі Ліда абвясціла працяглы прывал і піонеры з радасцю пачалі раскладваць вакол штабной зямлянкі кастры і варыць абед, уяўляючы сябе сапраўднымі партызанамі, — Алеся доўга яшчэ сама блукала па лагеры. На брустверы акопа, у траншэях раслі маладыя бярозкі і асіны; дрэўцы прагна цягнуліся да сонца. Алеся паказала іх Лідзе.

— Вось яна, сіла жыцця... Пройдзе яшчэ колькі год, і цяжка будзе пазнаць, што тут жылі людзі, якія аддавалі ўсё дзеля перамогі, дзеля шчасця народнага... Вырастуць дрэвы і будуць помнікам тым, хто загінуў у імя гэтай перамогі... Жывым помнікам...

Алеся стаяла, прытуліўшыся да старога дуба, як-бы прыкутая да яго, і глядзела на Ліду дзіўнымі вачыма. Потым, адарваўшыся ад дуба, нахіліўшыся, яна ціха спытала:

— Скажы, у цябе бывае так, калі адчуваеш, а расказаць аб гэтым не можаш?

Ліда падышла, ласкава абняла яе.

— Бывае.

— Праўда? — узрадавалася Алеся. — А Маша не верыла мне, даказвала, што ўсялякае пачуццё можна выказаць словамі, толькі не ўсе іх ведаюць... Глупства! Няўжо і я і ты не ведаем усіх слоў?

Ліда засмяялася.

— Мы з табой яшчэ шмат чаго не ведаем. Пойдзем, Алеся, абедаць.

Адпачыўшы, атрад рушыў далей. Кілометры тры ішлі па зарослых партызанскіх сцежках, праз някрануты гушчар. Вышлі да хаты лесніка і адтуль па праторанай лясной дарозе з шырокімі і глыбокімі аўтамабільнымі каляінамі накіраваліся да помніка партызанам, што загінулі ў баях у гэтым лесе.

Помнік — высокі цэментавы абеліск — стаяў на ўскраіне старога бору, недалёка ад вёскі Клёны, якая праз увесь час акупацыі была партызанскай. Магутныя сосны-прыгажуні шумелі над помнікам, быццам расказвалі героям, якія назаўсёды заснулі, пра тое, што робіцца навокал. А высокім соснам далёка відаць прасторы роднай зямлі!