Выбрать главу

Піонеры, наблізіўшыся да помніка, прачыталі на мрамарнай пліце прозвішчы партызан. Першым было выбіта прозвішча чалавека, якога ўсе дзеці ведалі і помнілі:

ЛЕСКАВЕЦ АНТОН ЗАХАРАВІЧ

Дзяўчынкі пайшлі ў поле, збіралі ў разорах, на краі пасеваў кветкі і плялі вянкі, каб палажыць іх на магілу партызан. Хлопцы, якія, здавалася, раптам на шмат год пасталелі, — сталі паважныя і сур'ёзныя, — пачалі рамантаваць агароджу вакол помніка. Яны больш не шумелі, не смяяліся, нават перамаўляліся амаль шэптам.

Ліда і Алеся стаялі каля агароджы. Алеся доўга не зводзіла позірку з помніка, і прыкметны смутак стаіўся ў яе карых вачах.

— Цудоўны чалавек быў Антон Лескавец. З вялікім сэрцам. Шчыры чалавек... Помню, як ён узрадаваўся, калі я першы раз прышла ў лагер. Ажно слязу змахнуў, a потым засмяяўся. «Дык гэта ты, кажа, тая самая малодшая Кацубіха, якую я летась зачыняў у свірне?» Быў гакі выпадак. Злавіў ён нас, траіх дзяўчынак, у калгасным садзе і зачыніў у свірне. Пагразіў, што і начаваць будзем там, з пацукамі. Каця Акуліч, помню, плача, а я смяюся і прыпеўкі спяваю. Хутка ён прышоў і доўга, як дарослым, расказваў нам, што такое калгасная маёмасць і як яе трэба шанаваць...

Алеся задуменна памаўчала і раптам спытала:

— Скажы, чаму дзеці часам бываюць не падобныя да бацькоў?

Ліда адразу зразумела, каго яна мае на ўвазе і адказала такім-жа нечаканым пытаннем:

— Значыцца, па-твойму, Максім дрэнны чалавек?

— Не ведаю. Але не люблю я яго, Ліда.

— За Машу?

— Не. Не за Машу, — але за што — не сказала.

Ліда таксама змаўчала, не стала больш распытваць.

Яны павярнуліся і пайшлі паўз лес. Але не прайшлі і сотні крокаў, як насустрач ім з маладога бярэзніку выехаў коннік. Убачыўшы іх, ён рыўком нацягнуў павады, ажно конь рвануўся ўбок. У той-жа момант і яны пазналі яго: Максім! Ліда зірнула на Алесю, але тая глядзела ўперад, на твары яе не было і цені здзіўлення, нібы яна даўно ўжо ведала аб тым, што Максім абавязкова з'явіцца тут.

— Лёгкі на ўспамін, — сказала Алеся спакойна, нават абыякава.

Конь хвіліну нецярпліва тупаў на месцы, быццам коннік раздумваў, ехаць яму ўперад ці вяртацца назад.

Яшчэ здалёк Максім спытаў:

— Што вы робіце тут? — пытанне прагучэла сурова і недарэчна, недарэчна таму, што ён не мог не бачыць, з якой мэтай прышлі яны на гэта ўзлессе.

— Добры дзень, Максім Антонавіч, — у адказ весела і жартаўліва прывіталася Ліда. — А нас цікавіць, як трапілі сюды вы?

Максім саскочыў з каня і пайшоў насустрач ім.

Алеся тузанула сяброўку за руку. Ліда аглянулася, сустрэла яе позірк і толькі ў гэты момант ўсё зразумела і ёй стала сорамна за сваю нездагадлівасць.

— Пойдзем, Ліда, а то дзяўчаткі нашы могуць заблудзіцца дзе-небудзь, — сказала Алеся.

— Але, — схамянулася Ліда. — Вы прабачце нам, Максім Антонавіч. Пачакайце нас тут хвіліначку.

Яны адышлі ў лес.

— Шкада, што мы сустрэліся. Няхай-бы адзін, без сведкаў, пабыў на магіле бацькі, падумаў... Можа, у галаве пасвятлела-б...

Ліда абняла сяброўку.

— Алеся, мілая, не трэба быць такой суровай.

Дзяўчына памаўчала, падумала і пакорліва згадзілася:

— Не трэба... Ведаеш, я многа даравала яму ў гэтую хвіліну, як убачыла яго тут. Я сама часта хаджу на магілу маці. Бацькі я не помню... Пастаю, часам паплачу... А пасля, як адыйду, на душы светла так робіцца і так хочацца жыць... І хочацца зрабіць як мага больш Для людзей, пражыць жыццё з карысцю... Помніш, як у Астроўскага?.. Жыццё — яно даецца толькі адзін раз, і пражыць яго трэба так... Помніш, безумоўна.

Максім моўчкі правёў дзяўчат позіркам. Ён узлаваўся і разгубіўся ад гэтай неспадзяванай сустрэчы. Яшчэ больш стала ніякавата, калі зразумеў, чаму яны так шпарка пайшлі ад яго, — здагадаліся пра ягоны намер.

Так, ён хацеў пабыць на магіле бацькі адзін, без сведкаў. Праўда, ён наведваў магілу раней: адразу пасля звароту з арміі прыязджаў разам з маці і старэйшай сястрой. Але каб пабыць аднаму — такое жаданне з'явілася ўпершыню, і з'явілася яно вельмі нечакана.

Брыгады калгаса канчалі ўборку сена на лузе каля ракі, кілометраў за пяць адгэтуль. Зграбалі апошнія пакосы, кідалі апошнія стагі. Раптам наляцела хмарка, шуганула кароткім дажджом, і сапсавала не толькі працу, але і настрой старшыні. Сенаўборка зацягвалася, і Максім, як ніколі раней, перажываў гэтае адставанне ад іншых калгасаў, ад «Волі». А тут яшчэ гэты дождж... Заўсёды ляціць не туды, дзе просяць, а туды, дзе косяць...