Ён ляжаў у будане сам-на-сам са сваімі думкамі. Каля стога гутарылі мужчыны, успаміналі сенакос мінулых гадоў. Максім прыслухаўся і пачуў голас дзеда Яўмена:
— Нябожчык Антон от-жа мастак быў кідаць стагі.
Дзеду адказаў другі калгаснік:
— А на якую працу ён не мастак быў?
Словы гэтыя пра бацьку цёплай прыемнай хваляй захлынулі ўсе іншыя пачуцці. Ён успомніў, што магіла бацькі недалёка, і як-бы адчуў сябе вінаватым, што даўно не наведваўся да яе.
Ён ехаў праз лес. Ніколі яшчэ так сур'ёзна з такой глыбінёй ён не задумваўся над усімі, якія ён толькі ведаў, падзеямі бацькавага жыцця. Нялёгкае жыццё пражыў Антон Лескавец, але прыгожае, вялікае — заўсёды ў барацьбе. Максім падумаў пра гэта і раптам успомніў, як маці аднойчы сказала: «Лёгка табе жылося, Максім. Гадаваўся ты ў шчаслівыя гады, быў малодшы ў сям'і, усе цябе песцілі...»
Тады ён хацеў адказаць маці: «А вайна, фронт?..» Але змаўчаў, бо ўспомніў словы другога чалавека — Васіля Лазавенкі, які яшчэ пры першай сустрэчы, слухаючы яго расказы пра фронт, сказаў: «Лёгка ты праваяваў».
Тады яму здалося, што Васіль мае на ўвазе адно — раненні, і таму ён без крыўды адказаў: «Але, шанцавала».
Цяпер ён зноў успомніў словы маці і словы сябра і задумаўся над імі. «Лёгка пражыў, значыцца, слаба ведаю жыццё, людзей, самога сябе. А жыццё, яно не простае і нялёгкае, як часам здаецца... Не!»
Цяжкі гэта быў роздум над сваімі паводзінамі, учынкамі. Але паступова думкі яго святлелі. Ён зразумеў, што ўвесь гэты самааналіз, які пачаўся, калі ён прыехаў з бюро райкома і даведаўся пра замужаства Машы, ідзе на карысць. Многа ён перадумаў за гэтыя некалькі дзён. І цяпер адчуваў, што прыкметна перамяніўся. Перамяніліся яго погляды на жыццё, на людзей, нават адносіны да іх. Зніклі грубаватая нястрыманасць, самалюбная ўпартасць. Ён менш стаў лаяцца, «распякаць» брыгадзіраў, калгаснікаў. Стаў больш спакойны і ўроўнаважаны. Усё гэта ён заўважаў сам і нават спачатку спрабаваў супраціўляцца гэтай перамене, самалюбна жадаючы застацца такім, якім быў. Але цяпер, едучы да магілы бацькі, ён усё перадумаў, усё асэнсаваў па-новаму і ўзрадаваўся гэтым пераменам у сваім характары і ў сваіх паводзінах.
З жалобнымі, але. светлымі пачуццямі набліжаўся ён да знаёмага абеліска. І раптам гэтая сустрэча...
... Максім аглянуўся і ўбачыў вучняў. Хлапчукі стаялі крыху воддаль і не зводзілі з яго вачэй. Але дзеці не выклікалі ў яго таго нездавальнення нечаканай сустрэчай, якое выклікалі Алеся і Ліда. Ён прывітаўся з хлапчукамі і, узяўшы ў аднаго маленькую сякерку, прыбіў штакеціны на агароджы вакол помніка. Потым, адышоўшы ўбок, сеў на пень, закурыў, чамусьці ўпершыню не люльку, а папяросу, і сядзеў доўга, нахіліўшы галаву. Цыгарка стлела ў яго пальцах. Ніхто не перашкаджаў яго думкам...
Ён схамянуўся, пачуўшы галасы Ліды і Алесі. Яны вышлі з лесу, за імі, невядома адкуль, высыпалі вучні, абкружылі каня.
— Чым дарэмна хадзіць — пайшлі-б дапамаглі сагрэбці сена. Заўтра скончым і паедзем разам, — хмура сказаў Максім, адразу-ж, як толькі яны наблізіліся да яго.
— Ходзім мы не дарэмна, Максім Антонавіч, а дапамагчы — калі ласка, дапаможам з радасцю... — адказала Ліда і звярнулася да вучняў:
— Праўда, рэбяты?
Яны адказалі дружна і гучна, як салдаты:
— Праў-да!
3...
Ніколі ў жыцці Ліда не працавала з такой ахвотай, як у гэты раз, хоць да фізічнай працы бацька прывучыў яе з маленства. І ніколі раней праца не прыносіла ёй столькі задавальнення і радасці. Яна п'янела ад водыру сухога сена, у вушах яе звінела ад стракатання конікаў, ад дзявочага смеху, а сэрца напаўнялася незразумелым, неасэнсаваным, але прыемным пачуццём.
Яна працавала каля стога. Дзяўчаты падносілі на насілках копы, якія стаялі недалёка, больш далёкія падцягвалі коньмі. Ліда саграбала і падавала на стог расцярушанае сена. Зляжалыя копы падаваў Максім. Ён пракалваў капу амаль наскрозь віламі, лёгка, адным рыўком, падымаў яе ўгору, яшчэ лягчэй кідаў на стог, весела выгукваючы:
— О-оп! Прымай, дзед!
Працаваў ён таксама незвычайна — рытмічна, прыгожа, з натхненнем. Ліда мімаволі любавалася яго спрытнасцю, сілай і радавалася, што ён умее так працаваць. У зялёнай майцы, з загарэлымі тварам і рукамі, што блішчэлі ад поту, з ускудлачанымі валасамі, зацярушанымі сенам, ён здаваўся ёй прыгажэйшым, чым ў найлепшым сваім гарнітуры.
На стозе стаяў ва ўсім белым, як здань, дзед Яўмен Лескавец. Стары спрытна прымаў граблямі сена, роўнамерна раскладваў навокал сябе па краях стога, які хутка рос, узнімаўся ў неба. Спачатку дзед падбадзёрваў падавальшчыкаў: