блізка ад берага, так блізка, што на палубе былі відаць людзі, чуўся іх смех.
Зашумелі хвалі, моцна і сярдзіта ўдарылі ў бераг. Шум парахода ўжо сціхаў, схаваліся яго агні, а рака ўсё яшчэ не магла супакоіцца.
Упершыню Максім адчуваў сябе так кепска ў прысутнасці дзяўчыны: збянтэжыўся і разгубіўся, як хлапчук, не мог знайсці і двух слоў, каб як-небудзь пачаць размову — абы толькі так недарэчна не маўчаць.
Раптоўна з глыбіні начной цішы ўзнялася і пераляцела раку дружная дзявочая песня — старая песня аб каханні, аб дзявочым смутку па каханым, які з'ехаў і «няма яго дый не будзе».
Спявалі недзе ў дальнім канцы вёскі. Спявалі зладжана, прыгожа, але асабліва паланіў адзін цудоўны голас. Ён падымаўся вышэй за ўсіх, цягнуў за сабой увесь хор, напаўняючы наваколле трапяткім срэбным звонам. Здавалася, ляцеў ён не з зямлі, а з зорнага неба, быццам спеў незвычайна галасістага жаўранка, які вісеў, трапятаўся ў паветры, ад чаго і голас яго дрыжэў і пераліваўся. Песня была знаёмая, але слоў Максім не помніў. Ён прыслухаўся і сказаў:
— Цудоўна спявае!
Ведаючы, што Ліда вялікая аматарка спеваў, ён спадзяваўся, што з гэтага пачнецца іх размова, скончыцца пакутлівае маўчанне.
Ліда нібы не чула яго слоў і раптам заспявала сама, ціха, напоўголаса, але выразна вымаўляючы словы:
Расла, расла дзяўчынэнька,
Расла-падрастала.
Ждала, ждала казачэньку,
Дай плакаці стала.
Максім насцярожыўся, уражаны глыбокім смуткам, што загучэў у яе голасе, калі яна праспявала апошнія словы. Голас яе задрыжэў, нібы песня гэтая была пра яе самую:
Плачце, вочы, плачце, кары,
Така ваша доля...
І яму здалося, што яна сапраўды заплакала. Ён ціха паклікаў:
— Ліда.
Яна не адгукнулася, прадаўжала спяваць, але ўжо без слоў, адну мелодыю, і нельга было зразумець, ці яна не ведае канца песні, ці словы пра тое, што маці абрала другога, не падабаліся ёй.
Змоўкла песня за ракой — змоўкла і Ліда.
Максім паклікаў яе зноў:
— Лідзія Ігнатаўна!
Яна хутка павярнулася.
— Слухайце, Лескавец, вы прабачце, але мне не спалася, і я чула вашу размову з бацькам.
— А-а, — разгублена працягнуў ён.
— Скажыце, вы сапраўды кахалі яе?
Максім адказаў не адразу.
— Кахаў.
— Дык чаму-ж так атрымалася?
— Не ведаю.
— Не ведаеце? Бедненькі... Усім вядома, аднаму яму не вядома. А зараз?..
— Што зараз? — голас яго стаў халодным і грубым.
— Кахаеце вы Машу?
Ён коратка хмыкнуў.
— Зараз для мяне застаўся адзін успамін...
— Так хутка?
Максім не адказаў. Ліда пачакала яго адказу і, не дачакаўшыся, іншым, хітра-ласкавым, голасам спытала:
— Што вы хацелі сказаць мне, Максім Антонавіч?
Але яго ўжо нельга было злавіць на слове. Ён надзвычай добра ведаў яе характар і яшчэ лепш помніў яе водпаведзь, якую яна дала за Машу зімой, а таму адказаў з іроніяй:
— Што ў вас цудоўны голас і вам больш падышла-б прафесія актрысы, чым настаўніцы.
— Дзякую, — Ліда паднялася. — Пара спаць. Добрай ночы, — і пайшла ў той бок, дзе ў цемры яшчэ тлела чырвонае вугалле вогнішча.
Максім застаўся сядзець на беразе.
4...
На паседжанні праўлення павінен быў абмяркоўвацца план уборкі ўраджаю, і Машы захацелася паслухаць, як будзе вырашацца гэтае вельмі адказнае пытанне ў лепшым калгасе, каб пераняць вопыт і перанесці яго ў сваю брыгаду, у свой калгас.
Паседжанне было многалюднае, як наогул усе паседжанні і сходы ў «Волі». Людзі запоўнілі прасторнае памяшканне новай калгаснай канцылярыі, яшчэ не скончанай, з незашклёнымі рамамі, без дзвярэй у будучы кабінет старшыні, з дзіркамі ў столі і падлозе, дзе павінны стаць грубкі.
Да пачатку паседжання, покуль Лазавенка, Ладынін і Шышкоў пра нешта раіліся, нахіліўшыся над сталом, было шумна; так бывае заўсёды, калі збіраецца многа людзей, якія з'еднаны агульнай працай, агульнымі інтарэсамі, і ведаюць да драбніц штодзённае жыццё адзін аднаго.
Але як толькі Васіль падняўся з алоўкам у руцэ, адразу ўсталявалася цішыня. Маша з гонарам за яго падумала, што ў іх калгасе Лескаўцу заўсёды даводзіцца пакрычаць, каб супакоіць людзей у пачатку сходу. Яна мімаволі залюбавалася мужам. Ён гаварыў спакойна і, відаць, знарок, нягучна — так, што тыя, хто стаяў каля дзвярэй, напружана выцягвалі шыі. Аднак ніхто не крыкнуў «гучней», як гэта звычайна бывае, калі ў прамоўцы нехапае голасу. Усе слухалі моўчкі. Голас Васіля паступова мацнеў, старыя адымалі далоні ад вушэй, ён прачытаў план падрыхтоўкі, зацверджаны на адным з мінулых паседжанняў, месяцы два назад, і каротка расказаў аб яго выкананні — аб рамонце конных жняярак, аб будаўніцтве крытых такоў, аб машынах МТС, якія будуць працаваць на ўборцы.