Выбрать главу

— Ураджай мы вырасцілі, таварышы, нядрэнны.

— Добры ўраджай, што там казаць! — перапыніў яго брыгадзір Вячэра. Васіль, азірнуўшыся на Ладыніна, усміхнуўся, кінуў Вячэры:

— У цябе, Міхей Пятровіч, тэндэнцыя к зазнайству.

Той у адказ засмяяўся, бо ведаў, чые гэта словы: іх сказаў аднойчы на закрытым партсходзе самому Лазавенку Ігнат Андрэевіч.

— Да добрага ўраджаю нам яшчэ далёка, таварышы.

— Далёка? Бач ты!.. А тое ты ведаеш, што бацькам нашым і не сніўся такі ўраджай, — абурыўся Міна Лазавенка. — Ты скажы, што не заўсёды год такі ўдаецца.

— Не перашкаджай, бацька... Вашым бацькам не сніўся, а нашы ўбачаць яшчэ не такі. І пры тым вырошчваць мы яго будзем у любы год. Але ўраджай наш гэтага года можа стаць у маштабе нашага раёна сапраўды добрым... — Васіль зрабіў паузу, аглядаючы калгаснікаў,— пасля таго, калі мы збярэм яго своечасова і без страт. Высокі ўраджай дабываеце не толькі добрай сяўбой, угнаеннямі, доглядам, але і добрай уборкай. Таварыш Сталін гаворыць, што ўборка — справа сезонная, убраў своечасова, — выйграў, спазніўся — прайграў. Слоў гэтых мы ні на адну хвіліну не павінны забываць. Ні на хвіліну, таварыш Гоман, — паўтарыў Васіль і павярнуўся да брыгадзіра будаўнічай брыгады. Той усхапіўся з месца, як абвараны.

— Зноў за Гомана! Усюды Гоман!

— Шум і гоман! — выгукнуў ад дзвярэй нейкі малады жартаўнік.

Выбухнуў рогат.

Васіль пастукаў па стале алоўкам.

— Адным словам, калі за два дні не будзе скончана будаўніцтва тока ў трэцяй брыгадзе, сапраўды будзе шум і гоман, паважаны Іван Іванавіч. Не забывай на папярэджанне, якое мы табе зрабілі...

— Дай яшчэ адзін дзянёк, Васіль Мінавіч, — выціраючы рукавом лысіну, плаксіва папрасіў Гоман.

Ад дзвярэй зноў пакаціўся дружны смех.

Пасля выступлення старшыні, рабілі справаздачы брыгадзіры.

Маша адразу-ж насцярожылася, як толькі пачаў гаварыць Міхей Вячэра. Усё, што ён гаварыў аб падрыхтоўцы брыгады да ўборкі, вельмі мала было падобна да тае справаздачы, якую рыхтавала яна для свайго праўлення.

Вячэра па сутнасці рабіў даклад. Пачаў ён з таго, што ахарактарызаваў брыгадны масіў цалкам, а затым і кожны ўчастак і культуру паасобку.

Усё ў яго было дакладна і навукова вызначана і падлічана. Не заглядваючы ў блакнот, ён называў лічбы ўраджайнасці і ш разу не ўжыў слова «прыкладна», нібы ўраджай гэты ўжо ляжаў у свірне, а не стаяў на полі. Ён упэўнена называў дні, калі можна будзе пачаць жаць жыта на Выгарах, ячмень на тарфяніках, пшаніцу — за сасоннікам. У адпаведнасці з гэтым у яго быў складзены план уборкі, у якім было ўсё разлічана да драбніц: затрата працадзён на кожную культуру і на кожны рабочы працэс, неабходная колькасць людзей, коней, жняярак, нават сярпоў, кос і грабляў.

Былы партызанскі камандзір расказваў пра ўборку, як пра наступленне, план якога складзены з улікам здольнасці кожнай баявой адзінкі, кожнага чалавека і машыны. Усё ў гэтым плане было прадугледжана — усялякая нечаканасць і выпадковасць.

Слухалі Вячэру ўважліва. Маша нават раўніва падумала, што больш уважліва, чым Васіля. Брыгадзір трэцяй брыгады Арцём Гарадзец, малады хлопец, з хваравітым тварам, нешта хуценька выпраўляў у сваім таўстым сшытку, шпарка перагортваючы старонкі. Ён слюніў хімічны аловак і на яго вуснах усё больш і больш расплывалася фіялетавая пляма. Машы таксама захацелася запісаць галоўнае з плана Вячэры, каб заўтра-ж па гэтых нататках скласці такі-ж план па сваёй брыгадзе. Яна дастала з кішэні маленькую запісную кніжку але, убачыўшы, што некалькі чалавек з незразумелымі ўсмешкамі пазіраюць на яе, засаромілася — пакруціла кніжачку ў руцэ — непрыкметна схавала яе ў рукаў.

«Няхай не палічаць, што я прышла вучыцца, — падумала яна, але тут-жа дакарыла сябе за гэтую думку: — А чаму і не павучыцца?»

Вячэра крытыкаваў будаўнікоў за недаробкі на таку, каваля — за рамонт конных жняярак, высоўваў патрабаванні да праўлення, прасіў дапамагчы людзьмі.

— Усё тут, — ён пастукаў пальцамі па вокладцы блакнота, — зроблена, так сказаць, з запасам магутнасцей, а вось разлік людзей — з максімальнай нагрузкай на кожнага чалавека. І калі што якое, захварэе, чалавек ці яшчэ што, і машына мая можа пачаць даваць перабоі, — звярнуўся ён да Васіля.