Выступілі са сваімі планамі і іншыя брыгадзіры.
Машы здавалася, што планы брыгадзіраў — беззаганныя, што пра іх нічога больш нельга сказаць, як толькі пахваліць, і таму яна здзівілася, калі іх пачалі крытыкаваць, выпраўляць.
Выступалі члены праўлення, калгаснікі, Байкоў. Тут-жа ўсё ўдакладнялі, рабілі пераразлікі, больш разумна расстаўлялі людзей і цягло.
З узгодненых брыгадных планаў нараджаўся агульнакалгасны план.
Васіль падводзіў вынікі.
— Планы мы склалі добрыя. Галоўнае цяпер — выканаць іх, а гэта цалкам залежыць ад нас саміх. Уборка — справа сезонная, а таму мы павінны мабілізаваць усю нашу рабочую сілу. Павінен працаваць кожны чалавек, хто жыве ў нас...
— Пабачым! — скептычна прагучэў сярод цішыні голас Наташы Гоман.
Васіль кінуў у яе бок здзіўлены позірк, не разумеючы яе рэплікі.
— Арганізуем вучняў і студэнтаў... Справу гэтую ўзяла на сябе Лідзія Ігнатаўна. Наша вясковая інтэлігенцыя дапаможа жывёлагадоўчай брыгадзе па прыфермскім участку... Нарэшце я згодзен на які тыдзень, не больш, таварышы, адарваць будаўнікоў...
— З гідрастанцыі?
— З гідрастанцыі таксама.
— На ўсю ўборачную трэба, Васіль Мінавіч.
— А то зноў адны мы будзем рабіць, бо кампаньёны нашы, безумоўна, сарвуць сваіх людзей...
— Справа праўлення, таварышы, але я буду супраць таго, каб зрываць брыгаду з гідрастанцыі на ўвесь час уборкі,—запярэчыў Васіль. — Добра, каб мы змаглі-б не чапаць іх зусім... Ну, калі такая справа, то ў самы гарачы час — на тыдзень... Не больш!.. Звяно па бураках Рэгінай будзе працаваць у трэцяй брыгадзе ў Крыніцах. Сядая са сваім звяном стане на вывазку збожжапаставак. Ганаровае заданне табе, Наталля Нікалаеўна!.. У самы кароткі тэрмін мы павінны разлічыцца з дзяржавай...
Васіль хацеў быў перайсці ўжо да абмеркавання іншых спраў, як нечакана паднялася Насця Рагіна.
— Дазвольце мне, — яна энергічным рухам паправіла сваю квяцістую хусцінку і сказала цвёрда, выдзяляючы кожнае слова:
— Маё звяно на ўборку не пойдзе!
Каб раптам загаварыў нямы Цімох, што прысутнічаў тут, то гэта, мабыць, здзівіла-б калгаснікаў менш, чым такая заява.
Усе павярнулі да яе галовы і разглядвалі так, нібы яна толькі што звалілася з неба. Насця пачырванела, разгубілася і села.
Калгаснікі загудзелі, хто — абурана, хто — насмешліва.
— Выказалася!
— Генерал дзявочага войска!
— Што ты схавалася? Гавары, выкладвай, што гэта за звяно ў цябе такое?
— Як буракі твае палоць, дык усім калгасам хадзілі.
— Я вас не прасіла! — яна зноў паднялася, ужо бледная, з ліхаманкавым бляскам у вачах.
— Мы цябе таксама не просім! Можа пакланіцца ў ножкі вам загадаеце, Анастасся Іванаўна? Яна не пойдзе! Бач ты яе! — абурыўся Міхей Вячэра.
— Не пайду! Няхай раней жонка старшыні пойдзе...
Людзі адразу сціхлі і павярнуліся ад яе да стала, за
якім стаяў Васіль Лазавенка, спакойна ўсміхаючыся. Хто-ні-хто затрымаў позірк на Машы, і яна адчула, што ёй раптам зрабілася душна.
— Жонка старшыні працуе, — заўважыў нехта.
— Дзе? Не бачым мы яе працы! — закрычала Наташа Гоман.
— Калі гэта было, каб выпіла калгасніца замуж і працавала не там, дзе муж, — пачуўся ад дзвярэй голас сталай жанчыны.
Але Наташа не давала гаварыць ні прыхільнікам сваім, ні ворагам.
— Добрая работа! Муж кожную раніцу на кані падвозіць, вечарам прывозіць, як пані тую...
— Выйдзі і ты за старшыню! Табе зайздросна?
Выбухнуў смех. Жартаўнікам і зубаскалам выпала магчымасць паказаць свой талент.
— А ты ведаеш, хто за каго замуж выходзіў? Можа ён за яе?
— Ведаем мы гэтыя хітрыкі. Выгадна быць адразу ў двух калгасах!.. Двух кароў даіць...
Словы гэтыя агнём апяклі сэрца Машы, зрабілася крыўдна да слёз.
Яна глядзела на Васіля, чаму ён так спакойна і весела ўсміхаецца. Няўжо такі паклёп не кранае яго, не абражае?
Калі Наташа, нарэшце, сціхла, ён гарэзліва спытаў:
— Ну? Хто яшчэ жадае? Толькі давайце па парадку.
Умомант усталявалася такая цішыня, што стала чуваць, як б'юцца аб лямпачку матылі.
Падняўся Іван Рагін, бацька Насці, сурова паглядзеў на дачку.
— Усё, што настракаталі тут гэтыя сарокі, — глупства, канешне... І ты прабач, Васіль Мінавіч, і ты, Маша... Але тут справа такая... што чуў я такія размовы і ад старэйшых, асабліва ад жанчын... Не разумеюць яны, чаму жонка твая, Васіль Мінавіч, працуе не ў сваім калгасе... Хіба нам самім не трэба такая работніца? Ці ў «Партызане» без яе ніяк не абыйдуцца? — ён аглянуўся, нібы шукаючы падтрымкі, і сеў.