Людзі хавалі ўсмешкі, употайкі хітра падміргваючы адзін аднаму. Сапраўды, Шаройка ўзяўся за работу, як належыць: на касьбе штодзень выконваў па дзве нормы, выклікаў на спаборніцтва маладых.
Максім задаволена жартаваў, ківаючы на яго:
— Аказваецца, што і Шаройку можна перавыхаваць, — і хоць не было ў яго ранейшай павагі да лепшага гаспадара ў вёсцы, але часам ён зноў раіўся з ім, тым больш, што цяпер ён нічога не адважваўся рабіць сам, без парад з боку.
Шаройка лісліва дагаджаў старшыні і настойліва запрашаў яго да сябе. Максім цвёрда вырашыў не паддавацца ні на якія ўгаворы і не заходзіць. Некалькі разоў ён адмовіўся, але аднойчы позна ўвечары Шаройка спаткаў яго каля свайго дома і зацягнуў амаль сілком.
— Не крыўдзі старога, Максім Антонавіч. Справы справамі, а стары друг, як гэта кажуць... На адну хвіліначку... Пасядзім, пагутарым...
У Максіма быў дрэнны настрой, ён зноў бачыў, як ішлі цераз сад Васіль і Маша, і яму не хацелася ісці дамоў, дзе брат штовечар уцягваў яго ў складаныя філасофскія спрэчкі. Хацелася пасядзець ціха, спакойна.
У хаце нікога не было. Шаройка, запрасіўшы госця сесці, адразу падаў яму пісьмо.
— Пачытай, Максім Антонавіч. Ад сынка, ад Федзі. Шэсць лістоў накаціў, як паэт. Званне яму павысілі. Маёр! — ён радасна выгукнуў апошняе слова, выбег на кухню і ўжо за дзвярыма яшчэ раз паўтарыў:— Маёр!
Максім не прачытаў і адной старонкі, як з бакоўкі паважна выплыла Паліна, крыху заспаная ўжо, у прыгожым шоўкавым халаце японскага ўзору, з высокай, яўна паспешліва зробленай прычоскай. Яна ветліва і быццам сарамліва прывіталася і села насупраць на канапе.
— Прабач мне, Максім, што я так сустракаю гасця.
Ад яе пахла нейкімі моднымі духамі, У Максіма ад гэтых пахаў закружылася ў галаве і чамусьці зноў успомнілася Маша, уявілася, як абнімае яе і цалуе Васіль.
Крысо халата адвярнулася і агаліла прыгожае белае калена і карункі сарочкі. Максім зразумеў, што Паліна зрабіла гэта знарок, і ўзлаваўся, адчуў сябе зняважаным. Злосць мацнела, калі яна пачала гаварыць, то гарэзліва іграючы вачыма, то з сумнымі ўздыхамі. Ён ненавідзеў гэтае крыўлянне. І яе ненавідзеў з таго часу, калі пераканаўся, што папрок маці справядлівы. Сапраўды, Шаройка даўно марыў, каб жаніць яго на дачцы, і не раз пілаваў Паліну за нерашучасць: «Не маленькая, дзякуй богу. І не век сядзець табе ў дзеўках, хоць і настаўніца ты... Была-б ты пачварай, а то такая прыгажуня». Але тады Паліна марыла пра вялікае, шчырае каханне — такое, як у раманах, ды і Машу яна паважала, не дазваляла сумленне перашкодзіць яе шчасцю. Але цяпер, калі Маша замужам... Цяпер можна паспрабаваць прываражыць яго... Здараецца, што каханне прыходзіць пазней, пасля збліжэння...
...Максім не вытрымаў — падняўся і дэманстратыўна адышоў да акна, павярнуўся да яе спіной.
«Нахабная дурніца!.. На д'ябла ты мне здалася! За каго ты мяне лічыш, свіння ты гэткая?»
Шаройка ўскочыў у пакой з вялікай патэльняй у руках, на якой злосна сіпела і бурболіла яешня.
— Прашу да стала, Максім Антонавіч. Возьмем па маленькай...
— Дзякую. Я не п'ю, — адказаў Максім, павярнуўшыся ад акна.
Шаройка глянуў на дачку, убачыў яе збянтэжаны твар і ажно засіпеў, але кінуўся да Максіма, лісліва абняў за плечы.
— Не, не, брат Максім, з маёй хаты так не выходзяць. Не пушчу! На парозе лягу!..
Паліна непрыкметна нырнула ў бакоўку. Яны селі за стол, забыўшыся пра яе. Разгаварыліся пра калгасныя справы, і Максім супакоіўся: размова была цікавая.
Гутарылі пра ўраджай, пра ўборку, да пачатку якой
заставаліся лічаныя дні. Але раптам Максім насцярожыўся зноў: Шаройка пачаў даваць знаёмыя парады.
— Але-е, ураджай мы вырасцілі. Нядрэнны ўраджай. Лета добрае. Залатое лета. Дзякуй богу, будзем з хлебам... Толькі, Максім Антонавіч, паслухай мяне, старога вераб'я... Не вельмі ты кідайся на гэтыя эмтээсаўскія машыны. Гавораць, ты лаяўся ў раёне, што камбайна не далі. Навошта ён табе? У нас сіл хапае... Калі нехапае іх — справа іншая... Я, браток, калі кіраваў, глядзеў уперад. Глядзеў, браток, глядзеў... Сёння ў цябе больш конікаў, чым у праслаўленай «Волі». А гэта сіла пры жняярачках. Сярпок таксама не аджыў яшчэ сваё...
Максім палажыў на стол відэлец, выпраміўся, засунуўшы рукі ў кішэні штаноў.
— Гнілыя твае парады, Амелька.
Шаройка ўздрыгнуў, быццам яго выцялі па спіне, уціснуў галаву ў плечы, крыва ўсміхнуўся.