Выбрать главу

— А-а? Гнілыя, кажаш? Што-ж, бывае... Бывае, браток, бывае. Відаць, сам пачынаю гніць.

— Відаць, пачынаеш.

Усмешка знікла з Шаройкавага твару, ён спахмурнеў прыкусіў губу, вочы яго загарэліся злоснымі агеньчыкамі. Чалавек сябелюбівы, ён быў помслівы і ніколі не дараваў крыўды.

А Максім, адчуўшы сваю сілу і перавагу, загарэўся жаданнем як мага больш нагаварыць яму непрыемнасцей.

— Але, гніеш, Амелька, — ён пацягнуў носам. — Смуроднае паветра вакол цябе.

— Эх, Максім, Максім, не твае гэта словы. Чужыя словы, — Шаройка цяжка ўздыхнуў, быццам яму вельмі шкада было Максіма. — Ды я не крыўджуся. Не крыўджуся, браток. Маладосць!.. Вып'ем? Не бойся, не смуродная, з магазіна...

— Вып'ю. Апошнюю... За тое, каб больш з табой ніколі не піць.

— Не плюй, кажуць, у стары калодзеж...

— З гнілога калодзежа не п'юць, Шаройка.

Гаспадар змоўк, зразумеўшы, што госця нічым улашчыць нельга. Са страхам убачыў ён перад сабой не Максіма, а яго бацьку — толькі Антон Лескавец гаварыў яму ў вочы такія пякучыя, як крапіва, страшныя словы.

Хуценька разліўшы гарэлку, ён падняў чарку, але Максім выпіў не чокнуўшыся.

Шаройка нахіліўся і спытаў лагодным голасам:

— Даўно хацеў спытаць у цябе... Кацубіха так увесь час і будзе ў нас?

— А табе — што? Не падабаецца?

— Мне? Мне — усёадно. — Шаройка адкусіў палавіну маласольнага гурка, гучна захрумстаў і, праглынуўшы, раптам загаварыў зусім іншым голасам — злосна, ажно засіпеў: — А наогул не падабаецца. Не! Бо не я загніваю, не я. Дарэмна ты паклёпнічаеш! У мяне душа баліць за калгас больш, чым, можа, у цябе. І бачу я больш. А цябе асляпілі. Ідзі паслухай, што людзі гавораць. Уся вёска звоніць, што калгасам цяпер кіруеш не ты, а Кацубіха. Ну, а Кацубіха — значыцца Лазавенка. Вось яно як павярнулася! Хе-хе.

Максім спакойна падняўся, падышоў да акна, зняў з цвіка шапку, ударыў яе аб руку, каб выбіць пыл.

Шаройка таксама падняўся.

— Так людзі гавораць, Максім Антонавіч...

Лескавец ступіў да яго і выдыхнуў у твар:

— Так гаворыць толькі адзін сукін сын! — і хутка выгнаў, ляпнуўшы дзвярыма.

На вуліцы ён спыніўся, аглянуўся на вокны Шаройкавай хаты і засмяяўся. На душы было лёгка і светла, нібы ён раптам змыў увесь накіп. З гэтага вечара змяніліся яго адносіны да Машы, да Васіля. Апрача таго, знікла яго няўпэўненасць у сябе, у свае сілы і здольнасць кіраваць калгасам, якая з'явілася адзін час і якая была занепакоіла Ладыніна.

6...

Алеся паехала ў Маскву здаваць экзамены ва універсітэт. Пецю праўленне адкамандыравала на курсы трактарыстаў і камбайнераў. Дом апусцеў, і Маша мусіла перабрацца ў Лядцы, каб прыгледзець за гаспадаркай, яе трэба было зберагчы для Пеці.

У першы вечар, правёўшы ўсхваляваную Алесю на станцыю, яна доўга хадзіла па прасторнай хаце, па двары, на гародзе і не ведала, за што ўзяцца. Зрабілася сумна. Яна з нецярплівасцю чакала Васіля. Ён прышоў, калі ўжо сцямнела, як заўсёды, узбуджаны, радасны. Моцна абняў яе, пацалаваў.

— Вось і разляцелася наша сям'я, — нявесела ўсміхнулася Маша. — Усе адразу.

— Сумна? — зразумеў яе Васіль.

— Сумна і радасна, Вася. Перад імі — такое жыццё!

— А перад намі?

— І перад намі, — яна ласкава прытулілася да яго.

— Ну, ідзем вячэраць. Вясёлае і ў нас з табой жыццё. Начаваць будзем у Лядцах, абедаць — у Дабрадзееўцы. Насця зноў тарарам падыме, што п'ем малачко ад двух кароў. Дзівачка!

Маша лёгка ўздыхнула.

— Табе смешна. А мяне гэта так тады ўразіла, што я і цяпер яшчэ супакоіцца не магу. Крыўдна, што не разумеюць людзі. У наш час... Нашы равеснікі...

— Нічога, Маша. Не рабі ты з глупства палітыкі. У яе былі свае прычыны, толькі яна нічога больш разумнага не магла прыдумаць. А так пры ўсіх яе дзівацтвах яна слаўная дзяўчына. Не рэўнуеш? Я веру, што яна будзе першай гераіняй у нас.

Вокны былі адчынены, і ў пакой глядзелася цёмнымі цьмянымі зоркамі душная ноч. Пахла спелай збажыной — пах гэты плыў з палёў, — геранямі і ружамі, што раслі ў палісадніку.

Яны сядзелі за сталом насупраць адзін аднаго, стомленыя за дзень, але шчаслівыя, задаволеныя тым, што засталіся, нарэшце, адны. Не спяшаючыся, вячэралі, ціха размаўлялі. Ім хацелася прасядзець так як мага даўжэй. Час ляцеў непрыкметна. Даўно ўжо сціхла вёска, і нават не было чуваць галасоў моладзі.

— Усе спяць. Пара і нам, Маша. Заўтра мне трэба падняцца гадзін у чатыры, — Васіль накруціў будзільнік, каб не праспаць. — Трэба выйсці на жніво як можна раней, каб да абеду снапы падсохлі, а ў другой палавіне дня пусціць малатарню. А наогул прамахнуліся мы з гэтымі Расцярэбамі. Дараваць не магу сабе. Трэба было абавязкова ўвосень выкарчаваць пні... Цяпер пусцілі-б камбайн, жняяркі...