— Не ўсё адразу, Вася. Які ты прагны! Ніхто не ведаў, што там паспее раней...
— Вось гэта і дрэнна, Маша, што мы мала яшчэ ведаем. Павінны былі ведаць.
— Мы ў Глінішчы сеялі пазней, а паспела там раней. Вось табе і законы!
Маша паслала пасцель, ужо зачыніла вокны, калі раптам у дзверы пастукалі.
— Хто гэта так позна, — здзівіўся Васіль.
Маша пайшла адчыняць.
Зайшлі Лескавец і Міхайла Прымак.
Максім з дзіўнай цікавасцю, паспешліва і прагна, аглядаў хату. Потым, мабыць, адчуўшы недарэчнасць сваёй цікавасці, ён прыкметна збянтэжыўся і папрасіў прабачэння.
— Позна мы патурбавалі вас.
Міхайла Прымак залез за стол без запрашэння і ўсеўся, як дома. Гаспадароў гэта не здзівіла; яны ведалі, што толькі за сталом ён мог скруціць цыгарку адной рукой. Сапраўды, ён адразу выцягнуў капшук з махоркай, газету і даволі спрытна і хутка скруціў вялікую цыгарку. Васіль падаў яму запалку.
— Абасобіліся вы, хітрунцы, як на дачы. Во, Максім, пазайздросць каб ты спух ад злосці, калі не хацеў жаніцца... Жывуць, як графы ў сваёй загароднай віле. Усе ўмовы, каб штогод па дзіцяці, а то і па двое...
Маша абурылася:
— Пасароміўся-б, Міхайла! Ужо галава вунь сівая, а ты... чаўпеш нямаведама што.
Прымак не сунімаўся.
— У мяне душа маладая, Маша... Чакай... А чаму ты крычыш на мяне? Ты мне поўлітэрку павінна ставіць кожны раз, калі я зайду. Без мяне вы, ліхадзеі, яшчэ пяць год не пажаніліся-б. Скажыце дзякуй...
Васіль засмяяўся.
— Але і мастак ты хлусіць, Міша! Чужыя заслугі сабе прыпісваеш.
— Хо! Сказаў! А якая твая заслуга? Дурная справа, гаварыў мой бацька, няхітрая. Заслуга! Пачакай крыху... ты заслужыш... Як пачне цябе гэтая пілка штодзень пілаваць, дык ты ад усіх заслуг адмовішся... А яна, можа, брат. Культурна гэтак, з прыціскам, толькі тырса пасыплецца...
Васіль любіў гэтага чалавека, які жартаваў няспынна, у любых абставінах.
Машы хацелася сур'ёзна ўзлавацца на яго, але злосці не было. Аднак яна сярдзіта хмурылася.
Яна назірала за Максімам і бачыла, што яму непрыемна слухаць такія жарты, праўда, ён таксама ўсміхаўся, але ўсмешка была нейкая кіслая, робленая. Нарэшце, Максім не вытрымаў і сказаў сур'ёзна і патрабавальна:
— Давай аб справе, Аляксеевіч. Людзям спаць пара.
Прымак павярнуўся да яго з надзьмутымі шчакамі, пільна паглядзеў у вочы, потым шумна выпусціў з рота вялізны клуб дыму.
— Аб справе? Ну што-ж, давай аб справе...
Відаць, Максім чакаў, што гаварыць будзе Прымак, але брыгадзір падсунуў да сябе газету і пахіліўся над ёй.
Тады Максім павярнуўся да Лазавенкі:
— Слухай, Васіль, ты пачынаеш жаць на Расцярэбах... Камбайн там не пойдзе. А ў мяне гатова ў Глінішчы. Дай мне на першыя два дні камбайн.
Васіль паціснуў плячыма.
— Вы мяне здзіўляеце, хлопцы. Сядзіць, можна сказаць, непасрэдны гаспадар камбайна — брыгадзір МТС, а ты да мяне з такой просьбай... Я маю дачыненне да камбайна такое-ж, як і ты.
Прымак падняў ад газеты галаву і пагразіў яму кулаком.
— Вася, не прыкідвайся дзіцёнкам. Ты добра ведаеш, чаму мы прышлі да цябе. Самавольна я перакінуць не магу... Крыловіч у Мінску... Я гаварыў па тэлефону з Маслоўская яна падтрымлівае... Але толькі ўзгадніўшы з табой... Без тваёй згоды на гэта ніхто не адважваецца. Камбайн па графіку павінен працаваць у «Волі», убраць твой багаты ўраджай. І, калі перакінуць без тваёй згоды, і раптам што якое, ты-ж загрызеш тады любога. Да абкома дойдзеш.
Васіль падняўся і задуменна прайшоўся па пакоі, Маша ўсхвалявана пазірала за ім. Што ён вырашыць? Што адкажа?
Безумоўна, ёй хацелася, каб камбайн папрацаваў у іх калгасе. Тады яны здолелі-б утрымацца ў ліку перадавых. Але яна разумела, што гэта можа даць магчымасць «Партызану» першаму пачаць здачу збожжа, атрымаць першы квіток. Пры ўсёй адданасці свайму калгасу яна не жадала такога пяршынства, бо гэта было-б, па яе разуменню, несправядліва. Такі гонар павінен належаць таму, хто заваяваў яго сваёй працай. Усе гавораць, што «Воля» павінна заняць у гэтым годзе першае месца ў раёне. Дык няхай будзе першай ва ўсім!
«Ці разумее гэта Вася? Ці думае аб гэтым?»
Ніколі яшчэ Маша не была ў такім недарэчным становішчы: за каго падаць ёй голас, за які калгас, калі абодва яны сталі блізкія ёй?
Васіль спыніўся перад Прымаком.
— А калі што якое, як ты кажаш?
— Што? Паломка? Ну, што ты! Новая машына. Сам ні на крок не адыйду. Мне не верыш?