Апанаваны сваімі думкамі, Максім не дайшоў да сэнсу ўсяго, пра што гаварыў Ладынін. Але апошнія словы, адказ і смех Ліды насцярожылі яго: а ці не мае часам Ладынін на ўвазе і такія «экземпляры», як ён, Лескавец? У апошні час ён заўсёды насцярожваўся, калі ў яго прысутнасці пачыналі гаварыць аб перажытках.
— А заўваж, тата, амаль няма васількоў.
Яны пайшлі па дарожцы, што вяла цераз жыта.
— Але... Амаль няма. Знікае васілёк, як пустазелле.
— Толькі ў вас на плацці засталіся, Ліда, — пажартаваў Максім. — І ўпрыгожваюць яго цудоўна!
Ліда сказала:
— Калі ласка, старшыня калгаса — прыхільнік васількоў.
— Тых, якія не ў жыце.
Трактар за ўзгоркам набліжаўся. Цяпер ужо добра было чуваць, што там не толькі трактар, да яго прыглушанага гудзення далучаўся роўны гул і стракатанне камбайна «Сталінец-6». Неўзабаве з-за ўзгорку выплылі труба, пасля — верхняя частка камбайна, постаці двух чалавек на мастку і, нарэшце, — нізкі, запылены «ХТЗ».
Камбайн, як карабель, праплыў па ўзгорку, павярнуўся і пайшоў назад.
Ліда, Ігнат Андрэевіч і Максім з вяршыні ўзгорку глядзелі яму ўслед. Перад імі рассцілаўся шырокі іржэўнік, на ім роўнымі радамі ляжалі кучкі залатой на сонцы саломы і шэрыя, меншыя грудкі мякіны. На другім канцы іржэўніку наўпрасцяк ехалі да камбайна тры бястаркі. У адной з іх стаяў малады хлопец і круціў над канём лейцамі, але конь, відаць, быў не надта рухавы і рэагаваў на гэта даволі спакойна: павольна махаў хвастом, адганяючы аваднёў.
Збоку, за паласой жыта, працавала жняярка-самаскідка. Граблі яе раз-по-разу ўзляталі ў паветра, бліскалі нейкай металічнай часткай. За жняяркай бялелі хусткі вязальшчыц.
— Малайцы! — стрымана пахваліў Ладынін, акінуўшы вокам зжатую плошчу. — Добры пачатак.
Максіму стала прыемна ад гэтай пахвалы, і ён задорна і крыху самаўпэўнена спытаў:
— Выходзіць, мы таксама ўмеем працаваць, Ігнат Андрэевіч?
— А хто сказаў, што вы не ўмееце?
— Вам, Лескавец, відаць, хочацца, каб асабіста вас пахвалілі, — Ліда сказала гэта як-бы між іншым, нават не павярнуўшыся да яго.
Але словы яе пакрыўдзілі Максіма. А чаму, урэшце, і не пахваліць яго? Ды і не пахвала яму дорага, а ласкавае, цёплае слова чалавека, якога ён любіць і паважае. Але ён нічога не сказаў і хутка пайшоў насустрач агрэгату, які развярнуўся і зноў набліжаўся да іх.
Параўняўшыся з камбайнам, Максім спрытна ўскочыў на ўсходцы, падняўся на масток, на якім стаяла камбайнерцы Вольга, малодшая дачка Міхея Вячэры.
Ладынін адчуў, што Максім зноў пакрыўдзіўся і лагодна дакарыў дачку:
— Нельга так, Лідуша. Часам чалавека карысна і пахваліць.
Ліда зморшчылася.
— Рысы дзіцячай псіхалогіі, тата, захоўваюцца ў людзей вельмі надоўга, у некаторых да старасці. Але тое, што прыемна ў дзіцяці, прыкра заўважаць у дарослага.
Яна пабегла да камбайна. Бацька паківаў галавой: нават ён не заўсёды разумеў словы і ўчынкі дачкі, часта яны былі нечаканыя, супярэчлівыя, дзіўныя.
Ліда таксама на хаду паднялася на прыступкі, прывіталася з Вольгай, аглянулася на жытнёвае мора, па якім каціліся зялёна-залатыя хвалі. Вецер рваў касынку з яе плячэй, жартаваў з сукенкай, Ліда прыціснула яе каленямі да парэнчаў.
— Злазьце, Лескавец, я хачу паездзіць, павучыцца.
Максім паслухмяна спусціўся, яны размінуліся на ўсходцах, дакрануўшыся адзін да аднаго. Саскочыўшы на зямлю, ён доўга не мог адвесці вачэй ад прыгожай постаці дзяўчыны ў бэзавай сукенцы на мастку камбайна, які аддаляўся ад яго, плыў паўз сцяну жыта на ўзгорак. Ігнат Андрэевіч употайкі назіраў за ім і ўпершыню ў ім нешта трывожна варухнулася ў сэрцы. Ніколі ён не ўмешваўся ў інтымныя справы сваіх дзяцей, цвёрда ўпэўнены, што, выхаваныя ім дзеці яго ва ўсіх выпадках жыцця будуць паводзіць сябе разумна. Ён не памыліўся ў адносінах сына і таму яшчэ больш спакойны быў за сваю любіміцу-дачку.
Але яе адносіны да Максіма чамусьці ўстрывожылі яго. Ліда была нейкая загадкавая, незразумелая ў гэтых адносінах.
Ладынін з Максімам наблізіліся да месца запраўкі агрэгата. Каля дарогі, пад старой бярозай, стаяў воз з бочкамі, каля яго была напята плашч-палатка, прымацаваная адным канцом да драбін воза, другім — да бярозы і жардзіны, уторкнутай у зямлю.
З-пад палаткі вылез Міхайла Прымак, на выгляд змораны, з пачырванелымі вачыма, але з вясёлымі іскрамі ў іх.
Быў ён у майцы, запылены, блішчэлі адны белыя зубы. Сустрэў іх жартаўлівым выгукам:
— Ліха з два з-за начальства паспіш! Ні спякота на вас не дзейнічае, нічога. Цэлую ноч не спаў і ўсю раніцу на агрэгаце прастаяў, покуль аб'ездзілі. Думаў адхапіць якую сотню хвілін. Дзе там! Поўгадзіны назад Крыловіч прыляцеў... Відаць, добра яму там, у Мінску, накруцілі, што проста з поезда ў брыгады паімчаўся. Чырвоны, злосны... Безумоўна, адразу на мяне... Чаму камбайн працуе не ў «Волі»? А я таксама злосны сёння. А што, па-вашаму, лепш, каб я стаяў? Першыя ў раёне, кажу, вышлі ў поле, гэта цаніць трэба! Схапіліся. Самавольнічаеце, крычыць. Праяўляю ініцыятыву, адказваю. Бачу, узлаваўся ён не на жарт. Я ад абароны ў наступ перайшоў. Кажу, сам Лазавенка прапанаваў перакінуць камбайн у «Партызан», бо ў яго паспела толькі па Расцярэбах. Чалавек, кажу, свядомы, з дзяржаўным розумам, не аб славе сваёй думае, не тое, што іншыя, на ўсё глядзяць толькі са сваёй званіцы. Астыў мой начальнік, мацюкнуўся, махнуў рукой і паехаў. За ім — Чурыла, як заўсёды, ніводнага слова не прамовіў, толькі люлькай надыміў на ўсё поле і цяпер яшчэ смярдзіць тытунём.