Выбрать главу

Максім падскочыў бліжэй, таксама схапіў жменю зярнят.

— Хто сказаў, што сырое?

— Я кажу. Не першы год здаю.

— У цябе — што? Лабараторыя ў кішэні? Скажы проста, па-партыйнаму: табе не хочацца, каб мы першымі былі... Скажы... Я-ж разумею цябе, мяне ты не перахітрыш, — ён паківаў галавой, голас яго быў роўны, здавалася, нават спакойны, але здзеклівы і напружаны — вось-вось сарвецца да крыку. І, відаць, сапраўды ён закрычаў-бы і нагаварыў нямаведама чаго, каб Ладынін не перапыніў яго.

— Ідзі, калі ласка, Максім Антонавіч, сюды, я скажу табе пару цёплых слоў, — нечакана і як-бы жартам запрасіў яго Ігнат Андрэевіч, адыходзячы ўбок. А калі яны адышлі за машыну і засталіся адзін-на-адзін, сурова сказаў: — Калі ты, неўгамонная твая душа, яшчэ хоць раз кінеш Машы вось такі папрок, буду гаварыць з табой інакш. Як не сорамна! Калі ты, нарэшце, навучышся разумець людзей?

— Пагарачыўся, — нечакана вінавата прызнаўся Максім.

— Пагарачыўся. Глядзі-ж!

Ладынін развітаўся і пайшоў у вёску да хворых. Максім хадзіў навокал тока, маўклівы, пануры, прыдзірліва ўсё аглядаў, потым пайшоў да свірна, што стаяў у садзе. Калі праз некалькі хвілін ён вярнуўся назад, дзяўчаты паспешліва насыпалі зярно ў мяшкі і грузілі на машыну.

— Я павязу, — спакойна сказала яму Маша.— Але калі не прымуць — наракай на сябе.

Збожжа не прынялі. На складзе «Заготзярно» жартавалі:

— Хацелі першыя. Дарэмна вы спяшаліся, ужо чатыры калгасы здалі.

Але сярод гэтых чатырох не было «Волі», і гэта ўразіла Машу больш, чым тое, што іх зярно не прынялі.

Яна пакінула дзяўчат дасушваць жыта на складзе, хоць у яе было злоснае жаданне прывезці яго назад — Лескаўцу. Перамагла гаспадарлівая разважлівасць. З цяжкім пачуццём вярталася яна дамоў. Яна разумела недарэчнасць сваіх перажыванняў: неабавязкова ва ўсім «Воля» павінна быць першай! Ды, урэшце, і сам Васіль казаў:

— Важна не тое, хто першы здасць нейкую тону. У сто разоў важней першаму здаць апошнюю тону.

Але ўсёадно Машы было крыўдна. «Чаму яны марудзяць? Што ў іх здарылася? Дарэмна ён аддаў камбайн».

І раптам з-за павароту дарогі вылецелі насустрач іх машыне тры грузавікі, напоўненыя мяшкамі. Над першым трапятаўся чырвоны сцяг. Яна пазнала машыну «Волі» і ў кабіне ўбачыла мужа. Шафёр звярнуў убок, даючы дарогу. Маша штурхнула яго.

— Не спыняйся!

Шафёр кінуў на яе здзіўлены позірк, рвануў машыну. Васіль таксама пазнаў яе, замахаў рукой, спыніў свой грузавік.

Яна чула, як Васіль крыкнуў «Маша!» і, аглянуўшыся, убачыла, што ён стаіць на дарозе і здзіўлена глядзіць услед. Тады яна зразумела, што Васілю будзе няёмка перад сваімі людзьмі, перад дзяўчатамі, якія, безумоўна, пазналі яе, і ўзлавалася на сябе, хацелася заплакаць ад роспачы.

«Як дзяўчынка... Сорам... Дабрадзееўцы нямаведама што падумаюць. Чаму я не спынілася?» Яна не разумела свайго ўчынку. Не разумела, чаму ёй стала сорамна сустрэцца з Васілём.

Шафёр — Сцяпан Лаўрыновіч, малады і маўклівы хлопец, які адносіўся да яе з вялікай павагай, праехаўшы некалькі кілометраў, далікатна спытаў:

— Што, пасварыліся ўжо?

Маша адказала жартам:

— Не, думаю пасварыцца.

Сцяпан доўга маўчаў і толькі каля самых Лядцаў зрабіў глыбокадумны вывад:

— Вы ўсе такія... жанчыны... Незразумелыя.

«Незразумелыя... Сапраўды незразумелыя», — некалькі разоў у той дзень успамінала Маша гэтыя яго словы.

Яна не пайшла больш ні на ток, ні ў поле: у яе было дрэннае самаадчуванне. Яшчэ раніцой яна адчувала сябе блага і баялася, ці не захварэла часам. Удзень нібы стала лепш, і яна забылася на ўсё, захапіўшыся сушкай і падрыхтоўкай да здачы збожжа. Цяпер, пасля паездкі ў раён, зноў стала цяжка на сэрцы, разбалелася галава. Яна разумела, што гэта не толькі ад хвалявання. Было яшчэ нешта другое, што выклікала гэты неспакой, але што — яна не ведала. Яна паспрабавала заглушыць яго работай. Памыла бялізну, вышаравала падлогу, хоць зусім нядаўна мыла яе, падмяла ў двары, вычысціла кожны закутак, як перад святам. Але ніколі яна не вярталася дамоў так рана: ужо больш і працы не знаходзілася; а сонца яшчэ толькі зайшло за хаты. Праўда, заставалася яшчэ адна работа — згатаваць вячэру, але паліць у печы так рана. калі людзі яшчэ на 'працы, было няёмка. Маша вырашыла спячы блінцы. Раскрыла дзежку, удыхнула прыемны, кіслы пах рошчыны і раптам адчула, што ёй страшэнна хочацца... квасу. Халоднага, рэзкага хлебнага квасу. Яна доўга стаяла нерухома, з асалодай п'ючы ў думках гэтае цудоўнае пітво. Шчаслівая ўсмешка незвычайна асвятліла не толькі яе твар, а ўсю істоту, здавалася, што жанчына ўміг расцвіла, як тая кветка. А жаданне напіцца квасу не знікала. Яна напілася прастаквашы, расчыніла блінцы, а пах квасу, яго салодка-кіслы смак усё больш і больш раздражняў яе. Шукаючы работы, яна вышла на гарод і ўбачыла здалёк Сынклету Лукічну. Старая корпалася на сваім гародзе. Пасля вяселля Маша неяк саромілася і пазбягала сустрэчы з ёй, ды і Сынклета Лукічна, выпадкова спаткаўшыся, віталася не вельмі прыветліва.