Выбрать главу

— Я табе зараз, Антонавіч, уздзяру на зябліва ўсё, нават тыя пустыры, дзе не сеялася з сорак першага года. Засявай толькі потым, упраўляйся.

Сяўба азімых прайшла надзвычай гладка, асабліва калі забыцца на яго сутычкі з Машай з-за агратэхнікі — нормы высеву, угнаення. Аднойчы ў спрэчцы яны нагаварылі адзін аднаму непрыемнасцей. А потым неяк Маша спакойна сказала яму:

— Максім, калі хочаш сумленна кіраваць калгасам, пачытай літаратуру па агратэхніцы. Як сябру, раю табе. Нельга зараз кіраваць без гэтага, зразумеў, дзівак ты!

«Як сябру!» — гэта яго ўзлавала. — Знайшлася дарадчыца!.. Без цябе ведаю, але паспрабуй пачытаць, калі круцішся... Лёгка табе гаварыць!»

Але, супакоіўшыся, ён задумаўся над яе словамі. «А чаму лёгка ёй? Не, і ёй нялёгка. Аднак яна чытае, упраўляецца».

Дзён праз колькі пасля іх размовы пайшоў дождж. Доўгі і сумны асенні дождж. Ён ішоў тры дні, спыніў амаль усе работы, загнаў людзей у хаты. Застаўшыся дома, Максім пачаў чытаць. Прачытаў газеты за шмат дзён, узяў Вільямса, прагледзеў некалькі раздзелаў і ўпершыню адчуў цікавасць да гэтай сумнай, як яму здавалася раней, літаратуры.

Сынклета Лукічна глядзела на сына, здзіўлялася і радавалася, па хаце хадзіла на цыпачках, каб не перашкаджаць яму. На чацверты дзень дождж сціх, зрэдку толькі асобныя хмары, якія ўсё яшчэ плылі няспынна і засцілалі ўсё неба, сеялі мігуч.

Максім пахадзіў па двары, пабыў у канюшнях, кароўніках, у свірне і ўпершыню ўбачыў там нямала недахопаў, парушэнняў, нібы дождж вымыў іх на паверхню. Гэта сапсавала яму настрой. Масла ў агонь падліла загадчыца фермы Клаўдзя Хацкевіч сваімі бясконцымі патрабаваннямі адно зрабіць, другое перарабіць, трэцяе дастаць, прывезці. Раней ён проста адмахваўся ад яе, але цяпер раптам убачыў, што ўсе яе патрабаванні справядлівыя, і ад гэтага ўзлаваўся яшчэ больш.

«Фермы — самы адсталы ўчастак. Разрыў паміж двума цэхамі, — успомніў ён Вільямса. — Трэба будзе сапраўды папрасіць у Гайнай, каб прадала пародзістых кароў».

Вярнуўся дамоў, паспрабаваў чытаць — не чыталася.

На двары разгуляўся вецер, і было чуваць, як шумелі ля вокан два маладыя клёны, ранялі долу прыгожыя жоўтыя лісты, вецер гнаў іх па вуліцы.

«Хутка выраслі, — падумаў Максім пра клёны. — Маці пасадзіла іх замест старых, што згарэлі ў сорак трэцім. Тыя садзіў бацька яшчэ юнаком, разам з дзедам, з прадзедам маім... Ляціць час...»

Успомніліся словы Клаўдзі: «Ты-б папытаў у людзей, як бацька твой ферму любіў... Якія ў нас каровы былі да вайны...»

З клёна зляцеў ліст, прыліп да шыбы.

«Амаль зялёны яшчэ, відаць, дажджом збіла».

Максім павярнуўся да акна спіной, каб не глядзець на вуліцу, на клёны. Усёадно не чыталася. Адарваўся ад думак пра гаспадарку — апанавалі другія: аб Лідзе, аб іх узаемаадносінах. Колькі прайшло часу, а ён нічога не ведае пра яе пачуцці і нават не адважыцца больш спытаць. Учора, калі ён увечары па дажджы прышоў да Ладыніных, Ліда сустрэла яго так холадна, з такой насмешкай, што ён палічыў самым разумным як мага хутчэй развітацца. На душы застаўся непрыемны асадак.

У двары прайшоў паўз вокны Шаройка.

Максім устрапянуўся, нездаволена падумаў: «Чорт яго нясе... і хвіліны нельга пабыць аднаму».

Сустрэў Шаройку не зусім ветліва, хоць той зайшоў жвава, весела, як заходзяць да добрага сябра.

Максім ураз збіў з яго гэтую жвавасць кароткім запытаннем:

— Вярнуўся?

Шаройкі доўга, нешта больш месяца, не было дома, ездзіў да сына ў Горкі.

— Вярнуўся, Антонавіч.

— Калі работа ў калгасе скончылася, так?

— Антонавіч! Два мінімума маю, нават з гакам, з гакам... Які можа быць папрок?

— Мінімумы! Калі брыгадзірам быў...

— І пасля працаваў, колькі здароўе дазваляла.

— Здароўе! Здароўя ў цябе на траіх хопіць.

Шаройка ненатуральна кашлянуў, нібы хацеў паказаць, што здароўе яго сапраўды слабае.

Ён сядзеў на табурэце насупраць стала, круціў цыгарку, рассыпаючы тытунь на падлогу.

— Крыўдзіш ты мяне, Антонавіч, — і цяжка ўздыхнуў. — Крыўдзіш, брат, а за што — не разумею... Што я зрабіў табе? Душа ў душу жылі. Хлеб-соль дзялілі...

У Максіма гэтыя словы перавярнулі ўсё нутро, ажно, здалося, заклякатала ў грудзях. Ён пачырванеў, падняўся з-за стала, утаропіўся ў Шаройку. Той апусціў вочы, слюнячы цыгарку, зрабіў выгляд, што не заўважае яго ўзрушанасці.

Максім стрымаў сябе.

— Па што прышоў?

Шаройка чыркнуў запалку, прыкурыў.